Грамадзянская супольнасць рыхтуецца да Саміту УП

На пасяджэнні Рабочай групы Асамблеі НДА грамадскія дзеячы абмеркавалі магчымыя супольныя дзеянні беларускіх НДА напярэдадні Саміту Усходняга партнёрства ў Рызе.

Старшыня Рабочай групы Сяргей Мацкевіч адзначыў, што беларускай грамадзянскай супольнасці трэба з максімальнымі вынікамі выкарыстаць Саміт, які адбудзецца ў траўні, і дадаў, што бачыць Асамблею ініцыятаркай гуртавання іншых сілаў “трэцяга сэктара”.

Таксама прысутныя абмеркавалі праект заявы (будзе апублікаваны ў хуткім часе), прысвечанай супольнаму бачанню ўдасканалення Усходняга партнёрства на карысць беларускай грамадзянскай супольнасці.

У каментары прэс-службе Асамблеі НДА, Вінцук Вячорка распавёў пра новы прыярытэтны кірунак дзейнасці беларускага незалежнага грамадства, пра які гаворыцца ў праекце заявы:

— У тыя гады, калі Усходняе партнёрства ўкладалася і фармулявалася, не былі відавочныя небяспекі, з якімі зараз сутыкнуліся краіны-партнёры ЕС, а менавіта з інфармацыйнай вайной Расійскай Федэрацыі.

Па меркаванні Вячоркі, для зберажэння еўрапейскага каштоўнаснага поля варта стварыць салідарную інфармацыйную прастору, якая абыймала б Еўрапейскі Саюз і краіны Усходняга партнёрства. Гэты кірунак дзейнасці мусіць стаць адным з самастойных, прыярытэтных у бліжэйшай будучыні.

Паводле Вячоркі, у інструменты стварэння гэтай прасторы ўваходзілі б супольныя тэлевізійныя і радыёпраекты, абмены аналітычнымі матэрыяламі, навіннымі стужкамі. Вельмі важна, каб існавалі гарызантальныя сувязі паміж незалежнымі медыямі шасці дзяржаваў, падлеглых дапамозе Усходняга партнёрства. У тым ліку трэба перагледзець місію “Еўраньюз”, як еўразвязаўскага канала, і ролю ў ім расійскай рэдакцыі.

У выпадку прыняцця палітычнага рашэння журналісцкія і аналітычныя супольнасці нашай краіны вельмі хутка напоўнілі б гэтую ідэю канкрэтным зместам, перакананы спадар Вячорка.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства