Сустрэча дэлегатаў Форуму грамадзянскай супольнасцi Ўсходняга партнёрства

Напярэдадні Форуму грамадзянскай супольнасцi Ўсходняга партнёрства ў Тбілісі адбылася сустрэча дэлегатаў ад Беларусі. Ім трэба будзе ў бліжэйшыя два гады прадстаўляць нашу краіну, клапоцячыся пра інтарэсы беларускай грамадзянскай супольнасці.

Улад Вялічка:

«Мэта сустрэчы – падрыхтоўка беларускіх дэлегатаў да чарговай сустрэчы Форуму грамадзянскай супольнасцi Ўсходняга партнёрства ў Тбілісі.

Сярод удзельнікаў ёсць новыя арганізацыі. Вельмі важна, каб яны былі аднолькава падрыхтаваны і кампетэнтныя ў пытаннях удзелу і рэалізацыі інтарэсаў беларускай дэлегацыі.

Улад Вялічка

Адна з задач – растлумачыць дэлегатам канкрэтныя магчымасці ў той ці іншай тэматычнай зоне або ў адносінах са стэйкхолдэрамі.

Форум прайшоў праз працэдуру рэформы, дэлегаты выбіраюцца цяпер на два гады. Гэтыя людзі будуць прымаць удзел у экспертнай рабоце, іх задача з аднаго боку прадстаўляць інтарэсы сваіх арганізацый, з другога боку — клапаціцца пра беларускіх інтарэсах з боку грамадзянскай супольнасці».

Ірына Сухій, сябра Рады ГА «Экадом»:

«Я ўдзельнічала ў некалькіх першых форумах, у тым ліку ў якасці дэлегата. Напачатку праца Форума выглядала так, што ў рамках Усходняга партнерства сабралі НДА-шнікаў, каб яны проста пазнаёміліся.

Аднак НДА-сектару ўдалося пераўтварыць Форум у інструмент, які ўплывае на тыя справы, што адбываюцца ва Ўсходнім партнерстве. Для нашай краіны Нацыянальная платформа становіцца інструментам адвакатавання запытаў розных групаў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку для экалагічнай супольнасці.

Ірына Сухій

Ёсць трэцяя рабочая група, дзе падымаюцца пытанні энергетыкі, клімату і навакольнага асяроддзя.

«Экадом» разам з калегамі распрацавалі «Сцэнар Энергетычнай [р]эвалюцыі для Беларусі». Там разгледжаны два альтэрнатыўных сцэнарыя развіцця энергетычнай сістэмы Беларусі з мэтай дэманстрацыі яе патэнцыялу і ацэнкі абмежаванняў. Дакументам прадугледжаны пераход Беларуссю на альтэрнатыўную энергетыку да 2050 года.

Гэты даклад вельмі актуальны. Падобнае даследаванне падрыхтавана ў Украіне. Мы разам з украінскімі калегамі прэзентуем гэтую канцэпцыю на Форуме грамадзянскай супольнасцi Ўсходняга партнёрства. Мы лічым, што гэтую праграму неабходна прыняць усім краінам Ўсходняга партнёрства.».

Ігар Рынкевіч, кіраўнік установы «Ліга «Грамадзянскі вердыкт», зарэгістраванай у Вільнюсе:

«Форум грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства перажывае няпростыя часы, ідуць унутраныя рэформы, накіраваныя на аптымізацыю дзейнасці з боку еўрапейскіх партнёраў і нацыяльнальных платформ.

Ігар Рынкевіч

Спадзяюся, што на сустрэчы дэлегатаў з беларускага боку мы вызначым лінію нашых паводзінаў. Я не раз ездзіў на Асамблею, і звычайна мы думалі, хто з нашых калег будзе прэтэндаваць на кіраўнічыя пасты, хто будзе рабіць прэзентацыі і акцэнты ад нашай дэлегацыі ў выглядзе дэкларацый, рэзалюцый альбо ў прадстаўленні вынікаў некаторых праектаў. Сёння ўсё гэта будзе абмярковаўцца.

Спадзяюся, мы ўвойдзем у кантэкст і будзем свядома рухацца наперад».