Наступствы адмены адтэрміноўкі вайсковай службы: чаго нам чакаць?

Законапраект, прыняты Палатай прадстаўнікоў «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы» каментуюць чальцы Беларускай нацыянальнай платформы: сябра Грамадскага Балонскага камітэта У. Дунаеў, сябра рады ЗБС Саша Кузьміч і старшыня моладзевай Рады З. Герыловіч.

Сутнасць паправак у тым, што між іншым Артыкул 32 названага закона дапаўняецца нормай аб тым, што адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве «для працягу адукацыі» будзе прадастаўляцца адзін раз. Адтэрміноўкі ад прызыву на службу, будуць дзейнічаць «да страты падставаў для іх прадастаўлення». Пры гэтым грамадзяне, якім такая адтэрміноўка была прадастаўлена ў сувязі з атрыманнем прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, правы на паўторную адтэрміноўку не атрымаюць.

Сябра Грамадскага Балонскага камітэта, прафесар Уладзімір Дунаеў: Перапыненне вучобы на службу ва ўзброеных сілах зніжае шанцы на працяг адукацыі і непазбежна адаб’ецца на якасці чалавечага капіталу.

«Закон супярэчыць абавязацельствам Беларусі, узятым пры уступленні ў Балонскі працэс, па забеспячэнні роўнага доступу да вышэйшай адукацыі і яго інклюзіўнасці. Імплементуючы балонскую архітэктуру вышэйшай адукацыі, наша краіна павінна забяспечваць не толькі роўныя магчымасці доступу на першую ступень вышэйшай адукацыі, але і даступнасць наступнага навучання ў магістратуры і аспірантуры. Перапыненне вучобы на службу ва ўзброеных сілах зніжае шанцы на працяг адукацыі і непазбежна адаб’ецца на якасці чалавечага капіталу.

Беларусь вылучаецца на фоне іншых краін Еўрапейскага прасторы вышэйшай адукацыі надзвычай нізкім узроўнем развіцця магістратуры і аспірантуры і, такім чынам, нізкім узроўнем даступнасці гэтых кваліфікацыйных прыступак. Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы» яшчэ больш пагоршыць гэтую сітуацыю. Акрамя таго, закон прывядзе да пагаршэння гендарнага балансу ў вышэйшай школе, фемінізацыі магістратуры і аспірантуры».

Сябра рады Задзіночання беларускіх студэнтаў, каардынатарка 4 працоўнай групы БНП «Кантакты паміж людзьмі» Саша Кузьміч.

«Мы, сябры ЗБС, лічым, што прыняцце Закона «Аб змяненні законаў у пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы» пашкодзіць беларускай адукацыі таму, што:

— навучэнцы каледжаў і прафесійна-тэхнічных ліцэяў, якія пойдуць у войска, хутчэй за ўсё, ніколі не атрымаюць вышэйшай адукацыі ці атрымаюць яе пасля значнага перапынку. У большасці сваёй яны ішлі атрымліваць сярэдне-спецыяльную адукацыю пасля 9 класа, каб потым паступіць у ВНУ, а ў іх фактычна адбіраюць гэтую магчымасць.

— ВНУ страцяць дзясяткі мільёнаў рублёў за кожны год недабору. магістрантаў і аспірантаў.

— Беларуская адукацыя недалічыцца велізарнай колькасці маладых выкладчыкаў з асяроддзя аспірантаў. Большасць маладых людзей паступае ў аспірантуру не толькі таму, што хоча займацца навукай і выкладаннем, але і таму, што можна рабіць гэта без «перапынку» на службу ў войску. – Студэнты, якія хацелі б паступаць у магістратуру, хутчэй за ўсё гэтага не зробяць. Тады яны не атрымаюць поўнага цыкла вышэйшай адукацыі, што зробіць іх па сусветных мерках «паў спецыялістамі».

— Хутчэй за ўсё, усё больш студэнтаў будуць навучацца і ўладкоўваць жыццё за мяжой.

Каб пазбегнуць негатыўных наступстваў закона, трэба даць магчымасць тым, хто хоча атрымаць адукацыю, рабіць гэта бесперапынна на ўсіх ступенях. Такім чынам, аднаразова выдаваць адтэрміноўку на кожны этап адукацыі: для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі і атрыманне вышэйшай адукацыі абодвух прыступак (асобна на аспірантуру і магістратуру).

А для таго, каб пазбегнуць адчувальнага недахопу прызыўнікоў, неабходна рэфармаваць механізмы альтэрнатыўнай службы і службы ў рэзерве, напрыклад, даць магчымасць сумяшчаць іх з навучаннем».

Зміцер Герыловіч старшыня Беларуcкага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА»: Нас не задавальняе тое, што закон прымаецца без грамадскага абмеркавання і ў такім хуткасным рэжыме.

«Грамадскасць, моладзевыя арганізацыі, якія зʼяўляюцца непасрэдна тымі, на каго распаўсюдзіцца дзеянне закона, ніяк не ўцягнутыя ў абмеркаванне.

Мы бачым патрэбу ў падтрыманні суверэнітэту краіны, але мы ўпэўненыя, што ёсць іншыя больш аптымальныя спосабы гэта зрабіць, чым адмена другой адтэрміноўкі для хлопцаў. Зараз прадстаўнікі моладзевых арганізацый абмяркоўваюць магчымы план дзеянняў па працы з дадзенай тэмай».