Улад Вялічка: У Батумі не адбылося пераходу ФГС УП да праактыўнай пазіцыі

Што адбылося на VI Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Батумі, а чаго не здарылася? Наколькі апраўдаліся чаканні ад дадзенай падзеі?

— Галоўнае, што здарылася на гэтым форуме — больш сур’ёзнае разуменне выклікаў, якія стаяць перад краінамі Усходняга партнёрства. Пытанне бяспекі тут з’яўляецца дамінуючым, таму што дзяржавы-ўдзельніцы праграмы і на ўзроўні ўрадаў, і на ўзроўні грамадзянскай супольнасці не адчуваюць сябе абароненымі ў сучасных умовах. Гэта звязана і з паводзінамі Расеі ў рэгіёне, і з мяккасцю, нерашучасцю Еўрасаюза па рэфармаванні Усходняга партнёрства з улікам дадзеных выклікаў. Так што, асноўны пафас гутарак у ходзе форуму — гэта трывожнасць. Ніхто не спісвае з рахункаў Усходняе партнёрства. Яно па-ранейшаму застаецца ці не адзінай прапановай шматбаковага фармату, якую могуць выкарыстоўваць усе ўваходзячыя ў ініцыятыву краіны. Але, у той жа час, УП мае цяжкасці, што прызнаецца, як мінімум, грамадзянскай супольнасцю ўсіх шасці краінаў. Гэта канстатуюць нават прадстаўнікі тых дзяржаваў, якімі падпісаны пагадненні аб асацыяцыі з ЕС.

Што не здарылася ў Батумі, дык гэта пераходу самога форуму да праактыўнай пазіцыі. Па-ранейшаму мы тут вядзем размову хутчэй з пазіцыі аб’ектыўнай ацэнкі складанай сітуацыі, чым у рэжыме падрыхтоўкі сябе да дзеянняў у такой сітуацыі. Гэта значыць, гучаць заклікі да актыўных паводзінаў у складанай абстаноўцы, аднак пакуль дастаткова дрэнна праглядаецца, што менавіта трэба рабіць.

Добра, што на сустрэчы ў Батумі была прынятая новая стратэгія Форуму грамадзянскай супольнасці на 2015-2017 год. Цяпер у нас ёсць стратэгічны дакумент, які апісвае, у тым ліку, рэлевантныя на сёння выклікі. Аднак ёсць пытанні з механізмамі працы з гэтымі выклікамі. І гэта магло б стаць не толькі прадметам абмеркавання канчатковай часткі гэтага форуму, але і галоўнай тэмай пасля форуму. У рэжымах тэматычных груп, у рэжыме індэкса, у рэжыме перамоваў я б рабіў стаўку на гэтыя пытанні.
Шматлікія ўдзельнікі форуму звярталі ўвагу на адсутнасць у Батумі прадстаўнікоў кіраўніцтва ЕС і Грузіі. Ці азначае гэта, што форум драбнее, губляе сваю значнасць?

— Гэта вельмі дрэнны знак для нас, што мы не дачакаліся афіцыйных асобаў высокага ўзроўню на сустрэчы ў Батумі, перш за ўсё, з еўрапейскага боку. Таму што да гэтага на ўсіх пяці форумах грамадзянскай супольнасці было самае высокае прадстаўніцтва на ўзроўні еўрапейскага камісара Штэфана Фюле. І тое, што ў гэты раз замест прысутнасці еўракамісара на форум быў перададзены яго відэазварот, мы не можам разглядаць інакш як падзенне статусу, паніжэнне ўвагі да форуму, як да інструмента Усходняга партнёрства, нягледзячы на запэўніванні афіцыйных асобаў. Гэта ў меншай ступені адносіцца да грузінскіх афіцыйных асобаў, тым больш, што прэзідэнт Грузіі прысвяціў форуму свой відэазварот, а сёння з намі ў залі прысутнічаў спікер парламента краіны. Я думаю, рэакцыя на форум афіцыйнага Тбілісі была звязана акурат з адсутнасцю на мерапрыемстве прадстаўнікоў ЕС. Тым не менш, хочацца спадзявацца, што адсутнасць афіцыйнага кіраўніцтва ЕС — гэта праблема трансфармацыі Еўракамісіі. У яе новага складу паўнамоцтвы доўжацца ўсяго тры тыдні, а таму, магчыма, афіцыйныя прадстаўнікі ЭЗ не маглі гарантаваць свой удзел у дадзеным форуме.
Што, на ваш погляд, вынесла для сябе беларуская дэлегацыя ад удзелу ў дадзеным форуме?

— На дадзены момант ідзе праца ў групах і мы пакуль яшчэ не змаглі сустрэцца і падвесці вынікі. Але я вынес для сябе, што першае, пра што варта паклапаціцца беларусам — гэта аб гарантыях ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў працэсах Усходняга партнёрства, асабліва ў міждзяржаўных адносінах. Таму што мы назіраем відавочны трэнд у бок падзелу камунікацыі з боку ЕС на два паралельных патокі: на дыялог з дзяржавай і дыялог з грамадзянскай супольнасцю. Гэта супраць нашых інтарэсаў. Тым самым мы, фактычна, адсоўваемся ў зону аўтсайдэраў. Можа быць, ёсць і наша віна у тым, што мы не здолелі рэалізаваць магчымасці, якія мелі раней. Але з іншага боку, я назіраю, што фактычна перамагае дыпламатычная лінія афіцыйнага Мінска на выцісканне грамадзянскай супольнасці з працэсаў Усходняга партнёрства. Таму, думаю, што асноўным прадметам нашага клопату павінна быць магчымасць сядзець за адным сталом з афіцыйнымі асобамі Мінска і абмяркоўваць з імі агульныя для нашай краіны пытанні.
На гэта можа паўплываць Форум?

— На гэта можа паўплываць ўся дынаміка Усходняга партнёрства. Дадзеная магчымасць вельмі моцна залежыць ад таго, як менавіта інтэрпрэтуюць такога роду праблему ўрады краінаў Еўрасаюза і сам Еўрасаюз. Пакуль, мне здаецца, яны недастаткова сур’ёзна да яе ставяцца і гатовыя пагадзіцца на прапанаваную афіцыйным Менскам тактыку. У гэтым выпадку мы будзем хутчэй рытуальным элементам Усходняга партнёрства, чым кампанентам, які прыўносіць змест. Я спадзяюся, што гэтага яшчэ можна пазбегнуць.

З Уладам Вялічка гутарыў карэспандэнт прэс-службы “ЕўраБеларусі”

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства