Улад Вялічка ўзначаліў Нацплатформу

Беларускія грамадскія арганізацыі, якія ўваходзяць у Нацыянальную платформу, абралі новага кіраўніка. Ім стаў39-гадовы Улад Вялічкастаршыня міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь».

На канферэнцыі «Паміж Усходнім партнёрствам і Еўрапейскім дыялогам па мадэрнізацыі» 1 чэрвеня 2013 года за яго прагаласавалі 37 з 44 арганізацый-удзельніц. Таксама ўдзельнікі канферэнцыі вызначылі, хто паедзе на Форум грамадзянскай супольнасці ў Кішынёў гэтай восенню.

Усяго заяўляліся 33 беларускія арганізацыі, што менш, чым летась. Нагадаем, папярэдні Форум праводзіўся ў Стакгольме ў лістападзе 2012 года.

Нацплатформа (Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, далей — НП) дзейнічае з восені 2011 года як своеасаблівае аб’яднанне беларускіх грамадскіх арганізацый, якія падпісалі Мемарандумаб супрацы. На сёння туды ўваходзяць 65 НДА.

Уладзімір Мацкевіч, які дагэтуль узначальваў Нацплатформу, падчас выбараў кіраўніцтва нечакана для многіх удзельнікаў заявіў пра самаадвод. У каментары «Нашай Ніве» ён патлумачыў гэта так:

«У мяне ёсць спадзяванні, што з маім выхадам з каардынацыйнага камітэта праца пойдзе лепш, больш узгоднена. І галоўнае, што тыя напругі канфліктныя, што існуюць, памякчэюць. Бо шмат прэтэнзіяў было менавіта да маёй асобы».

Зрэшты, цалкам адыходзіць ад справаў Нацплатформы ён не плануе. Як і не адмаўляецца ад лідарскіх пазіцый, праўда, цяпер нефармальных:

«Мне больш пасуе быць нефармальным лідарам, чым займаць фармальную пасаду. Не люблю я фармальных пасадаў…».

Апроч гэтага, філосаф зоймецца падрыхтоўкай назапашаных тэкстаў да публікацыі. Прынамсі, афармлення ў кніжку чакаюць лекцыі па ўводзінах у сістэмны падыход і філософію, якія ён выкладае ў Лятучым універсітэце. А таксама — шэраг тэкстаў аб працы Нацплатформы.

У чым сутнаць супярэчнасцяў?

Пэўнае напружанне ў грамадзянскай супольнасці склалася пасля мінулай канферэнцыі ў кастрычніку 2012 года. Большасць арганізацый падтрымалі прапанаваную «ЕўраБеларуссю» канцэпцыю развіцця Нацплатформы. Аднак іншыя выступілі катэгарычна супраць.

На думку Мацкевіча, прынцыповае разыходжанне — у бачанні ролі НП у жыцці краіны. Ён — за тое, каб НП улазіла ў найбольш балючыя пытанні сучаснасці, а не засяроджвалася на малых праектах:

«Я кажу і казаў, што НП павінна, адштурхоўваючыся ад ініцыятывы Усходняга партнёрства, узяўшы яе як прыступку, рухацца далей да павышэння свайго ўплыву награмадска-палітычныя працэсы ў Беларусі».

Першапачатковая ідэя Усходняга партнёрства (УП) была ў тым, што Беларусь на дзяржаўным узроўні будзе ўдзельнічаць ў супольных з Еўрасаюзам праектах. А грамадзянскай супольнасці адводзілася роля назіральніка, кансультанта і эксперта. Аднак паколькі ні беларускі ўрад, ні парламент фактычна не далучыліся да праектаў, прапанаваных ЕС (у адрозненне ад Малдовы, Грузіі ці Арменіі), то і экспертам работы няма.

Таму арганізацыям грамадзянскай супольнасці варта ўзяць на сябе больш паўнамоцтваў, чым меркавалася напачатку, патлумачыў Мацкевіч.

Як будзе развівацца Нацплатформа пад новым кіраўніцтвам?

У Нацплатформы ёсць спектр альтэрнатыў, кажа новаабраны старшыня. Максімальная планка — быць адным з уплывовых гульцоў на грамадска-палітычным полі Беларусі. Мінімальная — адказваць выключна за пытанні, пазначаныя ў межах УП.

Аднак значная прысутнасць у новым складзе аргкамітэта прадстаўнікоў больш праактыўнай пазіцыі (гл. фота) кажа пра тое, што НП, хутчэй за ўсё, будзе браць на сябе больш адказнасці.

Разам з тым, Улад Вялічка прызнае, што варта зрабіць працу над памылкамі.

«Не сказаць, што гэта самы паспяховы год для Нацплатформы», кажа Вялічка. Усе тыя спрэчкі і цяжкасці, якія з’явіліся 9 месяцаў таму, дагэтуль непераадоленыя. Але асэнсавана іх шкоднасць для грамадзянскай супольнасці. І гэта першы крок да выпраўлення сітуацыі, мяркуе палітык.

«Я разумею, наколькі далёкія пытанні Усходняга партнёрства ад чаканняў шараговага грамадзяніна», кажа Вялічка. Каб растлумачыць звычайным беларусам, што яны могуць атрымаць ад УП (бязвізавы рэжым, Балонскі працэс, пенсійная рэформа і г.д.), патрэбная супраца арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Што да палітычных амбіцый новага лідара Нацплатформы, то ў сённяшніх беларускіх умовах ён для сябе такіх перспектыў не бачыць. Але і не выключае, што калі-небудзь яны з’явяцца.

Што думаюць арганізацыі, якія не падпісалі канцэнцыю «ЕўраБеларусі», пра лёс Нацплатформы?

Алег Гулак («Беларускі хельсінкскі камітэт») лічыць, што трэба падзяляць Нацплатформу, як рэч важную і карысную, і канцэпцыю, якая можа змяняцца:

«Нельга будаваць структуру грамадзянскай супольнасці па партыйным прынцыпе нейкага аднаначальства кіраўніцтва гэтай супольнасцю. За гэты час я не бачу, што змянілася, каб падтрымліваць тую канцэпцыю», кажа праваабаронца. Не абмяркоўвалася ніводнае сур’ёзнае пытанне, а на канферэнцыях разглядаюцца выключна ўнутраныя працэдуры і абранне кіраўніцтва.

Аляксандр Мілінкевіч («Рух за свабоду») патлумачыў «Нашай Ніве», што асноўныя разыходжанні былі па тым, што з’яўляецца кансалідаванай пазіцыяй грамадзянскай супольнасці і хто яе агучвае:

«Мы лічылі, што ў грамадскім сектары немагчыма пабудаваць такую вертыкаль, дзе кіраўніцтва можа вырашаць асноўныя пытанні і можа мець сур’ёзныя прадстаўнічыя функцыі. Мы падыходзім да НП як да пляцоўкі для дыскусіі, абмену інфармацыі, падтрымкі».

Небяспечна, калі большасць вырашае, якой будзе думка грамадзянскай супольнасці (далей — ГС).

«Гэта не ў партыі, дзе большасць прагаласавала і астатнія абавязаны выконваць рашэнні большасці. У ГС так не бывае. Тут толькі кансенсусам трэба прымаць», кажа палітык.

Галоўныя пытанні, якія варта вырашаць разам — гэта абарона ад ціску ўлады і развіццё міжнародных адносінаў, асабліва з новымі сябрамі ЕС, якія нядаўна праводзілі рэформы. Іх досвед, у тым ліку — як развіць самаарганізацыю грамадства, важныя для Беларусі.

Супярэчнасці ў Нацплатформе прывялі да таго, што з яе выйшлі «Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў» (BISS) і «Офіс за дэмакратычную Беларусь».

Як патлумачыў эксперт BISS-а Дзяніс Мельянцоў, галоўныя прэтэнзіі да Нацплатформы, якія выказваліся раней, гэта адсутнасць рэальнай працы і палітычныя заявы кіраўніцтва.

«На восень мінулага года было шмат рэзкіх заяваў наконт таго, што НП мусіць змяняць уладу ў краіне, на што кіраўніцтва НП ніхто не ўпаўнаважваў і ні з кім яно пра гэтыя заявы не дамаўлялася», патлумачыў Мельянцоў.

«Таму шэраг арганізацый, якія тады крытычна паставіліся да канцэнпыі, выказалі перасцярогу, што іх імёнамі прыкрываюцца пры вядзенні нейкіх палітычных дзеянняў, чаго не хацелася б. Бо НП, як яна абмяркоўвалася некалькі год назад, — гэта камунікацыйная пляцоўка, не больш за тое».

Мельянцоў падкрэсліў, што BISS гатовы супрацоўнічаць з Нацплатформай, калі гэта будзе тычыцца распрацоўкі рэкамендацый ці правядзення даследаванняў.

Як будзе развівацца платформа, пакуль сказаць цяжка: на апошняй канферэнцыі канкрэтных задач, планаў, графікаў прынята не было. На думку Мельянцова, з прыходам Вялічкі наўрад ці яе курс значна зменіцца.

Праваабаронца Уладзь Лабковіч (праваабаронца-вясновец) канстатуе, што за 8 месяцаў паміж канферэнцыямі сітуацыя істотна не змянілася:

«На жаль, дагэтуль нельга сказаць, што НП стала той пляцоўкай, дзе абдылося яднанне ГС і салідарныя дзеянні яе б ўзмацнілі».

Разам з тым, радуе, што падчас выступаў як былога, так і новага кіраўнікоў Нацплатформы ўсе гэтыя спрэчныя моманты ўрэшце рэшт прагучалі.

Зараз ад новаабранай каардынацыйнай рады залежыць, наколькі сітуацыя выправіцца.

Нацыянальная платформа на сёння не настолькі цікавая беларускім арганізацыям. Прынамсі, не ўсе вядомыя ў Беларусі НДА ўзялі ўдзел у канферэнцыі. Пра гэта сведчыць і малая колькасць заяваў на ўдзел у Форуме ў Кішынёве.

«Варта вярнуцца да Мемарандума, які зацвярджаўся пры стварэнні НП. Пытанне іерархіі, адміністравання павінна быць зменена», лічыць Лабковіч.

Найбольшая праблема грамадскага сектару Беларусі — малая падтрымка з боку насельніцтва, лічыць Сяргей Мацкевіч(«Асамблея НДА»), сябра каардынацыйнай рады НП: «Мы ў малой ступені ёсць прадстаўнікі мэтавых групаў».

Дзейная сітуацыя ў краіне не спрыяе прытоку новых людзей.

«Каб прыйсці ў грамадскі сектар, трэба пераступіць вялікі бар’ер. Гэта не проста, груба кажучы, падняць сваю з…у і пачаць работу, а яшчэ трэба быць гатовым да нейкіх рэпрэсіяў з боку ўладаў».

Дзе ж шукаць актывістаў? Калі мы жадаем мець здаровае грамадства, павінны быць інстытуцыі, якія будуць займаюцца выхаваннем адказнасці і актыўнасці. На жаль, школа гэта амаль не робіць, хутчэй, наадварот, лічыць эксперт. Таму грамадзянская адукацыя — адна з першасных задач беларускага трэцяга сектару

Аксана Рудовіч, «Наша Ніва»

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства