БНП і ФГС УП назіраюць за выбарамі прэзідэнта Беларусі

3-га жніўня 2020 году пачала працу місія Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства па назіранні за выкананнем уладамі Рэспублікі Беларусь палітычных правоў і правоў чалавека, стану грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў.
 
Маніторынгавая місія створаная на падставе прапановаў Беларускай нацыянальнай платформы ФГС УП, падтрымкі Кіруючага камітэту ФГС УП з удзелам экспертаў, якія прадстаўляюць сябраў ФГС УП.
 
Шматкраінавая місія будзе збіраць інфармацыю аб адкрытасці выбарчага працэсу, палітычных свабодах, стане грамадзянскай супольнасці і СМІ, парушэннях правоў чалавека. Таксама будуць распрацаваныя рэкамендацыі для беларускіх і міжнародных стэйкхолдэраў па далейшым узаемадзеянні з беларускімі ўладамі і падтрымцы грамадзянскай супольнасці ў паслявыбарны перыяд.
 
У сувязі з наяўнымі абмежаваннямі на паездкі, місія будзе мець камбінаваны онлайн і офлайн падыход. У склад місіі ўваходзяць тры эксперты з краінаў Еўрапейскага Саюзу і Усходняга партнёрства (у тым ліку адзін кіраўнік місіі) і тры мясцовыя эксперты, якія прадстаўляюць сяброўскія арганізацыі Беларускай нацыянальнай платформы.
 
Асноўнымі метадамі збору інфармацыі з’яўляюцца кабінетныя даследаванні і паўструктураваныя інтэрв’ю з прадстаўнікамі СМІ, грамадзянскай супольнасці, палітычных ініцыятываў, буйных міжнародных установаў у Менску (у тым ліку Дэлегацыі ЕС) і амбасадаў краінаў ЕС і Усходняга партнёрства.