14 мая ў Брусэлі адбылося пасяджэнне Першай Рабочай групы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства.
Удзел у ёй прымаў прадстаўнік Асамблеі НДА. У рамках сустрэчы адбылася дыскусія на тэму «Эўрапейскі фонд за дэмакратыю – рухаючая сіла пераменаў?” Сярод іншага былі закранутыя й пытаньні палітвязьняў, удзелу прадстаўнікоў беларускіх уладаў у Форуме, а таксама ролі грамадзянскай супольнасьці ў дэмакратычных зьменах.
Экспэртная група абмеркавала новы інстытут, мэтай якога зьяўляецца садзейнічаньне дэмакратыі ў суседніх з ЭЗ краінах. Экспэрты разгледзелі мэтады, якія Фонд будзе выкарыстоўваць, і ролю няўрадавых арганізацыяў у стварэньні дэмакратычнай культуры ў дзяржавах, якія знаходзяцца ў пераходнай ад аўтарытарных рэжымаў стадыі.
Што такое Эўрапейскі фонд за дэмакратыю (European Endowment for Democracy)?
Асноўныя кірункі падтрымкі:
1. Сродкі на дзейнасьць: фінансаваньне разьвітых арганізацыяў, якія маюць часовыя праблемы з фінансаваньнем (напрыклад, у перамежку паміж праектамі);
2. Інавацыйныя інструмэнты: фінансаваньне арганізацыяў і ініцыятываў, засяроджаных на культуры, мастацтве, тэхналёгіях, мэтадалёгіі і г.д. і праз гэта спрыяюць дэмакратызацыі, прасоўваньню рэформаў, пашырэньню свабоды слова і г.д.
3. Палітычная сфэра: падтрымка міжпартыйнага дыялёгу (напрыклад, дыялёгу паміж моладзевымі палітычнымі лідарамі).
Акрамя гэтага Фондам разглядаецца магчымасьць фінансаваньня сацыяльных праектаў, незалежных прафэсійных аб’яднаньняў.
На дадзены момант аб’ём фінансаваньня зацьверджаны на 2,5 гады да 2015 году. Пачатак прыняцьця заявак заплянаваны на ліпень – пачатак жніўня. Мяркуецца, што ўжо з восені заяўнікі, якія былі падтрыманыя, пачнуць атрымліваць сродкі.
Апроч іншых тэмаў, былі закранутыя і пытаньне палітвязьняў як перадумовы ўдзелу прадстаўнікоў беларускіх уладаў ва Ўсходнім партнэрстве, некаторыя пазытыўныя крокі Менску па наладжваньні дыялёгу, роля грамадзянскай супольнасьці ў дэмакратычных зьменах у Беларусі.
Свае меркаваньні адносна далейшага ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве выказалі прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу, а таксама некаторых фундацыяў, якія адзначалі важнасьць далучэньня да паўнавартаснага дыялёгу прадстаўнікоў беларускіх уладаў.
Рычард Цібэлс, Глава дэпартаменту ЎП, рэгіянальнага ўзаемадзеяньня і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх адносінаў:
— Для Беларусі першасным пытаньнем да саміта застаюцца перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму, таксама ўсё яшчэ адкрытая праблема ўдзелу прадстаўнікоў ураду, і ёсьць спадзяваньні, што яны прымуць удзел у саміце і далучацца да працэсу. У якасьці першага кроку мы вельмі хацелі б бачыць удзел Уладзімера Макея ў саміце. І станоўчыя перадумовы да гэтага ёсьць. Адной зь іх стаў дазвол адкрыцьця ў ліпені Шведзкай амбасады ў Менску.
Кшыштаф Бабінскі, Фундацыя Unia & Polska:
— Вельмі важным зьяўляецца ўдзел прадстаўнікоў ураду. Паколькі Міністар замежных справаў не мае права ўезду на тэрыторыю Эўразьвязу, пэўныя крокі павінны быць зробленыя. Беларусь, у сваю чаргу, павінна выпусьціць палітвязьняў.
Арысія Луцэвіч, экспэрт па грамадзянскай супольнасьці:
— Вельмі важным ёсьць аб’яднаньне прафэсійных НДА і НДА, якія ствараюцца сытуатыўна й складаюцца са звычайных грамадзянаў. Варта пазбавіцца арэолу таямніцы ў дзейнасьці НДА, што, у сваю чаргу, безумоўна, залежыць ад актыўнасьці ў мэдыясферы. Для гэтага трэба знаходзіць групы зацікаўленых грамадзянаў на мясцовым узроўні і аб’ядноўваць іх з прафэсійнымі, пераходзіць у рэжым “сяброўства” ў арганізацыях.
Вельмі важна фармаваць пазытыўны вобраз НДА. Людзі павінныя бачыць добры прыклад грамадзкай дзейнасьці, бачыць вынікі. Рэальныя зьмены павінны падтрымлівацца на мясцовым узроўні, на ўзроўні grassroots, адпавядаць прынцыпу зьменаў “праз маіх людзей”, а не “праз мае веды, мае аргумэнты”.
Падгрупа па правах чалавека Першай Рабочай групы
Падгрупа Першай Рабочай групы па правах чалавека была прадстаўленая разнастайнымі арганізацыямі з краінаў-сябраў Усходняга партнэрства і ЭЗ, якія засяроджаныя на абароне правоў дзяцей, меншасьцяў, свабодзе самавыяўленьня, свабодзе сходаў і асацыяйцыяў, пытаньнях выбарчага заканадаўства і незалежнасьці судовай сыстэмы і г.д. Цягам сустрэчы былі абмеркаваныя праблемы перасьледу актывістаў і сябраў НДА, практыка другаснай віктымізацыі.
Асаблівая ўвага была нададзеная таму, што Першая Рабочая група і падгрупа па правах чалавека зьяўляюцца пляцоўкай як для распрацоўкі антыдыскрымінацыйнага закону, так і для прыцягненьня да ўсебаковага ўдзелу ў амберкаваньнях шырокіх колаў стэйкхолдэраў і далейшага працэсу адвакатаваньня.
На думку ўдзельнікаў дыскусіі, дадзеныя магчымасьці варта выкарыстоўваць для вырашэньня праблемаў па чатырох асноўных пытаньнях:
1. Закон аб дыскрымінацыі.
2. Выбарчае заканадаўства.
3. Свабода асацыяцыяў і выказваньняў.
4. Незалежнасьць судовай сыстэмы.