Кваліфікаваная працоўная сіла — аснова развіцця рынкавай эканомікі

Пытанні недахопу кваліфікаванай працоўнай сілы ў Беларусі, зніжэння занятасці ў эканоміцы, дэмаграфічныя праблемы, а таксама неабходнасці камунікацыі і супрацы ў шчыльным узаемадзеянні бізнэса, трэцяга сектара і ўлады абмяркоўвалі ў Мінску.

Праблема кваліфікаваных працоўных рэсурсаў наспявала ў Беларусі ўжо некакалькі год. Зараз найбольш востра яна стала заўважна, бо пра гэта пачалі казаць ужо і ў найвышэйшых эшалонах улады, а таксама спецыялісты дзяржаўнага сектара, міністэрстваў і ведамстваў, бізнэс. Гэтыя праблемы выходзяць на першае месца не толькі ў Беларусі. У прыватнасці, з недахопам кваліфікаванай працоўнай сілай сутыкаюцца ў Казахстане, а таксама ў шэрагу еўрапейскіх краінах.

25 верасня адбыўся Круглы стол на тэму “Праблема працоўных рэсурсаў для бізнэса Беларусі і шляхі яе вырашэння”, які быў арганізаваны Мінскім сталічным саюзам прадпрымальнікаў і працадаўцаў пры падтрымцы Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў, прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў, прадстаўнікі НДА, эксперты і журналісты.

Распачаў дыскусію старшыня “Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў” Уладзімір Карагін, які адзначыў, што працоўныя рэсурсы і прафесійная кампетэнцыя працаўнікоў — асноўны рэсурс развіцця рыначнай эканомікі.

Паводле яго словаў, дзеля вырашэння праблемы з працоўнымі рэсурсамі ў Беларусі неабходна цалкам мяняць дзяржаўную палітыку занятасці, уводзіць лізінгавую сістэму найму працаўнікоў, вызначыць паняцце фрылансу і надомнай працы.

— Нам варта абапірацца на досвед замежных краін, дзе фрыланс, аўтстафінг, аўтсорсінг шырока распаўсюджаны. Таксама мы можам прыцягваць кваліфікаваную працоўную сілу з краін блізкага і далёкага замежжа, дзе назіраюцца праблемы беспрацоўя сярод маладых і перспектыўных спецыялістаў, — адзначыў Уладзімір Карагін.

Прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнай  абароны Галіна Грынчук паведаміла ўдзельнікам пра стан і выкарыстанне працоўных рэсурсаў у Беларусі. Актуальнымі ёсць праблемы зніжэння колькасці насельніцтва, адпаведна і зніжэння працоўных рэсурсаў, занятых у эканоміцы. Гэтаксама побач з недахопам працоўных рэсурсаў, на некаторых прадпрыемствах назіраецца лішак персаналу.

Спадарыня Грынчук акрэсіла асноўныя накірункі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, якія палягаюць у падвышэнні эфектыўнасці выкарыстання працоўнага патэнцыялу, гнуткасці рынку за кошт павелічэння кваліфікацыі працаўнікоў, стварэнне матывацыі да падвышэння кваліфікацыі.

Таксама ўдзельнікі і выступоўцы спыніліся на тэмах дысцыпліны працаўнікоў і працадаўцаў, узроўні беспрацоўя, малай долі малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі, наяўнасці вялікай колькасці эканамістаў ды юрыстаў пры вострым дэфіцыце іншых спецыяльнасцяў.

Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізеса, акцэнтаваў увагу на праблемах адукацыі. Так, існуе ўмяшальніцтва дзяржавы і строгая рэгламентацыя дзейнасці вну, дэградацыя навуковых адукацыйных кадраў, прызнанне беларускіх дыпломаў толькі ўнутры краіны. На яго думку, адукацыйныя цэнтры павінны рабіць тыя кампаніі, якія ведаюць як працаваць.

Таксама актуальнай тэмай з’яўляецца праблема працоўных рэсурсаў сярод моладзі, падрыхтоўкі моладзі да працы і праблема старэйшых узростаў. Варта таксама падумаць пра працэс неперарыўнай адукацыі, перакваліфікацыі і падвышэння кваліфікацыі. Дзеля гэтага варта забяспечыць фактычнае выкананне палажэнняў і патрабаванняў Дырэктывы №4 па ліцэнзаванні і акрэдытацыі тых суб’ектаў падтрымкі прадпрымальнцітва, якія могуць навучаць асновам прадпрымальніцкай дзейнасці, дапамагаць насельніцтву ў самазанятасці.

У часе дыскусіі па неабходных зменах у заканадаўчую базу, шляхах вырашэння праблемаў дзеля развіцця рынкавай эканомікі ўдзельнікі пагадзіліся, што патрэбны комплексныя праграмы дзеянняў пры шчыльным узаемадзеянні ўсіх зацікаўленых суб’ектаў.

— На сённяшні момант намацваюцца механізмы вырашэння пытання, але яны патрабуюць сістэмных і комплексных зменаў, палітычнай волі, рэформаў у галіне адукацыі, а таксама прававых умоваў дзейнасці недзяржаўнага сектара. Таксама важна трансфармацыя менталітэту як працаўнікоў, так і працадаўцаў, — пракаментавала вынікі Круглага стала Галіна Ільяшчук, віцэ-старшыня Мінскага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў і дырэктар Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва “Цэнтр-XXI-стагоддзе”.

Паводле яе словаў, варта актыўна далучацца да супрацы з праграмамі Усходняга партнёрства і Еўрапейскага дыялогу для мадэрнізацыі.

— Мы ўскладаем сур’ёзныя спадзевы на праграмы Еўрапейскага саюза. Калі казаць пра Усходняе партнёрства, важна пачынаць абмеркаванне гэтай праблемы з актыўным удзелам экспертаў ЕС. І тут варта ўздымаць пытанні аб лізінгу працоўнай сілы, прыцягнення знешняй працоўнай сілы з тых еўрапейскіх рэгіёнах, дзе ўзровень беспрацоўя вялікі. Натуральна, неабходна распрацоўваць адапцыйныя моўныя праграмы, магчыма праграмы дафінансавання ў рамках Усходняга партнёрства, — мяркуе Галіна Ільяшчук.

На яе думку, дасягнуць поспех па вырашэнні можна праз адзінства ўзаемадзеяння паміж бізнэсам і трэцім сектарам. Такія тэндэнцыі назіраюцца па ўсім свеце.

— Бізнэс-асацыяцыі, якія я прадстаўляю, надаюць вялікую ўвагу такому ўзаемадзеянню з НДА. Прыкладам можа быць уступленне нашых канфедэрацый у Нацыянальную платформу, што дапамагло пазіцыянаваць меркаванні як бізнэсу, так і трэцяга сектару. Далёка не заўсёды бізнэс уяўляе, што такое грамадзянская супольнасць, і наадварот НДА часам успрымаюць бізнэс як “несумленных камерсантаў”. У Беларусі НДА і бізнэс імкнуцца думаць і дзейнічаць перспектыўна. Варта памятаць, што наш бізнэс толькі развіваецца і фарміруецца, як і грамадзянская супольнасць. Але разам мы можам змагацца з выклікамі: і бізнэс, і НДА, і прадстаўнікі ўладаў.

Спампаваць

Мерапрыемства праводзілася пад эгідай V Рабочай групы Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства ў межах праекта Еўрапейскай камісіі “Узмацненне патэнцыялу Нацыянальных Платформаў Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства” пры падтрымцы Асамблеі НДА. Праект накіраваны на пабудову агульнай пляцоўкі для дыялогу арганізацый грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікоў улады і еўрапейскіх інстытутаў дзеля распрацоўкі праграм вырашэння актуальных праблем і ўплыву на працэс прыняцця рашэнняў на вышэйшым узроўні.