Дэбаты пра беларуска-еўрапейскія адносіны ў Еўрапарламенце

14 кастрычніка, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, у межах ФГС УП у Еўрапейскім парламенце была зладжаная дыскусія пра стан еўрапейска-беларускіх адносінаў.

Удзельнікі дыскусіі, Дырк Шубель (Еўрапейская служба знешніх дзеянняў), сустаршыня ФГС УП Андрэй Ягораў, Ганна Герасімава (Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага) і Ўладзімір Дунаеў (Грамадзкі Балонскі камітэт) абмеркавалі перспектыву стасункаў ЕС і Беларусі. Дыскусія ахапіла шэраг актуальных пытанняў, якія тычацца ўзаемадзеяння ЕС з Беларуссю, а таксама ролі грамадзянскай супольнасці ў прасоўванні рэформаў у краіне.

Мерапрыемства пачалося з прэзентацыі Ганны Герасімавай пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, якая адзначыла, што парушэнні правоў чалавека носяць сістэматычны характар. “Такім чынам, Беларусь мае патрэбу ў сістэмных, а не касметычных зменах»,— заявіла спадарыня Герасімава. Яна рэкамэндавала ЕС у супрацоўніцтве з грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку незарэгістраванымі арганізацыямі, развіваць у межах існага механізму, Дыялогу па правах чалавека з Беларуссю, дарожную мапу па правах чалавека.

Уладзімер Дунаеў прамаўляў пра далучэнне Беларусі да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, сцвярджаючы, што далучэнне да Балонскага працэсу ёсць станоўчай з’явай, нягледзячы на скептычнае стаўленне да гэтага некаторымі назіральнікамі. Упершыню ўмовай прыёму краіны-кандыдата сталася правядзенне рэформы сістэмы вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі. Гэта зрабілася магчымым дзякуючы скаардынаваным намаганьням ЕС і грамадзянскай супольнасці Беларусі. У выніку Дарожная мапа Балонскага працэсу для Беларусі, прынятая пры ўдзеле грамадзянскай супольнасці, пазначыла крытэры, якія дазваляюць весьці эфектыўны маніторынг прагрэсу рэформы вышэйшай адукацыі. Улічваючы, што беларуская грамадзянская супольнасць мае ўнікальны шанец, каб сачыць за выкананнем рэформы і актыўна праматаваць яе сярод насельніцтва, усе зацікаўленыя бакі мусяць быць ўцягнутыя ў Балонскі працэс для таго, каб у поўнай ступені выкарыстаць гэтую магчымасць. У прыватнасці, варта разгледзець варыянт уключэння беларускай Нацыянальнай платформы ў Каардынацыйную групу Назіральнай групы па Балонскім працэсе.

У падтрымку гэтых ідэяў сустаршыня Кіруючага камітэта ФГС УП Андрэй Ягораў заявіў: “Вышэйшая адукацыя — гэта галіна, дзе грамадзянская супольнасць мае рэальны шанец уплываць на беларускі ўрад.” Спадар Ягораў гаварыў пра нязначныя паляпшэнні ў выбарчым працэсе, адсутнасць дыялёгу паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўладай, эканамічны крызіс і неабходнасць структурных рэформаў. Камэнтуючы санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі, сустаршыня Кіруючага камітэта ФГС УП выказаў меркаванне, што прыпыненне санкцыяў можа даць старт новай эры адносінаў з Беларуссю і адкрыць акно магчымасцяў для рэформаў у шэрагу сектараў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць для ЕС і Беларусі. Тым не менш, Еўрасаюз мусіць будаваць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі на строгіх прынцыпах і спалучаць розныя віды ўмоваў, а ў найбольш праблемных сферах (такіх, як правы чалавека і судовая рэформа) — прытрымлівацца жорсткіх патрабаванняў.

Дырк Шубель, кіраўнік аддзелу “Ўсходняе партнёрства – двухбаковае” Еўрапейскай службы знешнепалітычнай дзейнасці, патлумачыў пазіцыю ЕС па санкцыях у дачыненні да Беларусі, падкрэсліўшы, што Еўрасаюз прыняў узважаны падыход. Важныя пазітыўныя крокі былі прынятыя з боку ўраду, у прыватнасці, па вызваленні палітычных зняволеных і канструктыўнага падыходу да крызісу ва Ўкраіне. У выніку, ЕС прыняў рашэнне падоўжыць санкцыі, але прыпыніць іх прымяненне да наступнага агляду ў лютым на аснове аналізу канчатковай справаздачы АБСЕ/БДІПЧ па выбарах. Спадар Шубель падсумаваў, што “пасля прыпынення санкцыяў мяч знаходзіцца на беларускім полі”, а грамадзянская супольнасць мусіць працягваць супрацоўнічаць з ЕС і падтрымліваць пастаянны дыялог паміж Еўразвязам і Беларуссю.

Крыніца: www.eap-csf.eu

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства