Бізнэс і трэці сектар абмеркавалі патэнцыял сацыяльнага партнёрства

18 красавіка ў Мінску прадстаўнікі бізнэс-асацыяцый, прафсаюзаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці абмеркавалі тэму сацыяльнага партнёрства ў Беларусі. Удзельнікі засяродзіліся на праблемах роўнасці ўсіх суб’ектаў сацыяльнага партнёрства, практыкі ўжывання механізму калектыўных дамоў, супрацоўніцтве бізнэсу і грамадзянскай супольнасці, стварэнні базы для дзейнасці некамерцыйных структур дзеля вырашэння сацыяльных праблем.

DSCF1002

Ініцыятарам і мадэратарам круглага стала па тэме “Разьвіцьцё сацыяльнага партнэрства ў Беларусі. Прававыя межы і стрымліваючыя абмежаваньні” выступіў Уладзімер Карагін,старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва.

Сацыяльнае партнэрства зьяўляецца важнай часткаю працэсу па ўзмацненьні сучаснай рынкавай эканомікі. Адзін зь ягоных асноўных прынцыпаў – прадстаўніцтва і роўнасьць трох бакоў: дзяржавы, прафсаюзаў і працадаўцаў. У Беларусі, паводле Ўладзімера Карагіна, недаацэньваецца разьвіцьцё сацыяльнага партнэрства ў сфэры працоўных і зьвязаных зь імі адносінаў.

DSCF1005

Сярод акрэсьленых спадаром Карагіным праблемаў – неабходнасьць прыняцьця адмысловага Закону, які мог бы дакладна вызначыць прававыя нормы стварэньня, дзейнасьці й ліквідацыі аб’яднаньняў наймальнікаў. Гэты закон беларускія бізнэсоўцы чакаюць ад 1997 году.

Аляксандр Гаруновіч (Беларускі прафсаюз работнікаў розных формаў прадпрымальніцтва “Садружнасьць”) спыніўся на калектыўных дамовах як адзінай альтэрнатыве на сёньняшні дзень, якая гарантуе працаўнікам выкананьне іх правоў, забесьпячэньне  сацыяльнымі ільготамі.

DSCF1042

Удзельнікі круглага стала акцэнтавалі ўвагу на важнасьці далейшага супрацоўніцтва па разьвіцьці паўнавартаснага сацыяльнага партнэрства на ўсіх узроўнях ад дзяржавы да працадаўцаў. Бо толькі ўзаемадзеяньне паміж усімі суб’ектамі сацыяльнага партнэрства можа прывесьці да вырашэньня сацыяльных праблемаў у беларускім грамадзтве.

Віцэ-старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў” Лілія Коваль акцэнтавала ўвагу на неабходнасьці матываваць бізнэс быць сацыяльна адказным. Яна прэзэнтавала Нацыянальную плятформу бізнэсу Беларусі як пляцоўку кансалідацыі працадаўцаў і працаўнікоў. На думку спадарыні Коваль, значны ўнёсак у разьвіцьцё і эфэктыўнасьць сацыяльнага партнэрства можа зрабіць яшчэ больш шчыльная кансалідацыя грамадзянскай супольнасьці й бізнэсу.

У часе дыскусіі Канстанцін Каламіец (Агенцтва разьвіцьця экалягічнага і сацыяльнага прадпрымальніцтва) выказаўся адносна неабходнасьці стварэньня нарматыўнай базы і разьвіцьці ў Беларусі прыдпрыемстваў, якія не зьяўляюцца камэрцыйнымі, а ствараюцца для вырашэньня сацыяльна значных праблемаў. У “Беларусі такіх праблемаў значна болей, чым бюджэтных сродкаў”, – адзначыў спадар Каламіец. Менавіта таму неабходна шукаць грошы па-за бюджэтам, уцягваць у фінансаваньне сацыяльных праграмаў прадпрымальнікаў. Вельмі важна, на думку выступоўцы, разьвіваць дыялёг па дзяржаўна-прыватным супрацоўніцтве і заканадаўча замацаваць нормы ў адпаведнасьці зь міжнародным досьведам.

DSCF1041

Уладзімер Карагін адзначыў, што круглы стол сабраў кваліфікаваных экспэртаў у галіне сацыяльнага партнэрства.

“Супольнымі намаганьнямі мы далі ацэнку стану заканадаўства датычнага сацыяльнага партнэрства, а таксама акрэсьлілі велізарнае кола праблемаў. Вырашэньне гэтых праблемаў выключна ўрадам немагчымае. Патрэбнае шырокае разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці і паўнамоцтваў сацыяльных партнэраў: арганізацыяў, што прадстаўляюць інтарэсы працадаўцаў, працаўнікоў і іх узгодненыя дзеяньні”, – сказаў спадар Карагін.

“Актуальная нашая сустрэча яшчэ і тым, што зараз рыхтуецца новае Генэральнае пагадненьне на тры гады паміж урадам, прафсаюзамі і асацыяцыямі працадаўцаў. Нам трэба надаць новы вэктар і насыціць рэальнымі формамі гэтае сацыяльнае  партнэрства. Таксама неабходна падвысіць заканадаўчую ролю працадаўцаў. Вельмі важны момант: у сацыяльным партнэрстве ўсе суб’екты павінныя мець роўныя правы. Гэта шырокі дэмакратычны працэс, які мусіць адбывацца галосна і быць часткаю разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, – адзначыў спадар Карагін.

DSCF1053

Па выніках круглага стала будуць распрацаваныя рэкамэндацыі й прапановы па далейшым разьвіцьці сацыяльнага партнэрства. Дакумэнт будзе адасланы ня толькі прадстаўнікам беларускіх уладаў, а таксама арганізацыям грамадзянскай супольнасьці Беларусі і краінаў Усходняга партнэрства, прадстаўнікам “Эўрапейскай Камісіі.

Спампаваць

Мерапрыемства праводзілася пад эгідай V Рабочай групы Нацыянальнай плятформы Форума грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга Партнэрства ў межах праекту Эўрапейскай камісіі “Ўзмацненьне патэнцыялу Нацыянальных Плятформаў Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства”. Праект накіраваны на пабудову агульнай пляцоўкі для дыялёгу арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, прадстаўнікоў улады і эўрапейскіх інстытуцыяў дзеля распрацоўкі праграмаў вырашэньня актуальных праблемаў і ўплыву на працэс прыняцьця рашэньняў на вышэйшым узроўні.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства