Заўтра пачынаюцца перамовы паміж Беларуссю і ЕС наконт правоў чалавека

28 ліпеня ў Брусэлі ў адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі раней, адбудзецца першы раўнд дыялогу па правах чалавека па лініі Беларусь—Еўрасаюз.

Пра гэта на мінулым тыдні паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык. Паводле яго, беларускую дэлегацыю ўзначаліць начальнік галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі МЗС РБ Юры Амбразевіч, дэлегацыю Эўразьвязу — начальнік упраўленьня правоў чалавека і дэмакратыі Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Сільвіё Ганзата. «У ходзе дыялёгу бакі абмяркуюць стан і пэрспэктывы ўзаемадзеяньня па праваабарончай тэматыцы. У парадак дня ўваходзяць пытаньні як двухбаковага, так і шматбаковага супрацоўніцтва ў сфэры правоў чалавека» — паведаміў прадстаўнік МЗС Беларусі.

У дэклярацыі Рыскага саміту «Ўсходняга партнэрства» (21-22 траўня) у пункце 13 адзначана, што ўдзельнікі саміту вітаюць «аднаўленьне Дыялёгу па правах чалавека паміж ЭЗ і Беларусьсю».

У 2009 годзе Беларусь і Эўразьвяз дасягнулі дамоўленасьці аб правядзеньні дыялёгу аб выкананьні правоў чалавека. Афіцыйна дыялёг на гэтую тэму быў ініцыяваны 6 красавіка 2009 году па выніках пасяджэньня Рады Эўразьвязу на ўзроўні міністраў юстыцыі. У рамках дыялёгу прадугледжваліся сустрэчы і ў Беларусі, і ў Эўразьвязе «прынамсі раз у год». Аднак пасьля 2009 году такіх сустрэч не было.

Старшыня Беларускага Хэльсынкскага камітэту Алег Гулак адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што прадстаўнікі Эўразьвязу кансультаваліся з праваабаронцамі на гэты конт, але сам фармат дыялёгу не прадугледжвае ўдзелу ў ім праваабаронцаў.
«Гэта дыялёг Эўразьвязу зь Беларусьсю і непасрэдна ў гэтым працэсе праваабаронцы ня ўдзельнічаюць. Але безумоўна Эўразьвяз праводзіў з намі кансультацыі адносна таго, якія тэмы, у якім ракурсе і ў якім парадку трэба ўздымаць, бо праблем шмат і немагчыма асягнуць неабсяжнае. Такія кансультацыі былі і, наколькі я разумею, будуць далей», — адзначыў ён.
Гулак не ўскладае вялікіх надзей на дыялёг у правах чалавека паміж ЭЗ і Беларусьсю, але ўсё роўна лічыць гэта пазытыўнай зьявай:
«Я, безумоўна, далёкі ад таго, каб быць у вялікім захапленьні, але гэта лепш чым адсутнасьць такога працэсу і гэтым трэба карыстацца. Добра, што такая магчымасьць ёсьць».

Паводле Радыё Свабода

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства