Магерыні: ЕС не павінен гаварыць з Беларуссю толькі на мове санкцый

Еўрасаюз не павінен гаварыць з афіцыйным Мінскам выключна на мове санкцый, заявіла ў сераду кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні, выступаючы на пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу, паведамляе РІА «Новості».

«Я згодная, што падыход да Беларусі павінен быць рэалістычным, а не толькі абмежаваным нашай палітыкай у галіне санкцый», — сказала яна.

Са словаў Магерыні, адказ Еўрасаюза на нядаўняе вызваленне ўладамі Беларусі палітвязняў «павінен быць адэкватным». «Мы згодныя, што зараз ёсць акно магчымасцяў, якія не варта выпусціць. Пытанне ў тым, як зрабіць гэта найбольш разумным, пазітыўным і прадуктыўным чынам. Я мяркую, што, які б ні быў адказ ЕС, ён будзе суправаджацца крокамі па актывізацыі супрацоўніцтва», — дадала яна.

«Мы хочам рухацца ў кірунку паляпшэння адносінаў з Беларуссю», — сказала кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі. Па словах Магерыні, ЕС патрэбна доўгатэрміновая палітыка ў дачыненні да Беларусі.

Разам з тым яна паказала, што перазагрузка адносін Беларусі і Еўрасаюза і прыпыненне санкцый у дачыненні да Мінска залежаць ад ацэнкі прызначаных на 11 кастрычніка ў краіне прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле матэрыялу «Нашай нівы»