Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не прыедзе ў Рыгу, — Страўюма

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не прыедзе ў Рыгу на саміт “Усходняга партнёрства”, які пройдзе 21–22 траўня.

Пра гэта заявіла журналістам прэм’ер-міністарка Латвіі Лаймдота Страўюма. Яна адзначыла, што да гэтага часу незразумела, хто будзе прадстаўляць Беларусь на гэтым мерапрыемстве, паведамляе Delfi.

Прадстаўніцтва Беларусі незразумелае, але Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не прыедзе”, — сказала яна.

Замест Лукашэнкі Беларусь на саміце маглі б прадстаўляць прэм’ер-міністр ці міністр замежных спраў, цытуе Інтэрфакс Лаймдоту Страўюма.

Удзел у саміце пацвердзілі прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян, прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў, прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімафці і прэм’ер-міністр Грузіі Іраклі Гарыбашвілі.

У саміце возьмуць удзел па адным прадстаўніку кожнай краіны-ўдзельніцы ЕС — прэзідэнт ці прэм’ер-міністр, акрамя прэм’ер-міністра Ірландыі, які не зможа прыехаць у Рыгу з-за рэферэндуму, які праходзіць у краіне, і прэм’ер-міністра Люксембургу, якога не будзе ў Рызе з асабістых прычын, паведаміла Страўюма.

Супрацоўніцтва з краінамі “Усходняга партнёрства” — Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай — адзін з прыярытэтаў старшынства Латвіі ў Радзе ЕС.

Як раней паведамляла Міністэрства замежных спраў Беларусі, “рашэнне адносна ўзроўню ўдзелу Беларусі ў саміце будзе прынята кіраўніком дзяржавы”.

Паводле Радыё Свабода, фота — belarusiancharter.blogspot.com

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства