Беларуская нацыянальная платформа паставіла кропку ў выбарчай кампаніі 2015 года

Удзельнікі канферэнцыі “Развіццё Нацыянальнай платформы: новыя выклікі, новыя стратэгіі”, якая прайшла 28-29 лістапада ў Мінску, падвялі вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2015 году рэзалюцыяй “Аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў”.

Прадстаўнікі Беларускай нацыянальнай платформы ў сваёй выніковай ацэнцы грунтаваліся на справаздачах беларускіх праваабарончых арганізацый у межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і Беларускай асацыяцыі журналістаў у межах маніторынгу “Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2015 года ў беларускіх СМІ”.

Сябры БНП канстатавалі, што выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2015 года не могуць быць прызнанымі свабоднымі, адкрытымі і роўнымі, а таксама што вынікі выбараў не могуць быць прызнаныя адлюстраваннем волевыяўлення выбаршчыкаў.

Сябры Нацплатформы таксама былі вымушаныя канстатаваць: “Апазіцыйныя палітычныя сілы яшчэ на этапе падрыхтоўкі да выбараў не выкарыстоўвалі існуючыя палітычныя магчымасці для пабудовы канструктыўнага дыялогу як паміж сабой, так і з грамадзянскай супольнасцю краіны для выпрацоўкі кансалідаванай стратэгіі дзеянняў падчас выбарчай кампаніі”.

У заяве адзначаецца, што за агульны вынік — непразрыстыя і недэмакратычныя выбары — адказныя найперш беларускія ўлады, але, у пэўнай ступені, адказнасць за яго нясуць і ўсе ключавыя персоны беларускай палітычнай апазіцыі.

Удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы заклікалі ўсе зацікаўленыя бакі да дыялогу адносна актуальнага стану палітычнай сітуацыі ў краіне, а таксама да агульных дзеянняў, накіраваных на яе змену. Без арганізацыі такога дыялогу яны не бачаць магчымасцяў для асэнсаваных і не імітацыйных дзеянняў у палітычнай плоскасці.

Спампаваць тэкст Пазіцыі БНП цалкам

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства