Імплементацыя, дыферэнцыяцыя, камунікацыя і Расія

16 чэрвеня ў Бруселі адбылося чарговае пасяджэнне І Рабочай групы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства па пытаннях дэмакратыі, належнага кіравання і стабільнасці.

Асноўным выклікам сустрэчы сталася фармаванне новага парадку дня з улікам аспектаў рэгіянальнага крызісу і надыходзячага V Форума грамадзянскай супольнасці. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі і дэлегаты надалі праблеме міжнароднай і рэгіянальнай бяспецы, а таксама яшчэ больш актуалізаванаму пытанню свабоды СМІ.

Падзеі ва Украіне, што распачаліся напярэдадні Саміта Усходняга партнёрства ў Вільні, цалкам змянілі ход і, уласна, успрыняццё ўсёй праграмы. Рэгіён апынуўся ў сітуацыі палітычнага дуалізму: разам з прасоўваннем у падпісанні Пагадненняў аб асацыяцыі з Грузіяй і Малдовай, пашырэннем цікаўнасці да праграмы з боку вышэйшых прадстаўнікоў Еўрапейскага Саюза і шэрагу лідараў краін-рэгіёну, існуе сур’ёзны канфлікт стасункаў у еўрапейскім і еўразійскім кірунках і яго моцная эскалацыя з боку Расіі.

Беларусь, Арменія і Азербайджан апынуліся на пазіцыях аўтсайдэраў праграмы, значна аддаліўшыся ад калег па рэгіёну.

Рычард Тыбелс, старшыня аддзялення Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па Усходнім партнёрстве і рэгіянальным узаемадзеянні, адзначыў, што двухбаковыя стасункі з Беларуссю цалкам захраслі праз сітуацыю з палітычнымі зняволенымі – іх вызваленне неабходнае для далейшага прасоўвання. Аднак маленькія крокі з боку Еўрапейскага саюза ўсё ж робяцца: распачатыя перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму, на прамежкавай стадыі камунікацыі з уладамі знаходзіцца праграма Дыялогу па мадэрнізацыі.

Каментуючы сітуацыю з Беларуссю, сп.Тыбелс адзначыў:

– Дамова аб паглыбленні зоны свабоднага гандлю (DCFTA) не канкурэнтаздольнае ў параўнанні з умовамі, якія дае Мыты саюз. Стасункі паміж ЕС ды Расіяй і Еўразійскім саюзам ды Расіяй знаходзяцца на кардынальна розных узроўнях. З Беларуссю мы прайшлі праз працяглы перыяд перамоваў перад Віленскім самітам і цяпер маем дыялог па спрашчэнні візавага рэжыму. Варта адзначыць, што Усходняе партнёрства для краін-удзельніц мае вельмі важную ролю – падкрэслівае іх важнасць на міжнародным полі. Мы ставімся да гэтых шасці краін як да самастойных і незалежных і ў шырокім сэнсе гэта ўплывае на тое, якая роля адводзіцца ім іншымі прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці.

У кантэксце надыходзячага Саміту Форума ў Рызе, Рычард Тыбелс агучыў чатыры галоўныя словы, якія мусяць вызначаць новую стратэгію праграмы: імплементацыя (маецца на ўвазе належная рэалізацыя пагадненняў аб асацыяцыі); дыферэнцыяцыя (у кантэксце розніцы становішча краін рэгіёну); камунікацыя (якая павінна забяспечыць распаўсюд адкрытай і праўдзівай інфармацыі); і Расія (яе ўплыў больш не можа пакідацца без уліку).

Сінція Бернава, якая прадстаўляла няўрадавую арганізацыя DONUM ANIMUS (Латвія), адзначыла тры галоўныя прыярытэты будучага прэзідэнцтва Латвіі ў Еўрасаюзе. Разам з узмацненнем ролі ЕС на міжнароднай арэне, асобная ўвага будзе надавацца еўрапейскаму ўплыву ў краінах рэгіёну Усходняга партнёрства і Цэнтральнай Азіі. Не толькі прадстаўнікі ўлады, але і грамадзянская супольнасць стануць аб’ектамі сталага і паспяховага дыялогу. У сваю чаргу, Рыжскі Саміт мусіць падсумаваць усе дасягненні праграмы УП з моманту Саміта ў Вільні, асабліва ў тым, што датычыцца свабоды СМІ.

Спецыяльная панэль была адведзеная дэлегатам для асвятлення сітуацыі ў краінах Усходняга партнёрства.

– Пасля Віленскага Саміту адбылося болей, чым за пяць гадоў перад ім, – адзначыў Уладзімір Купрый з Творчага цэнтру ТЦК (Украіна). – Пасля падпісання Украінай першай часткі Пагаднення аб асацыяцыі грамадзянская супольнасць як ніколі сталася актыўнай і ўключанай, з’явілася магчымасць пэўнага кантролю дзеянняў улады, сталі магчымымі фармаванне парадку дня і прапановаў па рэформах ад імя грамадзянскай супольнасці, рэальная праца па пераадоленні карупцыі і шырокія маніторынгі.

Хачу адзначыць, што вельмі важнай сталася салідарнасць. Нам было б вельмі цяжка без вас. Хуткая і дакладная рэакцыя на падзеі, што адбываюцца ў нашых краінах – гэта падтрымка для тых, хто змагаецца за станоўчыя змены.

Аднак варта ўлічваць, што мы сутыкнуліся з сапраўднай вайной новай формы – з вынікамі шматгадовай прапаганды. Мусім разумець, што талерантныя дэмакратычныя дзеянні патрабуюць значна больш часу і выклікаў, чым простыя схемы 20-х і 30-х гадоў, якія надзіва спрацавалі. Прычына канфлікту ва Украіне сёння – не мова. Гэта вынікі ідэалагічнай прамыўкі, з якой складаней змагацца, чым мы думаем.

Сп. Купрый таксама крануў распрацоўку новай стратэгіі Усходняга партнёрства і адзначыў, што ў ёй мусіць улічвацца розніца паміж сучаснай сітуацыяй і сітуацыяй пяцігадовай даўніны, розніца паміж краінамі рэгіёну, мусяць быць новыя якасці і новыя задачы.

– Мы не павінны дапусціць, каб сітуацыя ў рэгіёне і палітыка Расіі перасварылі нас, раз’ядналі, і гэта мусіць быць улічана ў стратэгіі, – заявіў выступоўца.

Праблему расійскага ўплыву адзначылі таксама і прадстаўнікі Грузіі ды Малдовы.

– Адказ на пытанне, што можа зрабіць грамадзянская супольнасць, каб палепшыць сітуацыю, – адыходзіць ад Расіі ў цывілізацыйным плане, праводзіць рэформы, дапамагаць адзін аднаму ў рэгіёне, аказваць рэальную падтрымку і праяўляць салідарнасць, – адзначыў Лаша Тугушы з Еўрапейскай ініцыятывы (Ліберальная акадэмія Тбілісі, Грузія).

У сваю чаргу, Лілія Карасчук, прадстаўнічка Transparency International Moldova, закранула моўны аспект канфлікту і заклікала шукаць шляхі тлумачэння рускамоўным часткам насельніцтва, што Расія выкарыстоўвае іх у сваіх інтарэсах, і калі расійскі ўплыў будзе меншы, нацыя будзе мацней.

Праграма Усходняга партнёрства аб’ектыўна знаходзіцца на этапе найбольшых выклікаў адносна далейшага стратэгічнага развіцця, маючы, у тым ліку, моцную дыферэнцыяцыю адносна заангажаванасці краін рэгіёну ў яе рэалізацыю. Распрацоўка новай стратэгіі павінна стаць адказам на гэтыя выклікі і паспрыяць узмацненню рэгіянальнай бяспекі, улічваючы праблемны стан свабоды СМІ, розніцу дачынення да Расіі і ЕС у розных краінах рэгіёну.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства