Алесь Бяляцкі прадставіць Беларусь на форуме «Усходняга партнёрства»

20–21 траўня ў Рызе пройдзе Канферэнцыя грамадзянскай супольнасці, якая ладзіцца ў межах саміту «Усходняга партнёрства» Еўрапейскага Саюзу. У канферэнцыі возмуць удзел некалькі сотняў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і экспертаў з дзяржаў-сябраў ЕС і краін «Усходняга партнёрства». Выступяць палітыкі высокага ўзроўню і добра вядомыя спецыялісты з Латвіі і іншых дзяржаў-сябраў ЕС.

Як паведамляе Міністэрства замежных спраў Латвіі, канферэнцыю адкрые Лаймдота Страўюма, прэм’ер-міністр Латвійскай Рэспублікі. Сярод іншых дакладчыкаў — міністр замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарс Рынкевічс, еўрапейскі камісар у пытаннях палітыкі Еўрапейскага суседзтва і перамоваў аб пашырэнні Ёганэс Ган, міністр замежных спраў Грузіі Тамара Беручашвілі, еўрапарламентар Сандра Калніеце, былы віцэ-прэм’ер-міністр Украіны Алег Рыбачук, дырэктар па знешняй палітыцы Цэнтру еўрапейскіх рэформаў Ян Бонд, паведамляе Радыё Свабода.

Беларусь на Канферэнцыі грамадзянскай супольнасці сярод астатніх прадставіць старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які мае выступіць з дакладам. Праграму Канферэнцыі глядзіце па спасылцы.

Мэта канфэрэнцыі — умацаванне грамадзянскай супольнасці і далучэнне яе да планавання і рэалізацыі палітыкі «Усходняга партнёрства».

«Канферэнцыя грамадзянскай супольнасці, нароўні з самітам „Усходняга партнёрства“, забяспечвае магчымасьць палепшыць палітыку суседзтва ЕС, змяншаючы яе бюракратычны характар. Арганізуючы гэтую канферэнцыю, Латвія падкрэслівае вялікае значэнне грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закону і належнага кіравання ў краінах „Усходняга партнёрства“. Дасягненні Латвіі ў стварэнні грамадзянскай супольнасці заслугоўваюць увагі, і яны будуць карысныя шасці краінам „Усходняга партнёрства“ для абмену досведам», — сказаў Андыс Кударс, выканаўчы дырэктар Цэнтру ўсходнееўрапейскіх палітычных даследаванняў.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства