Ці пойдзе Еўрасаюз на змены ва Усходнім партнёрстве і адносінах з Беларуссю?

За апошні час кантэкст адносінаў Еўрасаюза з краінамі Ўсходняй Еўропы змяніўся. І ў ЕС, і ў Беларусі гавораць пра неабходнасць зменаў ва Ўсходнім партнёрстве. Як яны могуць выглядаць і ці магчымыя ўвогуле?

Два блокі ўсходнееўрапейскіх краін

Праз пяць год пасля старту Ўсходняга партнёрства яго ўдзельнікі падзяліліся на дзве групы.

З аднаго боку — Грузія, Малдова і Ўкраіна, якія найбольш прасунуліся да Еўропы, праводзілі рэформы, падпісалі Дамовы аб асацыяцыі з ЕС. Разам з тым, кожная з іх мае нявырашаныя тэрытарыяльныя праблемы (Абхазія і Паўднёвая Асеція, Прыднястроўе, Крым і Данбас). І кожная пад пагрозай гандлёвай вайны з боку Расіі.

З іншага боку — Беларусь, Арменія і Азербайджан, якія да асацыяцыі з ЕС аніяк не імкнуцца. Прычым дзве першыя ў 2015 годзе ўвойдуць у Еўразійскі эканамічны саюз. Еўразійская інтэграцыя абнуляе прапановы ЕС у рамках Усходняга партнёрства, бо ані стаўкі ўвозных мытаў, ані тэхнічныя стандарты ў двух інтэграцыйных саюзах несумяшчальныя.

Перад Усходнім партнёрствам паўсталі два выклікі. Па-першае, ёсць Расія, якая супрацьстаіць еўрапейскай інтэграцыі, у тым ліку вайсковымі метадамі. Па-другое, губляе сэнс раўназначны падыход ЕС да краінаў УП і прынцып «большае за большае, меншае за меншае», бо дзяржавы розняцца сваімі намерамі да еўраінтэграцыі.

Як у такіх умовах дзейнічаць Еўрасаюзу, каб эфектыўна прасоўваць свае каштоўнасці і інтарэсы?

Заклікі да перафарматавання Ўсходняга партнёрства

Нядаўна міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс падчас свайго візіту ў Кіеў выказаўся пра неабходнасць пераменаў у адносінах з усходнімі суседзямі ЕС. Дарэчы, Латвія будзе старшынём Савета міністраў ЕС у першай палове 2015 года, а наступны саміт УП пройдзе ў Рызе.

Беларуская дыпламатыя таксама актыўна прасоўвае ідэю перафарматавання ЎП у сваіх інтарэсах. Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей на сустрэчы ў Брусэлі прапанаваў уключыць туды Расію. Праўда, на фоне санкцый супраць усходняй суседкі гэта прапанова выглядала, хутчэй, дэманстрацыяй вернасці «брацкаму народу».

«Макей відавочна намякае на тое, каб ЕС адчыняў для Беларусі новыя магчымасці супрацоўніцтва ў рамках УП, нягледзячы на сціплы прагрэс у рэформах», — мяркуе аналітык Андрэй Елісееў.

Беларускія ўлады глядзяць на Ўсходняе партнёрства як магчымасць атрымаць еўрапейскія грошы на мадэрнізацыю сваіх дарог і памежнай інфраструктуры, рэалізацыю энергетычных праектаў. Але ж Еўрасаюз абумоўлівае грашовую падтрымку прагрэсам у рэформах дзяржаўнага кіравання і эканомікі, таму грошай праз УП Беларусі дастаецца няшмат.

Французскі эксперт па Беларусі Анаіс Марэн не раіць чакаць радыкальных зменаў у палітыцы ЕС:

«Еўрапейцы не ўмеюць усведамляць свае памылкі. Калі ставіць пытанне «як рэфармаваць, палепшыць УП», гэта значыць, што мы ад пачатку прыдумалі нешта заганнае».

Пытанне ў тым, як гэта зрабіць і што ў выніку атрымае Беларусь.

Прагматыка ці дэкларацыя каштоўнасцяў

З краінамі, якія не захацелі асацыяцыі з Еўропай, найбольш верагодна, складуцца проста прагматычныя адносіны. Напрыклад, з Азербайджанам ЕС гандлюецца без аніякіх намёкаў, што там у турмах сядзяць дзясяткі палітвязняў і журналістаў. У нейкі момант еўрапейскія палітыкі вырашаць, што і беларускі рэжым не страшны.

З іншага боку, супраца з Беларуссю эканамічна не настолькі прывабная, як з багатым на нафту Азербайджанам.

Асноўная зацікаўленасць Еўрасаюза ў тым, каб Беларусь не была праблемнай тэрыторыяй, перакананы экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які зараз жыве ў Чэхіі:

«Уявіце сітуацыю: вы жывяце ў добрым доме. І побач з вамі — сусед, непрадказальны алкаголік, які можа вам ці вашым дзецям учыніць шкоду».

Беларускія ўлады пераацэньваюць зацікаўленасць свету да нашай краіны, мяркуе палітык. На сённяшні дзень уся ўвага сканцэнтравана на Украіне ды Блізкім Усходзе. Беларусь цікавая хіба толькі з гледзішча аховы межаў. І нават наступныя прэзідэнцкія выбары наўрад ці гэта зменяць.

З другога боку, еўрапейскім палітыкам выгадна, хай сабе на словах, захаваць дыскурс пра дэмакратыю і правы чалавека. На думку Анаіс Марэн, Беларусь з яе нязменным лідарам ідэальна для гэтага падыходзіць:

«Імідж «злога дыктатара» і «добрага Еўрасаюза», які падтрымлівае, хоць і на паперы, дэмакратызацыю, гэта карысна [для еўрапейскіх палітыкаў]».

На жаль, бліжэйшым часам чакаць ад ЕС выразнай пазіцыі не выпадае. Кожная з 28 краін мае свае ўласныя нацыянальныя інтарэсы, і ўзгадняць усім сталіцам замежную палітыку вельмі складана. Шэраг дзяржаў ЕС, у тым ліку Германія, Італія і Іспанія, маюць выразную прарасійскую пазіцыю, якая палягае на тым, што постсавецкія краіны – гэта натуральная сфера інтарэсаў Расіі.

Пакуль жа праеўрапейскай візіі што да Беларусі ды іншых краін УП у асноўных еўрапейскіх сталіцах няма, дык і спадзявацца на змены ў замежнай палітыцы ЕС не выпадае.

Аксана Рудовіч, Наша Ніва

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства