Адбылася сустрэча прадстаўнікоў БНП з Цімам Вікеры

18 сакавіка адбылася сустрэча прадстаўнікоў Беларускай нацыянальнай платформы з кансультантам шведскага агенцтва развіцця СІДА Цімам Вікеры.

Цім Вікеры мае досвед працы ў нашым рэгіёне (працаваў ва Ўкраіне з 1995 году). Ён прыехаў у Беларусь, каб сабраць меркаванні беларускіх прадстаўнікоў платформы наконт аспектаў яе функцыянавання, з мэтай дасягнення лепшых рэзультатаў.

Аб выніках сустрэчы з экспэртам распавёў Улад Вялічка, генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыюма “ЭўраБеларусь”, старшыня Каардынацыйнага камітэта Беларускай Нацыянальнай платформы ў 2009-2011 гады:

На сустрэчы гаворка вялася пра падтрымку і паляпшэнне дзейнасці беларускай платформы, яе структурную аптымізацыю, магчымасці прыцягння экспертнага рэсурсу, падтрымку беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ў сітуацыі інфармацыйнай вайны.

Я задаволены  тым, што адбылася актуалізацыя пытанняў, бо гэта дае магчымасць перазапусціць працэс самавызначэння і  чарговы раз падумаць, чым павінна займацца нацыянальная платформа ў гэты перыяд часу ў Беларусі і ва Ўсходнім партнёрстве.

Паводле Ўлада Вялічкі, добрымі вынікамі сустрэчы можна назваць наяўнасць канкрэтных прапановаў па арганізацыі інфраструктурнай і фінансавай частак працы БНП. “Фонд хуткага рэагавання” ці ідэя стварэння сакратарыяту БНП –добрыя прапановы, але пакуль, на жаль, без кантэксту. Спадар Вялічка лічыць, што беларускім удзельнікам нацплятформы час вызначацца, якія прапановы для іх прыярытэтныя, а якія зьяўляюцца другасным, бо ўсе іх будзе цяжка эфектыўна рэалізаваць.

Паводле Ўлада Вялічкі, кансультацыя са шведскім экспертам у будучым дапаможа камунікацыі і супрацоўніцтву беларускай і шведскай нацыянальнай платформе, якая знаходзіцца на стадыі фармавання.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства