У аналізе, які ахоплівае 2014 год, Індэкс Беларусі склаў 5.7, што пацьвярджае слабую ўстойлівасьць беларускіх няўрадавых арганізацыяў.
Складальнікі дакумэнту адзначылі, што наша краіна ад пачатку аналізу Індэксу Беларусі (з 2000 году), займае апошнія пазыцыі ў параўнаньні з 29 дзяржавамі свайго рэгіёну — Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і Эўразіі. Экспэрты лічаць, што такая сытуацыя склалася за кошт неспрыяльнага для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці (АГС) прававога асяродзьдзя і нізкай фінансавай устойлівасьці беларускіх НДА.
У Індэксе падкрэсьліваецца, што цягам апошняга году НДА былі хутчэй сфакусаваныя на сваім разьвіцьці, чым на выжываньні: яны нарошчвалі свой патэнцыял праз узмацьненьне сувязяў з мэтавымі супольнасьцямі і ўдзелам у праграмах арганізацыйнага разьвіцьця. Аўтары Індэксу адзначаюць, што ў 2014 годзе АГС сталі больш актыўна займацца мабілізацыяй мясцовых рэсурсаў і больш выкарыстоўваць краўдфандынгавыя тэхналёгіі.
Найбольшым прарывам 2014 году стала рэзкае павелічэньне пазнавальнасьці дзейнасьці НДА з боку грамадзтва, заўважаюць у Індэксе. Нацыянальнае апытаньне засьведчыла, што колькасьць беларусаў, якія карыстаюцца паслугамі АГС ці ўдзельнічаюць у іх дзейнасьці, павялічылася з 30,3% у 2013 годзе да 52,1% у 2014 годзе. Разам з тым узровень даверу да НДА застаўся на ранейшым узроўні і складае менш 38%.
Паводле матэрыяла Асамблеі НДА