Білінгвізм – пагроза для беларускай мовы ці раздзьмутая праблема?

Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыюм «ЕўраБеларусь» зладзілі ў Мінску публічную дыскусію «Білінгвізм як культурная стратэгія. Шлях да росквіту ці заняпаду?»

Відавочна, што моўнае пытанне — адно з найбольш вострых і праблемных для беларусаў. Дадатковай вастрыні яно набыло падчас украінскіх падзей, дзе нібыта абарона рускай мовы стала адным з аргументаў агрэсіі Расіі.

Падставай да дыскусіі сталі тэзісы філосафа і літаратара Ігара Бабкова, якія пазіцыянуюць стратэгію білінгвізму для развіцця беларускай культуры: падмуркі, кантэкст і прыярытэты.Прадстаўнікам розных пазіцый былі прапанаваныя наступныя пытанні:

— Ці здольная білінгвістычная культурная стратэгія вырашыць моўныя супярэчнасці і канфлікты ў «новай сітуацыі»?

— Ці варта змяняць нацыянальны кантэкст у моўным пытанні на больш шырокі?

— Ці ёсць патэнцыял да разгортвання блінгвістычнай стратэгіі: прыхільнікі і апаненты?

— Якія пытанні і выклікі паўстаюць перад інтэлектуальнай супольнасцю пры змене стратэгіі з «беларускае па форме» на «беларускае па змесце»?

Пра тое, што ўдзельнікі дыскусіі знайшлі нейкі адзіны кансалідаваны адказ на прапанаваныя пытанні, пакуль што казаць не выпадае. Што праўда, дыскусія сталася сапраўды гарачай ды вострай.

Паводле Ігара Бабкова, «мы не дзелімся на беларускамоўных і рускамоўных, мы – білінгвы з розным функцыянальным падзелам моваў».

— І гэта – абсалютная большасць беларусаў, абсалютная меншасць – моналінгвы. Гэта ўсё вядома і нават банальна. Але што мне падаецца важным у працяг гэтай тэзы – тое, што беларускі білінгвізм і бікультурнасць маюць момант свайго нараджэння. Ён паўстае ў 60-70-я гады ХХ стагоддзя ў сітуацыі познесавецкай цывілізацыі ў выніку раптоўнай урбанізацыі грамадства. Тады ў гарадах і пачынае фармавацца вельмі спецыфічны тып мульцікультурнасці, які мы можам назваць каланіяльным. Беларускаму складніку ў гэтым тыпе адводзілася роля такога этнаграфічна-лакальнага каларыта, скажам так, адказнага за мясцовую экзотыку, а руская выконвала ролю ўніверсальнай мовы і культуры. У 80-х «Тутэйшыя» зрабілі спробу вываду беларускай культуры з этнаграфічнага гета і антыганізацыі дзвюх частак – беларускай і расійскай. 90-я – ужо можна назваць вайной культураў. Мне здаецца, рэшткі гэтай вайны культураў захоўваюцца і зараз у нацыянальнай свядомасці. Нават у асобна ўзятай свядомасці.

На думку філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча«моўнае пытанне – стратэгічна небяспечнае».

— Гэта цяжка патлумачыць людзям, якія разглядаюць моўнае пытанне ў больш побытавым плане ці ў плане асабістага камфорту, стасункаў і г.д. Калі паглядзець на гэта шырэй, зазірнуць гістарычна ці паліталагічна, то мы маглі б даўно ўбачыць гэтую небяспеку, якая сёння проста відавочная – мы бачым яе ў выпадку з Украінай і яе паўднёва-ўсходнімі рэгіёнамі. Калі расіяне пачалі ў 90-я гады велізарную праграму па стварэнні так званага Русского мира, найбольш рэфлексіўныя з іх адразу мелі на ўвазе вось гэтую міну затрыманага дзеяння, якая павінна будзе выбухнуць калі-небудзь. У Латвіі, напрыклад, гэта нават не міна, а амаль штодзённыя невялікія сутычкі мясцовага значэння. Для беларусаў паўстае дзве праблемы. Першая: далучэнне альбо дыстанцыя ад Рускага свету? Калі мы беларусы, то незалежна ад таго, на якой мове мы гаворым, павінны неяк – як кажуць у маркетынгу – «адстроіцца» ад праекту «Рускі свет». Нават калі мы захоўваем як родную, як першасную рускую мову. Бо магчымы і нават прадуктыўны рускамоўны беларускі нацыяналіст. Нацый-білінгваў дастаткова хапае ў свеце, каб мы, як кажуць, «не парыліся» на гэты конт. Другая праблема: неабароненасць нашай ментальнасці ў інфармацыйнай прасторы. Родная мова з’яўляецца абаронай ад іншаземнага, часта варожага, інтэлектуальнага і ментальнага ўплыву. Мы на сёння такой абароны не маем.

Мы не павінны супрацьпастаўляць беларускую мову рускай у сённяшняй сітуацыі, зазначае Мацкевіч.

— Руская ў нас з’яўляецца таксама дзяржаўнай, але мы павінны зрабіць яе нашай рускай мовай. І Расія больш не ёсць суверэнам над нашай рускай мовай. У гэтым накірунку, як мне здаецца, і трэба абмяркоўваць існыя праблемы.

За час, што прайшоў ад даўняга эсэ «Вайна культур» філосафа Валянціна Акудовіча «руская мова так і не змагла перамагчы беларускую, прынамсі так, каб разбіць беларускую ушчэнт». «Разам з тым, беларуская мова не змагла так супрацьстаяць рускай, каб яна адступіла на сваю гістарычную радзіму», — кажа філосаф.

— Мы зараз знаходзімся ў сітуацыі прызвычайвання рускамоўных да беларускамоўных. Усё роўна яшчэ застаецца гэтая насцярожанасць, няўтульнасць, калі хтосьці гаворыць па-беларуску сярод рускіх і наадварот. Але, разам з тым, я ўпэўнены, што мы прызвычаімся і вось гэтая варожасць ці перасцярога праз год 5-10 знікне. Усё будзе па Дземянцею: «Хто як хаціт, тот так і гаварыт». Калі мы ўжо пачалі прывыкаць лаяльна ставіцца да людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй, няўжо цяжэй прывыкнуць да чалавека з рускай мовай. Хаця ў сённяшняй сітуацыі з Украінай гэта, згодзен, зрабіць стала больш цяжка. Вельмі істотна, каб мы забыліся ці перасталі актуалізаваць ідэю, што беларусы як нацыя можа паўстаць толькі на беларускай мове. Можа быць інакш – і інакш будзе. Гэтая ідэя сёння не плённая. Ужо больш за 20 год беларуская нацыя фармуецца не на базе мовы. Мы фармуемся як нацыя дзякуючы дзяржаве і ўсім яе інстытутам. Мы купляем нашыя квіткі ў наш транспарт, мы спажываем нашыя тавары, мы сядзім у нашых турмах, а не ў Сібіры і г.д. І гэта настолькі больш магутны фактар, чым мова, што яе роля тут зусім губляецца. Так што ў нас не будзе паўстання нацыі па этна-лінгвістычнай мадэлі. Разам з тым, мова не проста наша нацыянальная каштоўнасць. Нічога больш дарагога і істотнага на гэтай зямлі не было створана. Бо ўсё, што было створана дарагога і каштоўнага, было створана тут на мове. Ад Бібліі Скарыны і Статута ВКЛ — да Беларусі, межы сёння якой дакладна супадаюць з геаграфічным арэалам бытавання беларускай мовы. Малаверагодна, што беларуская мова стане дамінаваць у краіне. Але ў яе ёсць магутны патэнцыял выжывання. Ну глядзіце: здаецца, усё вынішчылі, ужо па адных закутках сядзяць, як мышы, па-беларуску шэпчуцца там нешта. Не, зноў вылазяць! І таму яна будзе і як мова камунікацыі. Сёння руская мова – функцыя, беларуская – больш каштоўнасць. І гэты каштоўнасны складнік ён і трымае найперш яе ў гэтай сітуацыі.

Паводле культуролага Юліі Чарняўскай, «беларуская мова – для мяне гэта бясспрэчна – нікуды не падзенецца».

— Больш таго, яна будзе квітнець. Чаму я раблю такую выснову? Бо я бачу працэс. Я працую ва ўніверсітэце са студэнтамі – і я бачу, што няма, зусім няма таго стаўлення, што было калісьці: сялянская мова і г.д. Нейкі такі вось флёр – ён знік, і я гэта добра бачу. Беларуская мова стала прэстыжнай, беларуская мова стала моднай – хай нават ёй і не размаўляюць. Гэта такі парадокс: як каштоўнасць ёсць, размаўляць неабавязкова, але мы ўсе яе любім і шануем.

Натуральна, аўдыторыя чакае працягу і развіцця дыскусіі.

Пётр Кухта, «ЕўраБеларусь»

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства