Прыняццё эка значных пытанняў мусіць быць з удзелам грамадскасці

21 чэрвеня 2013 года ў Мінску адбыўся экспертны круглы стол “Праблемы рэалізацыі Орхускай канвенцыі ў Беларусі і шляхі іх вырашэння”. Удзел у мерапрыемстве ўзялі эколагі і юрысты “Экадома”, “Зялёнай сеткі”, Lawtrend, прадстаўніца ПРААН у Беларусі і Беларускай антыядзернай кампаніі. Сустрэча адбылася пры падтрымцы Асамблеі НДА.

Сярод закранутых тэмаў выступоўцаў былі доступ да правасудзьдзя, дзейнасьць Мінпрыроды ў сьвятле рэкамендацыяў, вынесеных Камітэтам па выкананьні Орхускай канвэнцыі ў дачыненьні да Беларусі. Таксама быў прэзэнтаваны Аналіз заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сьвятле Канвэнцыі пра доступ да інфармацыі, удзел грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступ да правасудзьдзя па пытаньнях аховы навакольнага асяродзьдзя.

Паводле юрыста “Экадома” Сяргея Магонава, у беларускім заканадаўстве існуе праблема доступу да экалягічна значнай інфармацыі і ацэнкі ці ёсьць гэтая інфармацыя канфідэнцыяльнай. У Канвэнцыі дакладна акрэсьлена, хто і якім чынам вызначае абмежаваную для шырокага кола грамадзтва інфармацыю.

Таксама адным з невыкананьняў Орхускай канвэнцыі ёсьць тое, што людзі ня могуць удзельнічаць у прыняцьці рашэньняў, ня маюць доступ да інфармацыі і правасудзьдзя па пытаньнях навакольнага асяродзьдзя. Абмеркаваньне, калі і праводзіцца, то ўжо пасьля падпісаньня ўсіх неабходных дакумэнтаў і актаў, дзе абазначаныя і месца, і тэхналёгіі. І ў гэтым выпадку назіраецца фармальнае грамадзкае абмеркаваньне, якое можна паўплываць толькі на зьмену дробных момантаў.

Гэта ўсё, упэўнены юрыст “Экадома”, абумоўленае адсутнасьцю рэгуляваньня далучэньня грамадзкасьці да абмеркаваньня на заканадаўчым узроўні. Міністэрства прыроды зьмяшчае інфармацыю на сайце, аднак, паводле экспэртаў, вельмі часта незразумела, якія праекты ўжо прынятыя, якія толькі распрацоўваюцца. Тое ж адбываецца і на сайце парлямэнту.

Удзельнікі круглага стала зьвярнулі ўвагу і на праблему з доступам да правасудзьдзя, якая абумоўленая недастатковай кампэтэнтнасьцю судзьдзяў па тэматыцы Орхускай канвэнцыі. Напрыклад, калі экалягічнае ГА падае скаргу, яе накіроўваюць у Гаспадарчы суд, дзе вялікія пошліны і іншая сыстэма суда, якая не зусім кампэтэнтная для разгляду спраў па парушэньні Орхускай канвэнцыі.

02

Юрыст “Зялёнай сеткі” Марына Дубіна акцэнтавала ўвагу на пытаньнях градабудаўніцтва і архітэктурнай забудовы і тых праблемах, якія існуюць у гэтай сфэры. У чарговы раз парушаецца доступ простых грамадзянаў да інфармацыі, што, адпаведна, вядзе да фактычнай немагчымасьці ўплываць на рашэньні і ўдзельнічаць у грамадзкіх абмеркаваньнях. Разам з тым, у склад Камісіі грамадзкіх абмеркаваньняў трапіць зацікаўленым грамадзянам трапіць немагчыма. Камісія фармуецца кіраўніком адміністрацыі, мясцовыя жыхары ў яе склад не ўключаюцца, маўляў, “камісія ўжо створаная”.

Таксама існуе праблема з тым, што грамадзяне часта ня ведаюць, да каго зьвяртацца і хто ім можа дапамагчы. Разам з тым, ад іх патрабуецца быць кампэтэнтнымі ў юрыдычных справах пры напісаньні скаргаў.

