Рэзалюцыя Канферэнцыі Беларускай Нацплатформы “Будучае Форума грамадзянскай супольнасці ў фокусе трэцяга Саміта Усходняга партнёрства”

4 лістапада ў Мінску напярэдадні Саміту ў Вільні адбылася Канферэнцыя Беларускай Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Удзельнікі мерапрыемства прынялі адмысловую Рэзалюцыю “Будучае Форума грамадзянскай супольнасці ў фокусе трэцяга Саміта Усходняга партнёрства”.

У дакуменце сярод іншага адзначаецца, што «Беларуская Нацыянальная платформа, падзяляючы мэты і каштоўнасці праграмы Усходняга партнёрства, разглядае гэтую ініцыятыву як інструмент развіцця беларускага грамадства і падкрэслівае ролю грамадзянскай супольнасці краіны, як актыўнага зацікаўленага боку, у працэсе набліжэння Беларусі да еўрапейскіх стандартаў.»

Удзельнікі Канферэнцыі выказваюць заклапочанасць у сувязі з тым, што адсутнасць прагрэсу ў рамках Усходняга партнёрства з боку Беларусі можа прывесці да ўзмацнення міжнароднай ізаляцыі нашай краіны, паглыблення далейшай маргіналізацыі яе знешнепалітычнай ролі, у тым ліку і ў рэгіянальных працэсах. Гэта вельмі негатыўна адаб’ецца на развіцці Рэспублікі Беларусь як самадастатковай суверэннай дзяржавы ў гістарычнай перспектыве.

У Рэзалюцыі сябры Нацыянальнай платформы заклікаюць беларускія ўлады:

— Адказна падысці да пытання ўдзелу ў маючым адбыцца Саміце Усходняга партнёрства ў Вільнюсе,

— забяспечыць прадстаўніцтва на ўзроўні не ніжэй, чым кіраўніцтва МЗС Рэспублікі Беларусь. Такі ўзровень прадстаўніцтва неабходны для выканання “задачы-мінімум”, а менавіта: захаванне перспектыў удзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве і забеспячэнне дэклараванай кіраўніцтвам краіны шматвектарнасці знешняй палітыкі;

— Прыняць пад увагу, што ў актуальны момант галоўнай праблемай для вяртання да рэалізацыі эфектыўнай, устойлівай і збалансаванай знешняй палітыкі для Беларусі з’яўляецца праблема палітычных зняволеных. Мы падкрэсліваем неабходнасць вызваліць іх без усялякіх умоў да Саміта Усходняга партнёрства, праявіўшы тым самым не толькі знешнепалітычны прагматызм, але і гуманнасць, характэрную для сучаснага цывілізаванага свету.

Спампаваць

Фота eurobelarus.info