На Рыжскі саміт ад Беларусі паедзе Андрэй Кабякоў?

У Брусэлі называюць імя прэм’ер-міністра Беларусі, у Рызе кажуць, што афіцыйнай заяўкі на саміт яшчэ няма.

На Рыжскім саміце «Усходняга партнёрства» Беларусь будзе прадстаўляць не Аляксандр Лукашэнка, а прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. Пра гэта журналістам паведаміў еўракамісар Ёханэс Хан, перадае censor.net.ua.

Аднак у каментары Еўрарадыё в.а. кіраўніка прэс-службы МЗС Латвіі Іварс Ласіс не пацвердзіў гэтую інфармацыю. Па яго словах, афіцыйнага паведамлення з беларускага боку яшчэ не было:

Ласіс: «Мы яшчэ не атрымалі канчатковага пацвярджэння, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце. Таму мы чакаем гэтую інфармацыю. Мы думаем, што гэта будзе прэм’ер-міністр ці міністр замежных спраў».

МЗС Беларусі пакуль не каментуе, хто ўзначаліць беларускую дэлегацыю ў Рызе.

Нагадаем, саміт «Усходняга партнёрства» пройдзе ў Рызе 21-22 траўня. Аляксандр Лукашэнка яшчэ не прысутнічаў ні на адным саміце «Усходняга партнёрства». Пасля падзеяў ва Украіне і міратворчых памкненняў афіцыйнага Мінска выказвалася меркаванне, што Лукашэнка можа прыняць удзел у саміце.

Зьміцер Лукашук, Еўрарадыё

Фота — nn.by