Ініцыятыва «Усходняе партнёрства» знаходзіцца ў крызісе — Улад Вялічка

На сёння ініцыятыва ЕС «Усходняе партнёрства» знаходзіцца ў яўным крызісе. Пра гэта заявіў старшыня каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Улад Вялічка, выступаючы 21 чэрвеня ў Мінску на канферэнцыі платформы.

Паводле яго слоў, пазітыўны імпульс трансфармацый краін Усходняга партнёрства ў адпаведнасці з еўрапейскай мадэллю, што быў нададзены праграмай ЕС, сутыкнуўся з некалькімі супярэчнасцямі. У прыватнасці, зазначыў ён, ваенная агрэсія Расіі павысіла каштоўнасць супрацоўніцтва з ЕС, але адначасова справакавала працяглы палітычны крызіс ва Украіне, а таксама змену геапалітычнага курсу Арменіі.

«Усходняе партнёрства на сёння не мае адпаведных інструментаў супрацьдзеяння расійскай палітыцы ў рэгіёне», — падкрэсліў Вялічка.

На яго думку, арыентацыя Усходняга партнёрства ў асноўным на супрацоўніцтва з дзяржавамі і адаптацыю апошнімі норм еўрапейскага заканадаўства пры ігнараванні ўнутранага палітычнага кантэксту краін-партнёраў паказала сваю абмежаванасць.

«Не зацікаўленыя ў трансфармацыях дзяржаўныя эліты лёгка сімулююць працэс рэформ без ініцыявання сутнасных зменаў. Уся падрыхтоўчая праца па рэформах, як паказвае вопыт Украіны і Арменіі, хутка можа быць павернута ў адваротным напрамку», — мяркуе грамадскі дзеяч.

Пры дэклараванні выключнай важнасці ўцягвання ў трансфармацыйныя працэсы грамадзянскай супольнасці, зазначыў Вялічка, ЕС хутчэй бюракратызуе і фармалізуе ўдзел грамадзянскай супольнасці ва Усходнім партнёрстве.

«Акцэнтуючы ўвагу на дзяржаўных інстытуцыях, ЕС стварае пэўныя перашкоды для больш шырокага ўваходжання грамадства ў палітычны працэс. Парадаксальнасць гэтага падыходу заключаецца ў тым, што гэтым ЕС адштурхоўвае найбольш еўрапеізаваную частку грамадства краін-партнёраў», — сказаў ён.

Таксама Вялічка зазначыў, што шматбаковае вымярэнне палітыкі Усходняга партнёрства стаіць перад выклікам маргіналізацыі краін-аўтсайдараў у працэсах збліжэння з ЕС (Арменія, Азербайджан, Беларусь), што падрывае цэласнасць гэтай рэгіянальнай ініцыятывы.

«Усходняе партнёрства» — ініцыятыва ЕС, скіраваная на ўмацаванне ўзаемаадносінаў паміж Еўрапейскім саюзам і Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Ініцыятыва была абвешчана на пражскім саміце ў маі 2009 года.

На пражскім саміце была падтрымана ідэя аб стварэнні форуму, які б садзейнічаў кантактам паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ВП і дыялогу з органамі дзяржаўнай улады. Мандат ФГА — уплываць на інстытуты ЕС і нацыянальныя ўрады, даючы ім рэкамендацыі падчас прыняцця імі рашэнняў.

У нядаўнім інтэрв`ю БелаПАН міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што беларускі бок ініцыятыву Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» разглядае як «вельмі важны інструмент для нармалізацыі адносінаў з Еўрасаюзам». «Пакуль гэта ініцыятыва адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам, мы будзем браць удзел у гэтым праекце, нягледзячы на тое падабаецца гэта камусьці ці не», — падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Разам з тым, мяркуе ён, пасля пяці гадоў існавання Усходняга партнёрства наспела неабходнасць удасканалення падыходу да далейшай рэалізацыі праграмы.

«Я прысутнічаў на шэрагу дыскусій і самітаў Усходняга партнёрства і хачу сказаць: часта мы абмяжоўваемся абмеркаваннем нейкіх тэхнічных, арганізацыйных момантаў, не задумваючыся аб тым, што са стратэгічнага пункту гледжання павінна несці гэтая ініцыятыва і для краін — удзельніц Усходняга партнёрства, і для Еўрасаюза», — сказаў Макей.

Галоўнае, мяркуе ён, «захаваць тэрытарыяльную незалежнасць і суверэнітэт краін — удзельніц гэтай ініцыятывы, набліжанасць гэтых дзяржаў да Еўропы, Еўрапейскага саюза». «Важна таксама падтрыманне эканамічнай і палітычнай устойлівасці і стабільнасці ў рэгіёне», — дадаў міністр.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства