Падрыхтаваны агляд свабоды асацыяцыяў у Беларусі — прававое асяродзьдзе для НКА істотна не зьмянілася ў 2013 годзе

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі падрыхтавалі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2013 год.

У дакумэнце адзначана, што нягледзячы на прыняцьця ў 2013 годзе шэрагу актаў заканадаўства, якія закранаюць інтарэсы некамэрцыйных арганізацыяў, прававое асяродзьдзе для іх у цэлым істотна не зьмянілася. Асноўныя праблемы і перашкоды для дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў захаваліся як на ўзроўні прававога рэгуляваньня, так і на ўзроўні праваўжывальнай практыкі, пры гэтым іх інтэнсіўнасьць не зьмянілася.

У якасьці важнай падзеі ў сфэры прававога рэгуляваньня НКА агляд адзначае прыняцьця ў 2013 годзе зьменаў і дапаўненьняў у закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, якія набудуць юрыдычную моц 20 лютага 2014 году. Некаторыя з новаўведзеных нормаў можна ацаніць станоўча: паменшаныя патрабаваньні адносна тэрытарыяльнай прадстаўленасьці для заснавальнікаў новых грамадзкіх аб’яднаньняў, нязначна скарочаны пералік дакумэнтаў для рэгістрацыі арганізацыяў, спрошчаная працэдура ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Аднак прыняцьця зьменаў у закон не вырашае асноўных прававых праблемаў грамадзянскай супольнасьці – магчымасьць для рэгіструючых органаў выносіць адвольныя адмовы ў рэгістрацыі, абмежаваньні ў атрыманьні айчыннага і замежнага фінансаваньня, крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў.

Аўтары агляду падкрэсьліваюць, прыняцьце зьменаў у заканадаўства адбылося без сапраўднага абмеркаваньня з зацікаўленымі суб’ектамі: працэс камунікацыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці па пытаньнях рэфармаваньня заканадаўства, які закранае іх дзейнасьць, па-ранейшаму адбываецца ў аднабаковым фармаце, прапановы зацікаўленых арганізацыяў разглядаюцца фармальна і не ўлічваюцца ў поўнай меры.

Для многіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў 2013 годзе моцным ударам сталі падвышэньні ставак арэнднай платы за офісы на 60%. Пры гэтым больш як у два разы быў скарочаны пералік арганізацыяў, якія карыстаюцца ільготнымі стаўкамі па аплаце арэнды.

У дадатках да агляду прадстаўлены аналіз практыкі рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў (грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў, установаў) ў 2013 годзе, падрыхтаваны на аснове дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькасьць новых НКА ў 2013 годзе значна ніжэйшая за паказчыкі 2011 і 2012 гадоў, калі цягам году рэгістрацыю атрымлівалі больш за сто грамадзкіх аб’яднаньняў і больш за 20 фондаў. Разам з тым у 2013 годзе захавалася ранейшая тэндэнцыя рэгістрацыі спартовых грамадзкіх аб’яднаньняў – менавіта яны складаюць больш за палову новых грамадзкіх аб’яднаньняў.

Выпуск гадавых аглядаў свабоды асацыяцыяў і прававога стану некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі ажыцьцяўляецца Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтрам прававой трансфармацыі штогод ад 2007 году.

Спампаваць

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства