Шэнгенскія візы для беларусаў могуць не патаньнець, а падаражэць

Уладзімер Глод, Радыё  Свабода

Цалкам матэрыял гл. тут

27 красавіка завяршыўся візыт у Менск дэлегацыі Эўрапейскага Зьвязу. Чыноўнікі з Брусэля ўдзельнічалі ў пятым пасяджэньні каардынацыйнай групы «Эўразьвяз — Беларусь».

Беларускую дэлегацыю на перамовах ачольваў намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. Кіраўніка дэлегацыі Эўразьвязу, кіроўнага дырэктара па пытаньнях Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў Эўрапейскай службе зьнешніх дзеяньняў Томаса Маер-Гартынга сустрэў міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

У МЗС Свабодзе сказалі, што ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі «бягучы стан двухбаковых дачыненьняў, удзел Беларусі ў ініцыятыве «Ўсходняе партнэрства», рэалізацыю ў Беларусі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі Эўрапейскага Зьвязу. Макей і Маер-Гартынг таксама зьвярнулі ўвагу на сытуацыю ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне і пэрспэктывы ўзаемадзеяньня ў пытаньнях правоў чалавека».

У сустрэчах з эўрапейскімі чыноўнікамі ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый і экспэртнай супольнасьці.

Экспэрт: Не адчуваю аптымізму

«Гэты раўнд перамоваў адрозьніваўся ад папярэдніх тым, што грамадзянская супольнасьць атрымала большыя магчымасьці ўдзелу ў перамоўным працэсе», — сказаў дырэктар міжнароднага кансорцыюму «Эўрабеларусь» Улад Вялічка.

Няўрадавыя экспэрты абмяркоўвалі ўсе пытаньні супрацоўніцтва ў рамках праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».

Паводле экспэртаў, падчас перамоваў высьветліліся тры тэмы, якія выглядаюць цяпер як найбольш актуальныя. Гэта Балёнскі працэс, альтэрнатыўная энэргетыка для Беларусі і разьвіцьцё прадпрымальніцтва.

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў сказаў Свабодзе, што пытаньне аб паслабленьні візавага рэжыму для беларусаў па-ранейшаму мае падвешаны статус.

«Яно стаіць у парадку дня, абмяркоўваецца, але ніхто ня ведае, калі яно будзе канчаткова вырашанае. І гэта трывожна, бо Брусэль рыхтуе зьмены ў сваё заканадаўства, якія прадугледжваюць падвышэньне коштаў візаў для грамадзян тых краін, якія не падпісалі дамову „Аб паслабленьні візавага рэжыму і рэадмісіі“. А Беларусь пакуль знаходзіцца ў гэтай групе».

З гісторыі працэсу

Першае пасяджэньне каардынацыйнай групы адбылося ў Брусэлі 6–7 красавіка 2016 году. Група зьбіраецца два разы на год, каб разгледзець увесь спэктар адносін ЭЗ — Беларусь і ўзгадніць далейшыя крокі.