Грамадзкасьць адновіць працу над Усеагульнай дэклярацыяй лінгвістычных правоў

16 красавіка ў межах беларускай Нацплатформы пры падрымцы Асамблеі НДА адбыўся круглы стол «Канфліктагеннасьць моўнай сытуацыі ў Беларусі ў новых геапалітычных умовах і досьвед Эўрапейскага зьвяза”. Вядомыя мовазнаўцы і грамадзкія дзеячы абмеркавалі міжнароднае моўнае права, неабходнасьць вяртаньня беларускіх НДА да працы над Усясьветнай дэклярацыі лінгвістычных правоў, а таксама падтрымалі ініцыятыву юрыста Гары Паганяйла зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд з просьбай узбудзіць вытворчасьць па справе аб выдаленьні ў заканадаўстве аб мовах прабелаў, выключэньні ў ім калізіяў і прававой нявызначанасьці.

У дыскусіі бралі ўдзел навукоўцы, літаратары, грамадзкія дзеячы Алена Анісім, Пётра Садоўскі, Вінцук Вячорка, Валер Булгакаў, Лявон Баршчэўскі, Зьміцер Саўка, юрыст Гары Паганяйла ды іншыя.

На пачатку дыскусіі Вінцук Вячорка адзначыў актуальнасьць пытаньня статусу беларускай мовы ў Беларусі ў зьвязку з палітыкай Расеі ня толькі ва Ўкраіне, але і тымі шматгадовымі праграмнымі крокамі Расеі па “абароне ўсіх рускамоўных”.

Мовазнаўца і намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісімраспавяла пра стандарты міжнароднага моўнага права і эўрапейскай падтрымкі моўнай разнастайнасьці. Так, прыкладам, артыкул 5 Ўсеагульнай дэклярацыі ЮНЭСКА аб культурнай разнастайнасьці гаворыць:

“Культурныя правы складаюць неад’емную частку правоў чалавека, якія зьяўляюцца унівэрсальнымі, непадзельнымі і ўзаемазалежнымі. Неабходнай умовай для разьвіцьця творчай разнастайнасьці зьяўляецца рэалізацыя ў поўным аб’ёме культурных правоў, як гэта вызначана ў артыкуле 27 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і ў артыкулах 13 і 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Адпаведна, кожны чалавек павінен мець магчымасьць для самавыяўленьня, творчасьці і распаўсюджваньня сваіх твораў на мове на свой выбар, і ў прыватнасьці на сваёй роднай мове; кожны чалавек мае права на якасную адукацыю і прафэсійную падрыхтоўку ва ўмовах поўнай павагі да яго культурнай самабытнасьці; кожны чалавек павінен мець магчымасьць удзельнічаць у культурным жыцьці па сваім выбары і прытрымлівацца сваіх культурных традыцый пры ўмове захаваньня правоў чалавека і асноўных свабодаў.»

anisimПаводле Алены Анісім, пры ўсёй сваёй унівэрсальнасьці і агульнасьці гэтыя прынцыпы задаюць важны альгарытм для ўзаемадзеяньня як паміж асобнымі людзьмі, так і паміж народамі. Ад таго наколькі выконваюцца гэтыя палажэньні ў грамадзтве, залежыць агульная сытуацыя ў любой краіне.

Спадарыня Алена адзначыла, што падзеі ва Ўкраіне сьведчаць пра тое, што там, дзе моўнае пытаньне размытае, пытаньне далучэньня да Расеі вырашаецца амаль аўтаматычна. Без мовы немагчымы патрыятызм — абарона самога сябе, сваёй сям’і і сваёй Радзімы, падкрэсьліла мовазнаўца.

— Разам з тым, размова пра мову можа ісьці толькі на ўзроўні культуры. Калі я кажу пра патрыятызм, то для мяне ён – гэта найвышэйшая праява культуры чалавека, культуры яго адносін да самога сябе, сваёй сям’і, сваёй краіны і да культуры таго народу, прадстаўніком якога ён зьяўляецца, альбо культуры таго народу, сярод якога ён хоча жыць. На гэтым узроўні гаварыць пра нейкія нізкія праявы – значыць зьніжаць узровень культурнага ўзаемадзеяньня.

На  думку грамадзка-палітычнага дзеяча і мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, задача сьвядомых беларусаў ў тым, каб для выяўленьня беларускасьці у кожным з тых, хто нарадзіўся і вырас на Беларусі, стварыць атмасфэру вяртаньня да сябе. “І ў гэтым сэнсе сьвядомая меншасьць вядзе большасьць”, — падкрэсьліў спадар Вячорка.

Ён прапанаваў актуалізаваць сэнс “Усеагульнай дэклярацыі лінгвістычных правоў”  – працоўны дакумэнт ЮНЭСКА, ініцыяваны каталёнцамі ў 1996 годзе, а таксама ўзнавіць абмеркаваньне праекта гэтага міжнароднага акту. Удзельнікі Круглага стала падтрымалі прапанову аднавіць працу Беларускай нацыянальнай групы над праектам гэтага актуальнага дакумэнта і прыцягнуць да гэтай дзейнасьці Таварыства беларускай мовы, Таварыства беларускай школы, Беларускі ПЭН-цэнтар, а таксама Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

stol3

Беларускі мовазнавец, палітык і дыплямат, кандыдат філялягічных навук Пётра Садоўсківыказаў меркаваньне пра тое, што заклік англійскіх каланістаў у Паўночнай Амерыцы XVIII стагодзьдзя “Ніякіх падаткаў без прадстаўніцтва ў парлямэнце Велікабрытаніі!” можна экстрапаляваць на розныя ўзроўні, у тым ліку і на адмову ад падаткаў пры парушэньні правоў беларускіх грамадзянаў на атрыманьне адукацыі і інфармацыі ў электронных СМІ на роднай мове.

Рэдактар часопіса “Архэ” Валер Булгакаў лічыць малаверагоднай зьмену курсу беларускага кіраўніцтва ў моўным пытаньні, бо іначай Расея зьменіць правілы гульні. Вось чаму ў краіне па-беларуску навучаюцца 670 студэнтаў і ў год выдаецца на роднай мове 600 кніжак, у тым ліку 226 — дзяржаўнымі выдавецтвамі.

Вядомы адвакат Гары Паганяйла прапанаваў падрыхтаваць зварот у Канстытуцыйны суд з просьбай узбудзіць вытворчасьць па справе аб выдаленьні ў заканадаўстве аб мовах прабелаў, выключэньні ў ім калізіяў і прававой нявызначанасьці. Паводле ягоных слоў, Закон аб мовах не ўтрымлівае прававых мэханізмаў, якія забясьпечвалі б баланс ў выкарыстаньні дзьвюх дзяржаўных моваў, прыярытэтнага вывучэньня і выкарыстаньня нацыянальнай мовы тытульнай нацыі з улікам гістарычных, дэмаграфічных і лінгвістычных асаблівасьцяў разьвіцьця Беларусі як незалежнай дзяржавы.

stol1

Удзельнікі дыскусіі пагадзіліся стварыць рэдакцыйную групу па ўдасканаленьні звароту і зьвярнуцца да шырокага кола грамадзкасьці з просьбай дасылаць дакумэнт у Канстытуцыйны суд Беларусі.

Па выніках Круглага стала былі выпрацаваныя шэраг практычных рэкамэндацый і акрэсьленыя наступныя крокі для дзейнасьці і актуальныя пытаньні для далейшага абмеркаваньня. Мерапрыемства ладзілася пры падтрымцы Асамблеі НДА ў межах беларускай Нацыянальнай плятформы Форума грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства.

Паводле belngo.info. Артыкул падрыхтаваны пры выкарыстаньні матэрыялу “Новага часу”

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства