Як захаваць і надалей умацоўваць незалежную журналісцкую супольнасць?

Як захаваць і надалей умацоўваць незалежную журналісцкую супольнасць? Якія выклікі стаяць перад сучаснай беларускай журналістыкай? Якія патрэбны рэформы дзеля набліжэння да еўрапейскіх стандартаў? Гэтыя пытанні абмяркоўваліся на круглым стале, прымеркаваным да Сусветнага дня свабоды прэсы, які быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН 3 мая ў 1994 годзе.

Удзел у дыскусыі ўзялі каля двух дзесяткаў медыяэкспэртаў і журналістаў, а таксама рэдактары нацыянальных і рэгіянальных недзяржаўных СМІ. Мадэраваў сустрэчу Эдуард Мельнікаў. На жаль, на круглы стол не зьявіліся запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства інфармацыі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ГА “Беларускі саюз журналістаў” ды Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Круглы стол складаўся з дзьвюх асноўных частак, якія тычыліся заканадаўства аб СМІ і практыкі яго выкананьня, а таксама рэальнага стану і пэрспэктываў разьвіцьця беларускай мэдыясфэры, і што рэальна можа зрабіць журналісцкая супольнасьць. Цягам мерапрыемства былі закранутыя самыя актуальныя тэмы і выклікі: заканадаўчыя і этычныя нормы, практыка правапрымяненьня, прафэсыйнасьць журналістыкі, манетызацыя СМІ ды шэраг іншых праблемаў.

01

Рэгістрацыя, акрэдытацыя і літара закону

Адным з праблемных момантаў у дзейнасьці незалежных СМІ ў Беларусі намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец лічыць наяўнасьць інстытуту абавязковай рэгістрацыі СМІ. Гэта само па сабе абмяжоўвае свабоду слова і супярэчыць міжнародным абавязальніцтвам у галіне свабоды слова, якія ўзяла на сябе Беларусь. Дагэтуль застаецца нявызначаным статус і інтэрнэт СМІ.

Таксама актуальная і праблема журналісцкай акрэдытацыі, якая ператварылася з дапаможнай для журналістаў меры ў абмежавальную. Існуе практыка спыненьня дзейнасьці СМІ пры наяўнасьці як мінімум двух папярэджаньняў з боку Міністэрства інфармацыі.

Рэдактар “Брестской газеты” Віктар Марчук указаў на праблему акрэдытацыі рэгіянальных газэтаў пры дзяржаўных органах, што стварае перашкоды ў доступе да інфармацыі. Так, паводле ягоных словаў, толькі 2 з 13 рэгіянальных выданьняў маюць такія акрэдытацыі.

Журналістка “Народнай Волі” Любоў Лунёва прапанавала дамагацца ад Міністэрства інфармацыі выкананьня роўнасьці СМІ. Бо праблемы ёсьць ня толькі з акрэдытацыяй. Нават зарэгістраваныя і афіцыйныя незалежныя СМІ часам ня маюць доступу да афіцыйнай інфармацыі праз існаваньне  “чорных сьпісаў выданьняў”, якім чыноўнікі адмаўляцца даваць камэнтары, а на брыфінгі запрашаецца пул журналістаў з дзяржаўных СМІ.

Галоўны рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько перакананы, што вельмі важна не баяцца дыскутаваць з тымі органамі, якія парушаюць законы, “бо яны ўсе баяцца публічнасьці”. Такога ж меркаваньня прытрымліваецца і Андрэй Бастунец.  Пра ўсе выпадкі парушэньняў заканадўства, перашкодаў у дзейнасьці журналістаў неабходна гучна казаць, зьвяртацца па кансультацыю ў юрыдычную службу БАЖ, пісаць скаргі на незаконныя дзеяньні прадстаўнікоў улады дзеля прыцягненьня іх да адказнасьці паводле заканадаўства.

Афіцыйны прадстаўнік тэлеканала “Белсат” у Беларусі Міхась Янчук лічыць, што ў сёньняшніх умовах, калі ўлады мэтанакіравана прыкладаюць усе намаганьні, каб з некалі магутнай  журналісцкай супольнасьці зрабіць гета праз розныя абмежавальныя мэханізмы,  вельмі важную ролю грае і журналісцкая салідарнасьць.

— Дзеля таго, каб сытуацыя з правапрымяненьнем у Беларусі палепшылася, тыя людзі, якія адказваюць за слова, павінны кіравацца словам Канстытуцыі. Гэта тыччцца, перадусім, самой рэдакцыйнай палітыкі выданьняў, а таксама камунікацыі з афіцыйнымі ворганамі, – упэўнены Міхась Янчук.

Удзельнікі дыскусіі пагадзіліся, што трэба працягваць на фармальным узроўні узаемадзейнічаць праз папяровы ціск узаемадзейнічаць з чыноўнікамі.

03

“Каб мець незалежную прэсу, грамадзтва павіннае прызвычаіцца да ахвяраваньняў”

Андрэй Дынько акрэсьліў адзін з выклікаў перад незалежнымі выданьнямі ва ўмовах рынку: якім чынам захаваць свой кантэнт і якасьць інфармацыі? Зараз адбываецца тэндэнцыя росту папулярнасьці інтэрнэт-версіяў выданьняў. Разам з тым зьніжаецца прыбытак ад продажу папяровых выданьняў, што вымагае ад рэдакцыяў пошуку і прыцягненьня рэкламадаўцаў у інтэрнэце.  Гэтыя грошыя дазволяць выданьням разьвівацца. Рэдактар “Нашай Нівы” адзначыў, што сёньня дзяржаўныя інтэрнэт-выданьні прайграюць незалежным у Сеціве.

На думку Андрэя Дынько, у інтэрнэт-прасторы застануцца і тыя выданьні, якія ня здолеюць выжыць толькі за кошт сродкаў ад публікацыі рэклямы. У зьвязку з гэтым спадар Дынько бачыць неабходнасьць прывучаць беларускае грамадзтва ахвяраваць на існаваньне інтэрнэт-сайтаў. Такі спосаб фінансаваньня дзейнасьці СМІ не ўнікальны для Беларусі. Напрыклад, у ЗША найбуйнешы рэсурс National Public Radio існуе выключна праз ахвяраваньні, што дазваляе захоўваць незалежнасьць ад дзяржавы і буйных карпарацыяў.

БАЖ як амбудсмэн па пытаньнях СМІ

Мэдыяэкспэрт Аляксандр Класкоўскі выказаў меркаваньне, што ў сёньняшніх умовах Беларуская асацыяцыя журналістаў мае ўзяць на сябе тую місію ў пытаньнях СМІ, якую на Захадзе выконваюць амбудсмэны і Нацыянальныя рады па пытаньнях мас-мэдыя. Створаная некалькі год таму фармальная струкутра на чале з Паўлам Якубовічам – Грамадзкая каардынацыйная рада ў сфэры масавай інфармацыі – не працуе.

Інтэрнэт стварае новыя выклікі для журналісцкай супольнасьці: карыстальніцкі кантэнт, мадэрацыя камэнтароў, асабістыя блёгі журналістаў ды іншае. Экспэрт упэўнены, што неабходна мадэрнізаваць этычны кодэкс БАЖ з улікам надыходу эпохі інтэрнэту, якая закранае як тэму аўтарскага права, хамства ў камэнтарах, так і выказваньняў у асабістых блёгах журналістаў.  “Не трэба блытаць свабоду з безкультурнасцью, калі ты публічная асоба”, – упэўнены спадар Класкоўскі.

Аўтарскае права, “жывая фактура” і дакладнасьць інфармацыі

Мэдыяэкспэрт, аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі адзначыў, што цытаваньне і перадрук матэрыялаў у беларускай мэдыйнай прасторы зараз у большасьці выпадкаў робіцца з гіперспасылкамі. Разам з тым рэдка спасылаюцца менавіта на сам артыкул. Захоўваецца тэндэнцыя парушэньняў у сфэры аўтарскага права на выкарыстаньне фотаздымкаў. Экспэрт акрэсьліў таксама асноўныя тэндэнцыі ў журналістыцы, якія ня вельмі аптымістычна гучаць для традыцыйных мэдыя.

— Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што неўзабаве журналістыка фактаў і навінаў больш ня будзе такой масавай прафэсіяй, як сёньня. Болей шанцаў на выжываньне застаецца ў аналітыкаў і калумністаў, вядоўцаў ток-шоў і аўтараў інтэрвію, дзе прысутнічае ня толькі факт, але і форма. Самай масавай сумежнай прафэсіяй будзе тэхнічная апрацоўка чужога кантэнту. У любым выпадку гэтыя прагнозы вымушаюць больш пільна разглядаць праблему  аўтарскага права ў інтэрнэце, але нейкай адзінай формулы вырашэньня гэтай  праблемы не існуе, – адзначыў Паўлюк Быкоўскі.

Экспэрты закранулі і тэму пошуку інфармацыі і яе крыніцаў. Сёньня не стае ў беларускай журналістыцы “жывой фактуры”. Дамінуюць матэрыялы, заснаваныя на паведамленьнях прэс-службаў, заяваў чыноўнікаў. І гэта зьвязана ня толькі з праблемамі доступу да інфармацыі і акрэдытацыяй. Неабходна зьвяртацца да простых людзей, да першасных крыніцаў.

— Ня толькі ўлады могуць выступаць адзінай крыніцай інфмармацыі, – упэўнены Эдуард Мельнікаў. –  Неабходна максымальна набліжаць тэмы да звычайных людзей, бо фактура нараджаецца ў штодзённым жыцьці. Калі ёсьць наяўнасьць факту, яго мусяць камэнтаваць кампэтэнтныя органы. Адсутнасьць тлумачэньня – таксама пазыцыя.

Аляксандр Класкоўскі акцэнтаваў увагу на тым, што спраўджваньне інфармацыі ёсьць паказчыкам якаснасьці і прафэсійнасьці. Аднак, часам бываюць выпадкі, калі папулярныя выданьні перадрукоўваюць “качкі” без праверкі дадзеных.

Удзельнікі дыскусіі таксама адзначылі, што вельмі важна выкарыстоўваць сродкі кшталту зваротнай сувязі дзеля ацэнкі дзейнасьці выданьня, запатрабаванасьці матэрыялаў у сваёй мэтавай аўыторыі.

Мерапрыемства праводзілася пад эгідай I Рабочай групы Нацыянальнай плятформы Форума грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга Партнэрства ў межах праекту Эўрапейскай камісіі “Ўзмацненьне патэнцыялу Нацыянальных Плятформаў Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства”. Праект накіраваны на пабудову агульнай пляцоўкі для дыялёгу арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, прадстаўнікоў улады і эўрапейскіх інстытуцыяў дзеля распрацоўкі праграмаў вырашэньня актуальных праблемаў і ўплыву на працэс прыняцьця рашэньняў на вышэйшым узроўні.