Рэзалюцыя Канферэнцыі БНП “Беларусь ва ўмовах рэгіянальнага крызісу і стагнацыі Усходняга партнёрства”

Мы, удзельнікі канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, якая аб’ядноўвае больш за 60 грамадскіх арганізацый і ініцыятываў, выказваем сваю занепакоенасць сітуацыяй у рэгіёне Усходняга партнёрства, а таксама актуальным станам і развіццём самой ініцыятывы ЕС “Усходняе партнёрства”.

Мы вымушаны канстатаваць, што:

  • працэс збліжэння краін Усходняга партнёрства з Еўрапейскім Саюзам сустракае жорсткае супрацьдзеянне з боку Расіі, якая выкарыстоўвае недапушчальныя метады эканамічнага і палітычнага шантажу. Гэтыя дзеянні прывялі да адмовы кіраўніцтва Арменіі ад ініцыявання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, а таксама справакавалі працяглы палітычны крызіс ва Украіне;
  • стабільнасць і бяспека рэгіёну Усходняга партнёрства падарваныя непрыхаванай вайсковай агрэсіяй Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, што ўжо прывяла да акупацыі часткі тэрыторыі Украіны (паўвострава Крым) Расіяй і з’яўляецца прычынай дэстабілізацыі ва Усходняй і Паўднёвай Украіне. У выніку агрэсіі загінулі сотні людзей з абодвух бакоў, у тым ліку і мірныя жыхары Украіны. Мірнае насельніцтва Усходу Украіны запалохана тэрарыстычнымі групамі, сітуацыя набліжаецца да мяжы гуманітарнай катастрофы;
  • падпісанне Беларуссю 29 траўня 2014 года Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе(ЕАЭС) яшчэ ў большай ступені падвышае яе залежнасць ад Расійскай Федэрацыі і выразна супярэчыць еўрапейскаму шляху развіцця нашай краіны. Праект еўразіскай інтэграцыі ў яго актуальным стане перапыняе магчымасці для членаў ЕАЭС да развіцця паралельнай інтэграцыі з Еўрапейскім Саюзам, што ў значнай ступені ўскладняе развіццё адносін Беларусі і Еўрапейскага Саюза;
  • парушэнне правоў чалавека, палітычны ціск і крымінальны пераслед грамадскіх і палітычных актывістаў у Беларусі і Азербайджане з’яўляюцца асноўнай практыкай дачыненняў уладаў нашых краін з грамадзянскай супольнасцю. Мы зноў вымушаны канстатаваць адсутнасць паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Беспадстаўнае ўтрыманне палітычных вязняў, прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў, абмежаванне свабоды слова, асацыяцый, сходаў, сталае пагаршэнне ўмоў для вядзення грамадска-палітычнай дзейнасці застаюцца неад’емнымі элементамі палітыкі беларускіх уладаў;
  • вітаючы рух да падпісання Беларуссю Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС, а таксама імкненне беларускіх уладаў і ЕС да дыялогу ў фармаце абмеркавання “прамежкавай фазы” адносін, мы звяртаем увагу, што пры ўмове ўтрымання палітычных вязняў і практыкі рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці пачатак паўнавартаснага дыялогу з беларускамі ўладамі не з’яўляцца апраўданым ні з практычнага, ні з маральна-этычнага пункту гледжання. Удзельнікі Канферэнцыі БНП шчыра вітаюць вызваленне вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна”, які знаходзіўся за кратамі ў якасці палітвязня са жніўня 2011 года. Факт вызвалення Алеся Бяляцкага дае нам падставы спадзявацца на тое, што ў бліжэйшы час і іншыя палітвязні выйдуць на волю і Беларусь спыніць ганебную практыку ўтрымання за кратамі іншадумцаў. Мы настойліва падкрэсліваем, што толькі вызваленне палітычных вязняў і пачатак рэальнага дыялогу беларускіх уладаў з грамадзянскай супольнасцю можа быць дастатковай падставай для ўзнаўлення паўнавартаснага дыялогу з ЕС;
  • у сітуацыі пачатку новага электаральнага цыкла і прэзідэнцкіх выбараў 2015 г. у Беларусі мы канстатуем відавочны факт, што выбарчае заканадаўства і выбарчая практыка ў Беларусі зараз знаходзяцца ў такім стане, што пра дэмакратычныя выбары гаворка не ідзе, і тое, што праводзіцца пад відам выбараў у краіне, не мае ніякага дачынення да рэалізацыі выбарчага права і дэмакратыі. Зыходзячы з гэтай канстатацыі, Канферэнцыя БНП рэкамендуе сваім чальцам і ўсім іншым прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці не ўдзельнічаць у працэсах, якія не адпавядаюць нормам права і дэмакратыі, ідэалам і каштоўнасцям грамадзянскай супольнасці.

Ацэньваючы папярэдні этап развіцця ініцыятывы ЕС “Усходняе партнёрства” і актуальныя выклікі, якія паўстаюць перад ёй, мы адзначаем, што:

  • адным з найбольш паспяховых фарматаў шматбаковага ўзаемадзеяння ў межах Усходняга партнёрства застаецца Форум грамадзянскай супольнасці і яго нацыянальныя платформы. Форум адбыўся як міжнацыянальная пляцоўка шырокага ўзаемадзеяння паміж грамадзянскімі супольнасцямі краін Усходняга партнёрства і ЕС. Нацыянальныя платформы паспрыялі ўзмацненню і кансалідацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама пашырэнню гарызантальных міжнацыянальных сувязей паміж імі. У той жа час, мы канстатуем выключэнне Беларускай нацыянальнай платформы з працэсу дыялогу ЕС і беларускіх уладаў, а таксама абмежаванне яе ўдзелу ў дачыненнях з ЕС;
  • нягледзячы на палітычны крызіс, Украіна, таксама як Малдова і Грузія, зрабілі выразны крок на збліжэнне з Еўрапейскім Саюзам праз ініцыяцыю і падпісанне пагадненняў аб асацыяцыі з ЕС. Пры безумоўна пазітыўным характары гэтага працэсу, у той жа час ва Усходнім парнёрстве ствараецца небяспека адасаблення гэтых краін-лідараў ад астатніх і паступовага замяшчэння шматбаковага фармату Усходняга партнёрства выключна двухбаковымі стасункамі. У перспектыве гэта пагражае ізаляцыяй і маргіналізацыяй адносін з краінамі-аўтсайдэрамі еўрапейскай інтэграцыі (Арменіяй, Азербайджанам і Беларуссю);
  • ініцыятыва ЕС “Усходняе партнёрства” не стварыла механізмаў адэкватнага адказу на знешнія і ўнутраныя выклікі развіцця краін-партнёраў. Крызіс Усходняга партнёрства відавочны на тле немагчымасці ініцыятывы супрацьстаяць расійскай інтэрвенцыі, збочванню Арменіі са шляху збліжэння з ЕС, калапсу шматбаковага вымярэння ініцыятывы, кансервацыі аўтарытарных рэжымаў Беларусі і Азербайджана, выклікам масавых парушэнняў правоў чалавека ў рэгіёне Усходняга партнёрства.

У сувязі са сказаным вышэй, мы:

1. звяртаем увагу на неабходнасць перафармулявання і рэвізіі праграмы Усходняга партнёрства ў адпаведнасці з сучаснымі выклікамі. Мы лічым, што нацыянальныя платформы грамадзянскай супольнасці шасці краін-партнёраў разам з грамадзянскай супольнасцю ЕС павінны ў поўнай меры ўдзельнічаць у дыскусіях па афармленню новай стратэгіі далейшага развіцця Усходняга партнёрства;

2. заклікаем Еўрапейскую камісію, Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў, а таксама прадстаўніцтвы ЕС у краінах-партнёрах неадкладна правесці шырокія кансультацыі з нацыянальнымі платформамі адносна далейшага развіцця ініцыятывы;

3. падкрэсліваем неабходнасць далейшага ўмацавання цэласнасці шматбаковай структуры Усходняга партнёрства і перадухілення маргіналізацыі адносін ЕС з Беларуссю, Азербайджанам і Арменіяй;

4. адзначаем неабходнасць такой канструкцыі Усходняга партнерства, што адпавядала б ва ўсіх шасці краінах-партнёрах іх агульнаму парадку дня ў выглядзе пытанняў далейшай “дэсаветызацыі”, будаўніцтва суверэнных і стабільных дэмакратычных краін з вяршэнствам права, павагай да правоў чалавека, інстытутамі свабоднага і справядлівага рынку, усёабдымнай бяспекі і іншых каштоўнасцей, увасобленых ў еўрапейскай мадэлі.

5. падтрымліваем прапановы бізнес-супольнасці РБ па паляпшэнні бізнес-клімату, сфармуляваныя ў Нацыянальнай Платформе бізнесу Беларусі-2014.