Старшыня Праўленьня грамадзкага аб’яднаньня Ірына Сухій пракамэнтавала вынікі экспэртнага Круглага стала:

— Агулам ацэньваю вынікі сустрэчы станоўча. Прадстаўнікоў дзяржаўных органаў не было, аднак былі прадстаўнікі Орхускага цэнтру і Праграмы разьвіцьця ААН. Мы абмеркавалі і вызначылі агульныя ключавыя кропкі, якія ёсьць у працэсе рэалізацыі Орхускай канвэнцыі ў Беларусі, і тыя неабходныя зьмены дзеля эфэктыўнага выкананьня Канвэнцыі. Па большасьці пунктах нашыя меркаваньні супадаюць. Аднак, ёсьць і пазыцыі, якія патрабуюць далейшых перамоваў.

Перадусім, экспэрты і прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў настойваюць на наданьні грамадзкасьці большых правоў і магчымасьцяў і больш шырокага далучэньня да абмеркаваньня і прыняцьця эка значных рашэньняў. Разам з тым, сама Орхуская канвэнцыя ўтрымлівае пэўныя агульна сфармуляваныя палажэньні, што дазваляе трактаваць іх на карысьць дзяржаўных органаў.

Паводле Ірыны Сухій, экалягічная супольнасьць надалей працягне перамовы і лябіяваньне інтарэсаў грамадзкасьці ва ўдзеле ў грамадзкіх абмеркаваньнях.

— Зараз ідзе распрацоўка Палажэньня аб парадку правядзеньня Грамадзкіх абмеркаваньняў экалягічна значных рашэньняў. ПРААН узгадняе праект з Міністэрствам прыроды. Аднак, грамадзкасьць ніякім чынам на гэтым этапе не далучаная да абмеркаваньня.  Атрымліваецца, што палажэньне пра ўдзел грамадзкасьці распрацоўваецца без удзелу грамадзкасьці. Насамрэч, грамадзяне павінны ўдзельнічаць у абмеркаваньні на этапе, калі рашэньне яшчэ не прынятае.

Так, паводле Орхускай канвэнцыі, ёсьць тры віды рашэньняў: канкрэтныя рашэньні (будаўніцтва АЗС, напрыклад), распрацоўка і прыняцьцё плянаў і праграмаў, а таксама распрацоўка заканадаўчых актаў. І менавіта на першым этапе, калі толькі маецца намер распачаць дзеяньне, неабходна абмяркоўваць з зацікаўленымі людзьмі магчымае рашэньне і шукаць кампрамісы. На практыцы бачым, што абмеркаваньне адбываецца на апошнім этапе. Адпаведна, грамадзкасьць успрымаецца як скандалісты і тармазы ўсіх працэсаў.

Па выніках мерапрыемства плянуецца прыняцца шэраг супольных дакумэнтаў датычных выкананьня Орхускай канвэнцыі ў Беларусі, а таксама градабудаўнічых рашэньняў.

Круглы стол праводзіўся таксама як падрыхтоўчы этап да Форуму экалягічных арганізацыяў, які меўся адбыцца ў канцы чэрвеня. Аднак, з тэхнічных прычынаў пераносіцца на кастрычнік. Паводле Ірыны Сухій, таксама на форуме плянавалася прыняць шэраг супольных дакумэнтаў, датычных выкананьня Орхускай канвэнцыі ў Беларусі, будаўніцтва Кітайскага парка і градабудаўнічых рашэньняў. Аднак праз перанос Форуму, дакумэнты ў хуткім часе будуць распаўсюджаныя сярод СМІ і грамадзкасьці.

Спампаваць

Круглы стол праводзіўся пад эгідай ІІІ Рабочай групы Нацыянальнай плятформы Форума грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга Партнэрства ў межах праекту Эўрапейскай камісіі “Ўзмацненьне патэнцыялу Нацыянальных Плятформаў Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства”. Праект накіраваны на пабудову агульнай пляцоўкі для дыялёгу арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, прадстаўнікоў улады і эўрапейскіх інстытуцыяў дзеля распрацоўкі праграмаў вырашэньня актуальных праблемаў і ўплыву на працэс прыняцьця рашэньняў на вышэйшым узроўні. Мерапрыемства арганізаванае пры ўдзеле Асамблеі НДА.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства