Задачы і Каштоўнасці

Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (БНП) – вядучая пляцоўка кааперацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ў галіне
ўзаемадзеяння з Еўрапейскім Саюзам і краінамі Усходняга партнёрства. Заснавана ў ліпені 2010 года.

Дзейнасць БНП накіравана на каардынацыю намаганняў розных грамадскіх арганізацый і ініцыятыў для пашырэння інстытуцыйных магчымасцяў арганізацый грамадзянскай супольнасці ўплываць на працэсы дэмакратызацыі краіны, беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, парадак дня рэформ у Беларусі па набліжэнні да еўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства.

Мы будуем Нацыянальную платформу Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства для развіцця супрацоўніцтва, узаемнай падтрымкі, салідарнасці і абмену інфармацыяй паміж
арганізацыямі грамадзянскай супольнасці.

Каштоўнасці БНП

У сваей дзейнасці ў межах Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства мы трымаемся каштоўнасцей свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека, вяршэнства права і выказваем намер спрыяць далучэнню Беларусі да агульнаеўрапейскіх палітычных, эканамічных і культурных працэсаў. Мы падцверджваем, што Нацыянальная платформа, як і любая дзейнасць у яе межах, грунтуецца на прынцыпах самаарганізацыі “знізу”, інклюзіўнасці (ўключанасці), празрыстасці, публічнасці і субсідыярнасці.

Мы разглядаем ініцыятыву Еўрапейскага Саюза “Усходняе партнёрства” як моцны стымул для развіцця супрацоўніцтва Беларусі з ЕС і краінамі рэгіёна, а таксама для еўрапеізацыі нашай краіны і
ўмацавання беларускай грамадзянскай супольнасці. Мы перакананыя, што ў межах гэтай ініцыятывы беларуская грамадзянская супольнасць і яе Нацыянальная платформа ёсць
неад’емнай часткай і неабходным элементам развіцця Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга парнёрства.

Мы бачым неабходнасць далейшага паглыблення і ўмацавання сувязяў Нацыянальнай платформы і самога Форума грамадзянскай супольнасці з працэсамі шматбаковага супрацоўніцтва ў межах
тэматычных платформаў Усходняга парнёрства, а таксама развіцця супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі платформамі краін-удзельніц ініцыятывы.

Мэты і задачы БНП

Нашай мэтай з’яўляецца ўмацаванне інстытуцыйных магчымасцяў арганізацый грамадзянскай супольнасці ўплываць на працэсы дэмакратызацыі краіны, беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, парадак дня рэформ у Беларусі па набліжэнні да еўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ставіць сваёй задачай інфармаванне грамадзян Беларусі, у тым ліку прадстаўнікоў грамадзянскай
супольнасці, палітычных партый і рухаў, дзяржаўных службоўцаў і прадпрымальнікаў і інш., пра праграму ЕС “Усходняе партнёрства”, а таксама пра праекты і праграмы ў межах супрацоўніцтва з
Еўрапейскім Саюзам. Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ствараецца таксама для грамадскага маніторынга і экспертызы азначаных праектаў і праграм.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства