Аб салідарнасці з народам Украіны

Зварот Беларускай нацыянальнай платформы ФГС УП
У гэтыя дні, напоўненыя і горам, і радасцю, калі Украіна перажывае пераломныя моманты сваёй найноўшай гісторыі, мы звяртаемся да ўсяго ўкраінскага народу са словамі салідарнасці і надзеі.

Разам з Украінай мы смуткуем па яе ахвярах, па героях, якія аддалі свае жыцці за агульначалавечыя каштоўнасці — свабоду, дэмакратыю, гуманізм і справядлівасць! Мы будзем памятаць пра іх.

Жыццё і здароўе людзей — гэта вельмі высокі кошт, які ўкраінскі народ заплаціў за сваю свабоду ад бязмежжа і бескантрольнасці улады. Гэтай крыві магло б не быць, але яна праліта не дарма. Няхай яна паслужыць урокам для тых, хто ўсё яшчэ лічыць, што такой цаной можна ўтрымацца ва ўладзе, што жыццё людзей можна аддаваць за прадметы раскошы і асабістыя амбіцыі.

Мы захапляемся гераізмам простых украінскіх грамадзян, іх пачуццём абавязку і адказнасці, самаарганізацыяй, самаадданасцю і воляй да перамогі. Без іх, звычайных мірных людзей, не адбылося б пераменаў.

Наперадзе Украіну чакаюць нялёгкія месяцы ўладкавання краіны, вяртання да нармальнага жыцця, фармавання новых адносін паміж дзяржавай і грамадзянінам. Мы верым у тое, што наш добры сусед — народ Украіны — зможа выбудаваць сваю новую дзяржаву як сябра вялікай агульнаеўрапейскай сям’і, заснаванай на ідэалах гуманізму, на прынцыпах дэмакратыі. Украінскі народ заслужыў права будаваць гэту дзяржаву сам, і тады карупцыі, злачыннасці, бяспраўю і прыгнёту людзей там не будзе месца.

Слава Украіне!

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (больш за 60 арганізацый).