Як моладзь можа ўплываць на моладзевую палітыку?

Якое яно прававое становішча моладзі ў Беларусі? Як наладзіць камунікацыю паміж моладзевымі арганізацыямі? Як вырашаць праблему з фінансаваннем моладзевых НДА і крымінальнай адказнасцю за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый? Што дасць даследванне патрэбаў моладзі? Гэтыя тэмы ўздымаліся прадстаўнікамі моладзевых арганізацый у часе панельнай дыскусіі.

Нацыянальная рада моладзевых і дзіцячых арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі «РАДА» сумесна з Міжнародным Цэнтрам некамерцыйнага права (Вашынгтон) і Цэнтрам прававой трансфармацыі (Мінск) 25  верасня 2013 года зладзілі панэльную дыскусію на тэму прававога рэгулявання становішча моладзі ў Беларусі.

У межах сустрэчы было прадстаўлена экспертнае заключэнне «Прававое становішча моладзі ў Рэспубліцы Беларусь: аналіз заканадаўства», якое падрыхтаваў Цэнтр прававой трансфармацыі.

Прававыя ўмовы дзейнасці моладзі

Паводле складальніцы заключэння юрысткі Lawtrend Дар’і Каткоўскай, моладзевыя НДА на сённяшні момант маюць вельмі мала магчымасцяў уплываць на моладзевую палітыку ў краіне. Гэта абумоўлена рознымі прычынамі, напрыклад, адсутнасцю пэўнага органа альбо праграмы для працы з моладдзю, складанасцямі атрымаць рэгістрацыю. У Беларусі на сёння большасць зарэгістраваных моладзевых НДА так ці інакш звязаныя з спортам. Таксама,   паводле закона “Аб асновах моладзевай палітыцы” ніхто не можа быць манапалістам, у тым ліку гэта тычыцца і БРСМ, але на практыцы мы бачым адваротнае. Прысутнічае і прымус да ўступлення ў вышэйзгаданую НДА.

Дар’я Каткоўская адзначыла, што па законе моладзевыя НДА маюць права на фінансаванне, ільготы і субсідзіраванне праектаў. Па гэтыя сродкі можна звяртацца да раённых уладаў. Вельмі рэдка з гэтай магчымасці карыстаюць, і не факт, што яна спрацуе. Таксама можна скарыстаць, напрыклад, указ №300 пра атрыманне спонсарскай дапамогі ад камерцыйных арганізацый. За гэта можна расплаціцца пасільнай рэкламай.

Яшчэ адна праблема закранае тэму валанцёрства, якая цалкам неўнармаваная, апроч узгадак пра будаўнічыя атрады.

У часе дыскусіі таксама абмеркавалі міжнародны досвед механізмаў ўдзелу моладзевых арганізацый у працэсах па прыняцці грамадска-значных рашэнняў.  Паводле Наталлі Баржэлі (Міжнародны цэнтр некамерцыйнага права, ЗША), Беларусь адна з краінаў у рэгіёне з найбольш абмежавальным заканадаўствам. Прыкладам можа быць крымінальная адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый – артыкул 193.1.

Па сканчэнні афіцыйнай часткі ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць для нефармальных размоваў.

***

Генеральны сакратар Нацыянальнага моладзевага савету «Рада»  Зміцер Дабравольскіпракаментаваў вынікі сустрэчы, распавёў пра патрэбу даследвання стану моладзі ў Беларусі і неабходнасць камунікацыі паміж моладзевымі НДА.

“У межах беларускай Нацыянальнай платформы і Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ўдзел моладзі важны толькі ў тым выпадку, калі мы можам уплываць на развіццё моладзевай палітыкі ў краіне і гэтым самым набліжаць Беларусь да еўрапейскіх стандартаў. На сённяшні момант, не ведаючы ў якім стане знаходзіцца беларуская моладзь, на маю асабістую думку, плёну ад удзелу ў Форуме прадстаўнікоў беларускіх моладзевых арганізацый не шмат.”

“Нам спачатку трэба валодаць сітуацыяй, збіраць канкрэтныя факты і ведаць тое, што мы хочам змяніць і мець прапановы па гэтых зменах. Пры гэтым, гэтыя прапановы важна абмяркоўваць з моладзевымі арганізацыямі і ініцыятывамі, якія маюць пэўны ўплыў. Такіх працэсаў дагэтуль не было ў Беларусі. Мы не ведаем як сёння жыве моладзь. За выключэннем вострых момантаў, якія хвалююць шмат каго, напрыклад артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу. Але гэта агульная праблема.”

Сёння “РАДА” мае вялікі  спіс пытанняў, якія мы б хацелі задаць моладзі. Відавочна, што мы не прафесіяналы ў сацыялагічных апытаннях, і сваімі сіламі не выцягнем даследванне. Гэтым павінна займацца прафесійнае сацыялагічнае агенцтва. Аднак, на дадзены момант у нас няма такіх рэсурсаў на замову даследвання. Але мы гатовыя аддаць гэтыя пытанні таму, хто мае магчымасць і рэсурсы правесці сацыялагічнае даследванне.”

“Пакуль мы не будзем мець на руках доказы, бадацца з БРСМ – безсэнсоўна. Без доказаў крычаць пра 4,5 мільёны долараў, якія яны атрымліваюць з бюджэту і “моладзь у краіне шчаслівая”, глупства. Размова павінна грунтавацца на фактах.”

“Сёння актуальна стварэнне камунікацыйных і дыскусійных пляцовак, дзе мы зможам дамаўляцца пра супольныя дзеянні. Нас ізалявалі адзін ад аднаго наяўнасцю ці адсутнасцю рэгістрацыі. Адныя партызаняць, а іншыя афіцыйна дзейнічацюь, але не кажуць пра правы чалавека, бо гэта пагражае пазбаўленнем афіцыйнага статусу.”

“Каб шукаць нашыя агульныя пазіцыі і дамаўляцца – нам варта сустракацца. Магчымасць кансэнсусу існуе, і мы можам разам выпрацоўваць агульную пазіцыю адносна моладзевай сітуацыі ў краіне ды прапаноўваць канкрэтныя і эфектыўныя змены па яе паляпшэнні.”

Панельная дыскусія праходзіла пад эгідай IV Рабочай групы Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнаcці Усходняга Партнёрства ў межах праекту Еўрапейскай камісіі “Узмацненне патэнцыялу Нацыянальных Платформаў Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства”. Праект накіраваны на пабудову агульнай пляцоўкі для дыялогу арганізацый грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікоў улады і еўрапейскіх інстытуцый дзеля распрацоўкі праграм вырашэння актуальных праблем і ўплыву на працэс прыняцця рашэнняў на вышэйшым узроўні. Мерапрыемства арганізавана пры ўдзеле Асамблеі НДА.

Фота ampby.org

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства