ЕС працягнуў дзеянне санкцыяў на год

Сёння (25 лютага) Савет пастанавіў падоўжыць да 28 лютага 2022 года абмежавальныя меры, якія дзейнічаюць у дачыненні да высокапастаўленых службовых асобаў, адказных за жорсткія рэпрэсіі і запалохванне мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазіцыі і журналістаў, а таксама асобаў, адказных за фальсіфікацыю выбараў у Беларусі.

Сёння (25 лютага) Савет пастанавіў падоўжыць да 28 лютага 2022 года абмежавальныя меры, якія дзейнічаюць у дачыненні да высокапастаўленых службовых асобаў, адказных за жорсткія рэпрэсіі і запалохванне мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазіцыі і журналістаў, а таксама асобаў, адказных за фальсіфікацыю выбараў у Беларусі. Санкцыі ЕС таксама накіраваныя супраць эканамічных суб’ектаў, вядомых бізнесоўцаў і кампаніяў, якія атрымліваюць выгаду ад рэжыму Аляксандра Лукашэнко і/альбо падтрымліваюць яго.

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў жніўні, і хвалі дэманстрацыяў, што распачаліся пасля іх і былі жорстка падаўленыя беларускімі ўладамі, ЕС увёў санкцыі ў кастрычніку, лістападзе і снежні 2020 года, тым самым даўшы зразумець адказным палітычным і эканамічным суб’ектам, што за іх дзеянні і падтрымку ў адносінах да рэжыму даводзіцца плаціць.

Абмежавальныя меры ўяўляюць сабой забарону на паездкі ў ЕС і замарожванне актываў для фізічных асобаў (у цяперашні час яны дзейнічаюць у дачыненні да 88 чалавек, у тым ліку Аляксандра Лукашэнко) і замарожванне актываў 7 юрыдычных асобаў. Акрамя таго, фізічным і юрыдычным асобам у ЕС забаронена прадастаўляць фінансавыя сродкі пералічаным асобам, як прама, так і ўскосна.

ЕС уважліва сочыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі. Савет па замежных справах 22 лютага 2021 года падкрэсліў, што ў сувязі з захаваннем непавагі да фундаментальных свабод і правоў чалавека, а таксама рэпрэсіямі ў дачыненні да беларускага народа і грамадзянскай супольнасці з боку ўладаў Еўрапейскі саюз разгледзіць пытанне аб увядзенні далейшых санкцый. Акрамя таго, ЕС працягне падтрымліваць беларускі народ у яго законным патрабаванні дэмакратыі, у тым ліку за кошт падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.

Крыніца: European CouncilCouncil of the European Union

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства