Жанна Літвіна: Буду гаварыць пра непераадольныя праблемы

Былая кіраўніца БАЖ Жанна Літвіна возьме удзел у працы першай канферэнцыі СМІ “Усходняга партнёрства”, якая пройдзе ў Рызе 21 траўня.

У яе запланавана сяміхвіліннае выступленне ў межах форуму.

„Я буду гаварыць пра тыя непераадольныя праблемы для беларускіх журналістаў, у тым і праблемы, якія закранулі Беларускае Радыё Рацыя,” — сказала Жанна Літвіна:

— Збіраюся назваць і выпадак, звязаны з з атрыманнем інтэрнетрэсурсам www.racyja.com афіцыйнага ліста за подпісам міністра інфармацыі, у якім выяўлена парушэнне закона аб СМІ і паведамляецца пра магчымае папярэджанне, і пра тое, што сайт можа быць заблакаваны. А гэта наўпрост парушае Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. А гэты пакт падпісаны Беларуссю.

Ад Міністэрства інфармацыі ў мерапрыемстве паўдзельнічае намеснік начальніка ўпраўлення прававой і кадравай работы ведамства Юрый Бябешка.

Адкрыюць першую канферэнцыю СМІ «Усходняга партнёрства» выступленні спікера Латвійскага соймуі Інары Мурніеце, еўракамісара па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах па пашырэнні Ёханеса Хана ды камісара Рады Еўропы па правах чалавека Нілса Мужніекса і прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуньі Міятавіч.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя