Бел | Eng

Як адаб’ецца постэлектаральны перыяд на беларуска-еўрапейскіх адносінах

“Беларусь у постэлектаральнай фазе: чаканне і планы” – на такую тэму адбылася панэльная дыскусія ў суботу, 22 кастрычніка, на канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы ў Мінску.

Як патлумачыў мадэратар дыскусіі, сустаршыня Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь” Улад Вялічка, мінулыя выбары ў Палату прадстаўнікоў – гэта своеасаблівая кропка адліку для новай фазы адносінаў з Еўрасаюзам. А таму ўдзельнікам БНП трэба зразумець, што чакаць ад гэтай фазы, што можа змяніцца ў поствыбарчы перыяд. Для ўдзелу ў абмеркаванні былі запрошаныя: палітолаг, прадстаўніца экспертнай супольнасці “Наша меркаванне” Валерыя Касцюгова, выканаўчая дырэктарка “ЕўраБеларусі” Таццяна Пашэвалава і дырэктар па даследаваннях “Ліберальнага клуба” Яўген Прэйгерман.

На думку Яўгена Прэйгермана, вельмі важна, каб парламенцкія выбары-2016 не сталі крокам назад. Беларуска-еўрапейскія адносіны павольна, але ўпэўнена працягваюць развівацца. У цэлым усё ідзе да таго, што мы набліжаемся да вырашэння кантэкстных пытанняў, такіх як візавая фасілітацыі і падпісанне пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве з ЕС, – адзначыў Яўген Прэйгерман. Ён нагадаў, што Беларусь – адзіная краіна рэгіёну, якая не мае такой дамовы. Супрацоўніцтва Мінска і Бруселя ў цяперашні час рэгулюецца дамовай, падпісанай яшчэ ў 1989 годзе СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю. На погляд Яўгена Прэйгермана, пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з Еўрасаюзам можа быць падпісанае “цягам бліжэйшага году”.

У сваю чаргу Валерыя Касцюгова выказала меркаванне, што фармальнага прызнання мінулых беларускіх выбараў з боку ЕС не адбудзецца, але нейкія пазітыўныя крокі будуць зафіксаваныя. Удзел жа Беларусі ў парламенцкай асамблеі “Еўранэст”, па словах Касцюговай, можа стаць прадметам гандлю, “хоць гэта не самае верагоднае развіццё падзей”.

У той жа час, лічыць Яўген Прэйгерман, запрашэнне Беларусі ў Еўранэст было б важным крокам для беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва.

Версію пра тое, што “пляцоўка Еўранеста можа быць “заіграна”, падтрымаў і Улад Вялічка. Пры гэтым ён не выключыў, што такі крок можа выклікаць рэзкую рэакцыю беларускіх палітычных сілаў. Пры гэтым кіраўнік “ЕўраБеларусі” задаў рытарычнае пытанне: чым, напрыклад, азербайджанскі парламент, які ўваходзіць у Еўранэст, адрозніваецца ад беларускага?

Момант працуе на карысць таго, кабзайграць гэтую пляцоўку. Але ў мяне няма дакладных рэкамендацый у гэтым выпадку”, – адзначыў Улад Вялічка.

Пра перспектывы развіцця беларуска-еўрапейскіх адносін для трэцяга сектара распавяла Таццяна Пашэвалава. Яна нагадала, што раней такія краіны, як, напрыклад, Германія, аказвалі тэхнічную падтрымку пераважна беларускай дзяржаве, а такія, як Швецыя – пераважна структурам грамадзянскай супольнасці. Цяпер гэты перакос выраўноўваецца і колькасць сродкаў, выдзеленых на гэтыя мэты, не змяншаецца, а павялічваецца. Пры гэтым донары настойваюць на большай празрыстасці фінансавых працэсаў для дзяржавы. Гэта значыць прадстаўнікам грамадскіх арганізацый давядзецца весці дыялог з прадстаўнікамі ўлады.

У цэлым, на думку ўдзельнікаў панэльнай дыскусіі, такі інструмент, як дыялог, у бліжэйшы час стане больш выкарыстоўвацца як пры ўнутраных адносінах з прадстаўнікамі дзяржорганаў, так і пры знешніх з прадстаўнікамі ЕС.

На погляд Яўгена Прэйгермана, у адкрытым дыялогу НДА могуць выйграць за кошт спецыялізацыі, займаючы тэматычныя нішы. Спецыялізацыя можа дазволіць ім заняць месца за сталом перамоваў, – перакананы лідар “Ліберальнага клуба”. Але каб дамагацца важных вынікаў, паводле яго слоў, перш за ўсё важныя настойлівасць і зацятасць.

У ходзе канферэнцыі таксама быў абраны новы склад Каардынацыйнага камітэту, прынятыя папраўкі ў Рэгламент.

Паводле службы інфармацыі ЕўраБеларусі

Вярнуцца ў катэгорыю "Актуальна"

  • Фэйсбук

  • Анонс падзеяў

    << Июн 2017 >>
    ПВСЧПСВ
    29 30 31 1 2 3 4
    5 6 7 8 9 10 11
    12 13 14 15 16 17 18
    19 20 21 22 23 24 25
    26 27 28 29 30 1 2