БНП вылучае на прэмію імя Паўла Шарамета заснавальніка і дырэктара Беларускага прыватнага агенцтва навінаў БелаПАН Алеся Ліпая. Пасмяротна.

Мы ўпэўненыя, што Алесь Ліпай, ягоная праца і жыццё — яскравае сведчанне журналістскай і чалавечай мужнасці, а яго дасягненні напоўніцу адпавядаюць таму, каб быць адзначанымі Усходнім партнёрствам.

Тры гады запар прэмія імя Паўла Шарамета прысуджаецца журналістам, якія асвятляюць тэму несправядлівасці і парушэнняў у галіне правоў чалавека. Яна была заснаваная ў 2016 годзе з мэтай прызнання мужнасці ў журналістыцы і выдатных дасягненняў у справе забеспячэння свабоды СМІ ў рэгіёне Усходняга партнёрства.І

Алесь Ліпай быў заснавальнікам і дырэктарам Беларускага прыватнага агенцтва навінаў БелаПАН, якое было створана ў 1991 годзе і стала адным з першых СМІ незалежнай Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам БелаПАН стаў вядучым пастаўшчыком палітычнай, эканамічнай, дзелавой, фінансавай і іншай інфармацыі з Беларусі. БелаПАН стварыў рэпутацыю незалежнай, надзейнай і імгненнай крыніцы навін і аналізу. Яго журналістыка атрымала некалькі міжнародных і нацыянальных узнагарод. Падпісчыкамі з’яўляюцца буйныя інфармацыйныя СМІ, міжнародныя арганізацыі, дыпламатычныя ўстановы і кампаніі як у Беларусі, так і за яе межамі.

Фота Bdg.by

У 1996-1998 гадах Алесь быў віцэ-прэзідэнтам Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Алесь Ліпай быў заснавальнікам Naviny.by, першай у Беларусі «інтэрнэт-газеты» ў 2002 годзе, якая з тых часоў стала адной з самых папулярных крыніц інтэрнэт-навін у краіне. Незалежны маніторынг СМІ прызнае, што БелаПАН лідзіруе ў плане захавання стандартаў прафесійнай і адказнай журналістыкі.

Алесь Ліпай памёр 23 жніўня 2018 года, бо ягоны стан здароўя, відавочна, пагоршыўся ў выніку стрэсу, з якім ён сутыкнуўся ў рамках дзвюх крымінальных спраў супраць яго асабіста і журналістаў Агенцтва навін БелаПАН у 2018 годзе.

Фота БелГазета

Шмат актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў у Беларусі памятаюць Алеся Ліпая як прыклад адданасці ідэям свабоды прэсы, правоў чалавека і незалежнасці Беларусі.

Прэмія імя Паўла Шарамета ад Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства носіць імя вядомага беларускага журналіста і крытыка аўтарытарных рэжымаў Паўла Шарамета, які быў забіты ў выніку выбуху аўтамабільнай бомбы ў 2016 годзе, за яго выключны ўнёсак у прасоўванне правоў чалавека і свабоды слова. Сёлета маці Паўла Шарамета абвесціць пераможцу ўзнагароды.