У Мінску абмеркавалі праблемы развіцця сацыяльнага партнёрства

27 жніўня на базе Беларускай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (БелАПП) адбыўся круглы стол “Роля сацыяльнага партнёрства ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны”. Удзельнікамі дыскусіі сталі звыш 20-ці прадстаўнікоў усіх бакоў сацыяльнага партнёрства – ураду, на чале з намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыям Кавальковым, аб’яднаннем наймальнікаў, прафсаюзаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь Валерый Кавалькоў выступіў з дакладам на тэму “Досвед сацыяльнага партнёрства ў Беларусі”, а Аляксандр Гаруновіч з Беларускага прафсаюзу работнікаў розных формаў прадпрымальніцтва “Садружнасць” разважаў аб ролі сацыяльных партнёраў: пазіцыі прафсаюзаў і арганізацый працадаўцаў па пытаннях развіцця сацыяльнага партнёрства ў Беларусі.

Мадэратарам сустрэчы і асноўным дакладнікам стаў Уладзімір Карагін, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, які распавёў аб развіцці сацыяльгана партнёрства у межах “Нацыянальнай платформы бізнэса Беларусі” (НПББ) і прадэманстраваў прэзэнтацыю з асобнымі пунктамі НПББ, якія надалей актыўна абмяркоўваліся ўдзельнікамі круглага стала. Уладзімір Карагін адзначыў, што ў “Нацыянальнай платформе бізнэса Беларусі” ўпершыню з’явіўся раздзел звязаны з сацыяльным партнёрствам, таму і выклікаў такія спрэчкі паміж удзельнікамі сустрэчы.

У прыватнасці Ганна Варфаламеева, сакратарка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, вызначыла пазыцыю прафсаюзаў па кожным прапанаваным пункце НПББ. Так, напрыклад, адносна пункта №94 (Змены парадку фарміравання Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва: працадаўца і наёмны рабочы аплочваюць па 15% кожны ад аб’ёму свайго заробку) прафсаюзы НІКОЛІ не пагодзяцца павялічыць нагрузку на працаўніка, бо прыбытак арганізацыі прыносяць ГЭТЫЯ Ж працаўнікі. Па словах спн. Варфаламеевай гэтае пытанне не варта падымаць цягам наступных 5 гадоў.

Пярэчанне выклікаў і пункт №98 (Унясенне зменаў у працоўнае заканадаўства для безбар’ернай рэалізацыі такіх формаў занятасці, як заёмная, дыстанцыйная і надомная праца). Прадстаўніца Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адзначыла, што ніякіх пасярэднікаў паміж наймальнікам і працаўніком быць не можа. Такую ж думку выказаў Мікалай Беланоўскі, старшыня Мінскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў. З яго словаў, праз пасярэднікаў (з выкарыстаннем заёмнай працы) даходы працаўніка зніжаюцца на 15-20%, да таго ж існуе верагоднасць знішчэння ўстояў калектыву.

Вынікам круглага стала “Роля сацыяльнага партнёрства ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны” стане аналітычная запіска, дзе будуць пазначаныя пункты погляду ўсіх бакоў сацыяльнага партнёрства, таксама будуць акрэсленыя існуючыя праблемы і выпрацаваныя рэкамендацыі. Арганізатары круглага стала плануюць накіраваць аналітычную запіску ў органы ўлады, а таксама сваім міжнародным партнёрам.

Мерапрыемства праводзілася пад эгідай V Рабочай групы Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства ў межах праекту Еўрапейскай камісіі “Ўзмацненне патэнцыялу Нацыянальных Платформаў Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства”. Праект накіраваны на пабудову агульнай пляцоўкі для дыялогу арганізацый грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікоў улады і еўрапейскіх інстытуцый дзеля распрацоўкі праграмаў вырашэння актуальных праблемаў і ўплыву на працэс прыняцця рашэнняў на вышэйшым узроўні.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства