Рынкевічс: Лібералізацыя візавых дачыненняў — адзін з прыярытэтаў

Беларусь цяпер ажыццяўляе два важныя праекты з Еўрасаюзам: аб змякчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. У гэтых абодвух працэсах ёсць пэўны прагрэс.

Пра гэта 19 лютага заявіў журналістам у Минску міністр замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей пасля сустрэчы з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам.

Макей выказаў пажаданне, каб у праграме «Усходняга партнёрства» не было дыскрымінацыі адносна асобных краінаў. Ён сказаў, што неабходна дыферэнцыяваць падыход да краінаў-удзельніц гэтай праграмы:

«Нехта ўжо хоча быць у ЕС, нехта марыць быць там пазней, нехта проста хоча мець добрыя дачыненні з ЕС. І гэта трэба ўлічваць».

Міністр замежных спраў Латвіі адзначыў, што лібералізацыя візавых дачыненняў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам з’яўляецца адным з прыярытэтаў латвійскага кіраўніцтва ў Радзе ЕС. Ён сказаў, што тут зроблена многа, ёсць пэўныя кантакты, але трэба працягваць працу над юрыдычнымі момантамі.

Паводле Рынкевічса, перспектыўнымі тэмамі для ўзаемадзеяння ЕС і Беларусі маглі б быць такія галіны як адукацыя, асабліва Балонскі працэс, а таксама дапамога Беларусі па ўступленні ва Усясветную гандлёвую арганізацыю.

Наколькі пазыцыя Беларусі і яе роля ў завяршэнні ўкраінскага крызісу можа паўплываць на паляпшэнне дачыненняў паміж Мінскам і Брусэлем? Адказваючы на гэтае пытанне журналістаў, Рынкевічс адзначыў, што ЕС высока ацэньвае ролю Беларусі і яе пазіцыю ў гэтым пытанні.

«Мы ўсе трымаемся аднаго стаўлення, што Украіна павінна заставацца тэрытарыяльна цэласнай краінай», — сказаў латвійскі міністр.

Макей выказаў зьдзіўленьне, чаму пазыцыю Беларусі ва ўкраінскім крызісе зьвязваюць з паляпшэньнем дачыненьняў паміж Менскам і Брусэлем.

«Мы занялі такую пазіцыю па Украіне, бо хочам, каб у гэтай краіне было спакойна. Гэта наш сусед, другі гандлёвы партнёр пасля Расіі ў СНД. Мы зацікаўленыя ў стабільнасці і спакоі ва Украіне. Але мы нк звязваем гэтыя рэчы з паляпшэннем дачыненняў з ЕС. Мы не гаворым Брусэлю: вось мы занялі такую пазіцыю па Украіне, таму паляпшайце нашы адносіны. Украіна і ЕС — гэта розныя рэчы», — адзначыў Макей.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода