Фармат Усходняга партнёрства могуць перагледзець

Канцэпцыя Усходняга партнёрства можа быць перагледжаная. Пра гэта ўсё часцей кажуць еўрапейскія і беларускія палітолагі. Праект Еўрасаюза, накіраваны на паглыбленне адносінаў з Беларуссю, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй, Малдовай і Украінай, можа паступова згаснуць, заявіў у інтэрв’ю Еўрарадыё беларускі эксперт Дзяніс Мельянцоў.

Палітолаг, супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносінаў, Аркадзь Мошас распавядае: сярод аналітыкаў ходзіць меркаванне, што пасля Рыжскага саміта Усходняга партнёрства, які адбудзецца 21-22 траўня ў латвійскай сталіцы, праграма пачне згортвацца, бо асаблівых поспехаў яна не прадэманстравала. Але разам з тым, адзначае палітолаг, у бюракратычных падыходах вельмі цяжка спыніць любую такую вялікую ініцыятыву. Бо яна завязаная на людзях, на пасадах, на фінансаванні. Калі ўсё ж адбудзецца перагляд канцэпцыі Усходняга партнёрства, тады “праграма будзе развальвацца на 6 асобных “двухбаковых” тракаў. Але фармальна любы поспех у любым з гэтых тракаў можна будзе аб’яўляць поспехам усёй праграмы. Мяркую, так гэта і будзе адбывацца”.

Аркадзь Мошас

Эксперт усё ж адзначае, што праграма Усходняга партнёрства прынесла шмат станоўчага. Па-першае, у самім Еўрасаюзе зразумелі, што ўсходняя перыферыя ЕС не мусіць заставацца без увагі, а ўзаемадзеянне з гэтым рэгіёнам у інтарэсах усяго ЕС. Да таго ж падпісана некалькі дамоваў, якія знаходзяцца ў працэсе ратыфікацыі.

Эльжбэта Каца

Польскі палітолаг Эльжбэта Каца кажа, што цяпер у Еўрасаюзе ідзе перагляд “палітыкі суседства”. Падчас яго вядзецца шмат дыскусій, але пэўнага кансенсусу няма. Вынікі гэтых кансультацый могуць паўплываць і на ступень узаемадзеяння з краінамі, на якія накіраваная праграма Усходняга партнёрства.

“Вядома, ёсць рызыка, што палітычнае ўзаемадзеянне з краінамі-ўдзельніцамі Усходняга партнёрства зменшыцца. Гэтае змяншэнне будзе значыць, што краіны праграмы не будуць больш атрымліваць новых прапаноў ад ЕС. Цяпер вы можаце бачыць, што, напрыклад, Малдова атрымала свабодны візавы рэжым з ЕС, падпісала дамову аб свабодным гандлі. Але ўзнікае пытанне: што будзе наступным для Малдовы?”

Літоўскі палітолаг Вітас Юрконіс кажа, што пра змяненне фармату Усходняга партнёрства размовы вяліся ўжо пасля Віленскага саміта ў 2013 годзе. Зразумела, што ёсць група краін, якія глядзяць на ЕС як на крыніцу фінансавання, але яны не гатовыя ні рэфармавацца, ні набліжацца да стандартаў ЕС. Гэта Беларусь, Азербайджан і Арменія. І ёсць тры іншыя краіны, якія імкнуцца супрацоўнічаць: Грузія, Малдова і Украіна.

Вітас Юрконіс

“Калі казаць пра рэфарматаванне, мяркую, што яно будзе тычыцца трох краін, якія хочуць паглыбляць свае адносіны, як на грамадзянскім узроўні, так і паміж урадамі. Я маю на ўвазе Грузію, Малдову і Украіну. І для тых трох, якія не жадаюць. Імаверна, для іх гэтае супрацоўніцтва будзе абмяжоўвацца пэўнымі тэхнічнымі пытаннямі, але без вялікіх двухбаковых абавязкаў”.

Эксперт адзначае, што для краін, якія не жадаюць набліжацца да Еўрасаюза, Усходняе партнёрства ператворыцца ў шырокі форум для грамадзянскай супольнасці. І кантакты будуць праходзіць толькі з так званай экспертнай супольнасцю, а не на ўзроўні ўрадаў.

Мая Качыянчыч

Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч распавяла Еўрарадыё, што ўжо з пачатку сакавіка Еўрасаюз пераглядае палітыку суседскіх адносінаў. Пачаліся публічныя кансультацыі, у якіх бяруць удзел краіны ЕС, іх паўднёвыя і ўсходнія суседзі і нават трэція краіны. Гэтыя кансультацыі будуць цягнуцца да канца чэрвеня. І ўжо восенню Еўрапейская камісія прадставіць прапановы. Але гэта не значыць, што Брусель будзе менш узаемадзейнічаць з суседзямі, дадае Качыянчыч.

“Мы шукаем, як сфармаваць палітыку суседства ЕС у будучыні, пасля таго як мы сутыкнуліся з апошнімі зменамі на ўсходзе і на поўдні. Але прыхільнасць да шчыльнага ўзаемадзеяння з нашымі суседзямі застаецца непахіснай і вельмі моцнай”.

Еўрарадыё

Фота: tribuna.md, ru.delfi.lt, pol-al.com, ec.europa.eu

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства