Аб ваеннай інтэрвенцыі Расіі ў незалежную Украіну

Мы, грамадзяне і прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь, асуджаем ваенную інтэрвенцыю Расіі ў незалежную Украіну, якая суправаджаецца ўводам расійскіх вайсковых фармаванняў на тэрыторыю Крыма і ўзброеным захопам расійскімі  ваеннымі, што ўжо знаходзяцца там, стратэгічна важных аб’ектаў і камунікацый, а таксама блакаваннем імі ўкраінскіх ваенных баз.

Для гэтай інтэрвенцыі Уладзімір Пуцін 1 сакавіка 2014 года атрымаў дазвол ад Савета Федэрацыі Расійскай Федэрацыі выкарыстоўваць ваенны кантынгент ва Ўкраіне. Напярэдадні, у дзеяннях захопніцкага характару ў адносінах да Ўкраіны, з боку Расіі ўжо былі выкарыстаныя расійскія вайсковыя фармаванні, якія знаходзяцца ў Крыме на аснове Харкаўскага пагаднення аб базаванні Чарнаморскага Флота Расіі ў Крыме, падпісанага Дзмітрыем Мядзведзевым і Віктарам Януковічам у 2010 годзе.

Расійскай Федэрацыяй у дачыненні да Украіны парушаныя асноўныя і агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права, што дае падставы Ўкраіне для рэалізацыі неад’емнага права на індывідуальную і калектыўную самаабарону, замацаванага ў арт.51 статута ААН. Ваенная інтэрвенцыя ў Крыме парушае абавязацельствы Расіі па міжнародных дамовах, у тым ліку , па Будапешцкім мемарандуме аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Рэспублікі Беларусь да Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, а таксама па Мемарандуме аб падтрыманні міру і стабільнасці ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Мы заклікаем Расійскую Федэрацыю неадкладна спыніць ваенную інтэрвенцыю, у тым ліку, дзеянні па блакадзе і раззбраенні ўкраінскіх вайсковых фармаваньняў, захопе і ўтрыманню стратэгічна важных аб’ектаў. Мы патрабуем спынення ўмяшання Расіі ў справы незалежнай дзяржавы Украіны!

Мы заклікаем кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь не прымаць рашэнні па ўдзеле беларускіх вайскоўцаў у дзеяннях Расійскай Федэрацыі ва Ўкраіне, і нагадваем, што падобныя дзеянні не прадугледжаны дамовай па АДКБ.

Мы заклікаем падпісантаў Будапешцкага мемарандума прыняць неадкладныя меры па выкананні сваіх абавязацельстваў па абароне суверэнітэту і цэласнасці Ўкраіны. У сувязі з гэтым мы выступаем таксама за неадкладныя дзеянні сусветнай супольнасці, накіраваныя на ўрэгуляванне ваеннага супрацьстаяння Расіі і Ўкраіны, якая пагражае перарасці ў кровапралітную вайну. У першую чаргу, такімі нам бачацца дзеянні мірнага характару па палітычнаму ціску на Расію з мэтай яе адмовы ад ваеннай інтэрвенцыі ва Ўкраіну. Мы прапануем прыняць рашэнні аб прыпыненні сяброўства Расеі ў G8, G20 і СГА, спыніць імпарт у Расію тэхналогій падвойнага прызначэння, якія могуць быць выкарыстаны ў ваенных дзеяннях, замарозіць актывы расійскіх афіцыйных асоб, адказных за ваенную інтэрвенцыю ва Ўкраіну, а таксама актывы кампаній, якія вырабляюць прадукцыю ваеннага прызначэння, у краінах ЕС і ЗША. Прапануем таксама ў сувязі з ваеннай інтэрвенцыяй Расіі разгледзець пытанне аб пазбаўленні Расіі права правядзення чэмпіянату свету па футболе 2018 г.

Мы лічым , што сёння найбольш важным з’яўляецца недапушчэнне маштабнага ўзброенага канфлікту Расіі і Ўкраіны. Гэты канфлікт можа прывесці да масавых ахвяраў, у тым ліку, сярод мірнага насельніцтва, куды могуць патрапіць і этнічна рускія, чые правы нібыта абараняе Расія. Вынікам ваенных дзеянняў у Крыме і Ўкраіне могуць стаць цяжкапераадольныя ў бліжэйшай перспектыве экалагічныя наступствы, ператварэнне цяперашніх курортаў, прыродных комплексаў і сельскагаспадарчых зямель у тэрыторыі, непрыдатныя для жыцця.

Мы заклікаем усе бакі не дапусціць новай вайны, новай гуманітарнай, міжнацыянальнай, эканамічнай і экалагічнай катастрофы!

Мы звяртаемся да нашых калег з іншых краін у рамках Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выказаць агульнае стаўленне грамадзянскай супольнасці краін Усходняга партнёрства да гэтай сітуацыі.

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (больш за 60 арганізацый).

Зварот накіраваны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, прэзідэнту Расійскай Федэрацыі, прэзідэнту ЗША, Еўрапейскаму Савету, Савету міністраў краін ЕС

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства