Адказ Сусветнага банку на прапанову КК БНП

11 траўня Каардынацыйны камітэт БНП выказаў занепакоенасць і прапанаваў часовую замарозку рэалізацыі праекта Сусветнага банку па мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі — P167992. Мы даслалі ліст на імя прэзідэнта банка, у якім звярнуліся з прапановамі.


Вельмі хутка прыйшоў адказ (поўны тэкст ніжэй):

У той час як BHEMP імкнецца зрабіць значны ўнёсак у мадэрнізацыю сектару вышэйшай адукацыі ў Беларусі, мы згодныя з тым, што ў бліжэйшыя гады ёсць дадатковыя напрамкі,
якія таксама патрабуюць увагі. Такім чынам, мы разлічваем на далейшае ўзаемадзеянне і канструктыўны дыялог з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, якія забяспечваюць высокія вынікі развіцця для ўсіх беларусаў.


Адказ Сусветнага банку пракаментаваў Старшыня КК БНП Адрэй Ягораў:

У лісце Сусветнага банку, на жаль, не змешчана адказаў па сутнасці пастаўленых пытанняў і паднятых намі праблемаў. Асабліва засмучае, што спасылаючыся на неабходнасць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю, Сусветны банк на практыцы праводзіць кансультацыі толькі з беларускімі ўніверсітэтамі, якія з’яўляюцца часткаю дзяржаўнай сістэмы адукацыі. Нам бы хацелася бачыць сапраўднае ўключэнне ў працэс такіх арганізацыяў як Грамадскі Балонскі камітэт, РАДА, прадстаўнікоў незалежных студэнцкіх арганізацыяў. Мы, усё ж, разлічваем на паўнавартасны дыялог як з Сусветным банкам, гэтак і з Міністэрствам адукацыі ў ходзе рэалізацыі гэтага праекта.


Адказ таксама пракаментаравала сяброўка ad-hoc камісіі БНП па Балонскім працэсе, каардынатарка 4-й Працоўнай групы БНП Саша Кузьміч:

Для мяне было дзіўна і расчаравальна атрымаць ад Сусветнага банку такі адказ, дзе на канструктыўную і дакладную крытыку была падрыхтаваная адпіска, нават не вельмі высокай якасці. Ва ўмовах, калі Міністэрства адукацыі ўстрымліваецца ад адказнасці падтрымаць дыстанцыйную адукацыю, а ВНУ то высяляюць студэнтаў і студэнтак з інтэрнатаў, то адлічаюць актывістаў і актывістак, гэта проста злачынная халатнасць не праяўляць ніякай увагі да паводзінаў такіх партнёраў і спадзявацца, што праект, заключаны фактычна на правілах джэнтэльменскага пагаднення, спрацуе.


20 траўня на афіцыйным сайце Сусветнага банку выйшаў прэс-рэліз «Праект Сусветнага банка падтрымае мадэрнізацыю сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі«.