Рэформа Форума грамадзянскай супольнасцi Ўсходняга партнёрства

ДЛЯ ЧАГО ПАТРЭБНА РЭФОРМА?

Новаўвядзенні патрэбны для адаптацыі Форума грамадзянскай супольнасцi Ўсходняга партнёрства (ФГС УП) да новай архітэктуры Ўсходняга партнёрства (УП) і ліквідацыі некаторых хібаў, напрыклад, нівеляванне канфлікту інтарэсаў. Рэформа распрацоўвалася і рыхтавалася больш за два гады. 30 кастрычніка 89% удзельнікаў Форума з правам голаса праз электроннае галасаванне падтрымалі змены.

У ЧЫМ ЗАКЛЮЧАЕЦЦА РЭФОРМА?

Форум пяройдзе на 2-гадовы цыкл. Склад дэлегатаў Форума, запрошаных да ўдзелу ў штогадовай Асамблеі ФГС УП ў Тбілісі, будзе актуальны два гады (да 30 чэрвеня 2019 года). Адпаведным чынам на два гады абіраюцца ўсе асноўныя органы кіравання (Кіруючы камітэт, Арбітражны камітэт). Каляндар ФГС будзе пачынацца з 1 ліпеня (час змены дэлегатаў, складу Кіруючага камітэта і інш.).

Штогадовыя Асамблеі вызваляцца ад працэдур выбараў і сканцэнтруюцца на працы са стэйкхолдарамі. Амаль усе выбарчыя працэдуры (выбары кіраўнікоў Рабочых груп, нацкаардынатараў) будуць адбывацца не на Асамблеі, а на штогадовых паседжаннях РГ і НП з красавіка да чэрвеня. На самой Асамблеі будзе абірацца толькі Арбітражны камітэт (адзін раз на два гады) і прымацца важныя дакументы (напрыклад Кодэкс этыкі). Такім чынам, Асамблеі па-ранейшаму будуць адбывацца кожны год, але ўдзельнікі змогуць прысвячаць больш часу змястоўнай працы і камунікацыі са стэйкхолдарамі, якія прыязджаюць на Асамблеі ФГС УП.

Рэарганізацыя інстытута сяброўства ў Форуме. Да гэтага часу сябрамі ФГС УП лічыліся толькі тыя арганізацыі, якія запрошаны да ўдзелу ў Асамблеі (з мандатам на адзін год). Зараз усе сябры нацплатформ аўтаматычна атрымліваюць статус Сталых Сябраў  ФГС УП.  Арганізацыі краін ЕС таксама атрымліваюць статус сталага сябра ФГС праз працэдуру падачы заяўкі. Для ўдзелу ў Асамблеях будуць абірацца Дэлегаты (мандат на два гады), таксама ў Форуме з’явяцца эксперты, сябры Форума і назіральнікі.

Змены ў механізме выбараў Дэлегатаў. Нацыянальныя платформы (НП) будуць самі абіраць дэлегатаў (20 АГС ў кожнай краіне УП) у шчыльных кансультацыях з каардынатарамі РГ і прадстаўніцтвамі ЕС. Новая сістэма з пашыранай роляй НП уступіць у сілу пачынаючы з выбараў для 2020-2021 цыклу ў канцы 2019 года пры ўмове, што НП адпавядаюць мінімальным стандартам. Усе шэсць НП будуць рабіць адбор па стандартызаваных працэдурах, якія будуць апісаныя ў статутным дакуменце Форума (статут).

У кожным нацыянальным спісе тэматычная экспертыза і баланс рабочых груп у адпаведнасці з архітэктурай УП павінны быць забяспечаны наступнымі квотамі:

-прынамсі, шэсць месцаў з 20 (30%) зарэзерваваны для кандыдатаў-пачаткоўцаў (арганізацыі, якія ніколі не былі дэлегатамі); палова з іх (тры арганізацыі) павінна быць АГС, якія не з’яўляюцца сябрамі НП на момант падачы заяўкі;

-40% дэлегатаў (восем арганізацый) папярэдняга цыкла;

-не больш за 30% (шэсць арганізацый) з тых, што вяртаюцца пасля перапынку ў адзін цыкл ці больш.

Ігар Рынкевіч, кіраўнік установы «Ліга «Грамадзянскі вердыкт», зарэгістраванай у Вільнюсе:

«Форум грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства перажывае няпростыя часы, ідуць унутраныя рэформы, накіраваныя на аптымізацыю дзейнасці з боку еўрапейскіх партнёраў і нацыяльнальных платформ.

Спадзяюся, што на сустрэчы дэлегатаў з беларускага боку мы вызначым лінію нашых паводзінаў. Я не раз ездзіў на Асамблею, і звычайна мы думалі, хто з нашых калег будзе прэтэндаваць на кіраўнічыя пасты, хто будзе рабіць прэзентацыі і акцэнты ад нашай дэлегацыі ў выглядзе дэкларацый, рэзалюцый альбо ў прадстаўленні вынікаў некаторых праектаў. Сёння ўсё гэта будзе абмярковаўцца.

Спадзяюся, мы ўвойдзем у кантэкст і будзем свядома рухацца наперад».

Аптымізацыя складу і выбараў Кіраўнічага камітэта. З 1 ліпеня 2019 года Кіруючы камітэт (КК) Форума складаецца з 13 чалавек: 6 нацыянальных каардынатараў, 5 кіраўнікоў РГ і 2 каардынатары ЕС. Мандат КК – 2 гады. Сябры ў КК абіраюцца на працягу красавіка-чэрвеня 2019 г. на сустрэчах РГ і канферэнцыях Нацыянальных платформ. Каардынатарамі ад ЕС становяцца па чарзе каардынатары РГ, абраныя ад ЕС. Да 1 ліпеня 2019 года ў якасці транзітнага КК дзейнічае актуальны склад КК (узору 2018 г.).

Увядзенне этычнага кодэкса і мінімальных стандартаў для нацыянальных платформ. Набор мінімальных стандартаў для забеспячэння асноватворчых прынцыпаў сумленнасці, празрыстасці і справаздачнасці будзе ўведзены ў выглядзе адзінага Кодэкса этыкі ФГС УП. Гэты кодэкс павінен быць узгоднены і прымяняцца на ўсіх узроўнях: НП, РГ, Кіруючы камітэт, дэлегаты, Сакратарыят і інш. Кодэкс плануецца прыняць на 10-й штогадовай Асамблеі ў Тбілісі. Дакумент будзе ўключаць у сябе:

-Набор асноўных прынцыпаў, якія вызначаюць асноўныя каштоўнасці і тып паводзінаў, што з’яўляецца прымальным і заахвочваецца;

-Набор аператыўных стандартаў, якімі кіруюцца органы ФГС, НП і РГ. Аператыўныя стандарты ўключаюць у сябе падраздзелы (цэласнасць, місія, належнае кіраванне, гендэрная роўнасць, адкрытасць і ўдзел, празрыстасць, чалавечыя рэсурсы, грамадскі давер, фінансавыя і юрыдычныя працэдуры, партнёрства і супрацоўніцтва, падсправаздачнасць).

Ірына Сухій, сябра Рады ГА «Экадом»:

«Я ўдзельнічала ў некалькіх першых форумах, у тым ліку ў якасці дэлегата. Напачатку праца Форума выглядала так, што ў рамках Усходняга партнерства сабралі НДА-шнікаў, каб яны проста пазнаёміліся.

Аднак НДА-сектару ўдалося пераўтварыць Форум у інструмент, які ўплывае на тыя справы, што адбываюцца ва Ўсходнім партнерстве. Для нашай краіны Нацыянальная платформа становіцца інструментам адвакатавання запытаў розных групаў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку для экалагічнай супольнасці».

Сяброўскія і рэгістрацыйныя ўнёскі. Нацплатформы могуць уводзіць сяброўскія ўнёскі на ўзроўні асобнай НП. Акрамя таго, кожны Дэлегат на штогадовай Асамблеі ФГС ўносіць 10 еўра рэгістрацыйнага ўнёска (арганізуе Сакратарыят Форума).

Стварэнне Арбітражнага камітэта ФГС УП. Арбітражны камітэт (АК) з’яўляецца неабходным механізмам для забеспячэння балансу ўлады, падсправаздачнасці і вырашэння спрэчак. АК абіраецца ў першы год кожнага цыклу на штогадовай Асамблеі Форума і складаецца з пяці сябраў (два прадстаўнікі ЕС і тры прадстаўнікі краін УП), якія самі абіраюць свайго Старшыню.

Асноўныя функцыі АК:

-Разгляд скаргаў, звязаных з выкананнем норм і працэдур Форума (працэсы адбору, рэгрантынг і г.д.);

-Рашэнні па канфліктных сітуацыях;

-Маніторынг і нейтралізацыя рызыкі і выпадкаў канфлікту інтарэсаў;

-Маніторынг выканання рашэнняў ФГС яго органамі (SC, Сакратарыят, камісія па рэгрантынгу, НП і РГ).

Святлана Каралёва, Беларуская нацыянальная платформа:

«Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасцi Ўсходняга партнёрства – гэта платформа, дзе сінхранізуюцца ўсе прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

Кансалідаваная пазіцыя прадстаўнікоў рабочых груп вызначыцца па выніках даследванняў, маніторынгаў, рэальнага вопыту ўсіх зацікаўленых асобаў грамадзянскай супольнасці.

Тады Беларуская нацыяльная платформа зможа дапамагаць рабочым групам па ўсіх пытаннях: узмацняць групы экспертнай пазіцыяй, напісаннем альтэрнатыўных справаздач.

Яшчэ раз хачу сказаць, што пазіцыя павінна быць узгоднена з іншымі гульцамі грамадздянскай супольнасці, а не толькі ўдзельнікамі рабочых груп. Гэта самы важны крытэр. На сённяшні дзень у нас не ва ўсіх ёсць уменне і вопыт весці такую канструктыўную размову».

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства