Заява Беларускай нацыянальнай платформы

Заява Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства з нагоды падпісання Рэспублікай Беларусь дамовы аб стварэнні Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЕАЭС).

Мы, прадстаўнікі арганизацый грамадзянскай супольнасці, аб’яднаныя ў межах Беларускай нацыянальнай платформы, выказваем сваю нязгоду з падпісаннем Аляксандрам Лукашэнкам ад імя нашай краіны дамовы аб стварэнні Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Падпісанне дамовы аб стварэнні ЕАЭС наносіць істотную шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, а таксама пазбаўляе нашу краіну шэрагу магчымасцяў геапалітычнага і цывілізацыйнага выбару, у тым ліку больш шчыльнага і перспектыўнага супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам і выкарыстання патэнцыяла Ўсходняга партнёрства.

Стварэнне ЕАЭС фактычна з’яўляецца альянсам аўтсайдэраў і не можа быць супрацьвагай Еўрапейскаму Саюзу ні па эканамічных параметрах, ні па якасных інстытуцыянальных і палітычных характарыстыках. Дамова аб ЕАЭС носіць дэкларатыўны характар і не можа забяспечыць задавальненне доўгатэрміновых інтарэсаў Рэспублікі Беларусь.

У актуальнай сітуацыі ўдзел у інтэграцыйных праектах з Расійскай Федэрацыяй ва ўмовах фактычнай ваеннай агрэсіі гэтай краіны ў дачыненні да Украіны таксама наносіць шкоду рэпутацыі і інтарэсам Беларусі ва ўзаемаадносінах з нашым паўднёвым суседам.

Прыняцце рашэнняў аб удзеле нашай краіны ў наднацыянальных інтэграцыйных ініцыятывах такога кшталту і маштабу павінна адбывацца выключна на падставе вынікаў шырокага волевыяўлення грамадзян Беларусі. Паставіўшы свой подпіс пад дамовай аб ЕАЭС, Аляксандр Лукашэнка фактычна пазбавіў грамадзян права выбіраць геапалітычны накірунак развіцця Беларусі.

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (больш за 60 арганізацый)

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства