Правы чалавека ў Беларусі — 2022: імены і лічбы

10 снежня з 1950 г. па прапанове Генеральнай асамблеі ААН ва ўсім свеце адзначаецца дзень правоў чалавека. Менавіта ў гэты дзень была прынята Усеагульная дэкларацыя. Але для Беларусі гэты дзень зусім не святочны. Публікуем агляд сферы правоў чалавека ў Беларусі па меркавані каардынацыйнага камітэта БНП.

10 снежня мы ўзгадваем шматлікія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. І тых, хто зараз за кратамі, хто пакутуе па сфальсіфікаваных справах, альбо нясе пакаранее за адстойванне правоў і свабод. 

Але і нагода для святкавання таксама ёсць – менавіта ў гэты дзень уручаецца Нобелеўская прэмія міру беларускаму лаурэату Старшыні Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму, які зараз за кратамі.

Агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Тое, што адбываецца ў сферы правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь можна назваць катастрафічным. Ад пачатку кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да сённяшняга часу ідуць масавыя рэпрэсіі з боку ўладаў у дачыненні да праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў НДА і дэмакратычных палітычных партыяў, удзельнікаў мірных сходаў, актывістаў лакальных супольнасцяў. 

Сёння ў Беларусі парушаецца:

  • права на свабоду ад катаванняў, 
  • права на свабоду ад дыскрымінацыі, 
  • права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, 
  • права на гуманныя адносіны і павагу да чалавечай годнасці ў дачыненні да асобаў ў зняволенні, 
  • права на справядлівы суд, 
  • права на недатыкальнасць свайго жытла, 
  • права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, 
  • права на свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцыяў,
  • права абіраць і быць абраным у ворганы дзяржаўнага кіравання. 

Палітзняволеныя і катаванні

На дадзены момант у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца 1447 палітычных зняволеных, супраць якіх сфальсіфікаваны крымінальныя справы. Пры гэтым відавочна, што крымінальны пераслед з’яўляецца пакараннем з боку рэжыму за іх актыўную грамадскую і грамадска-палітычную дзейнасць, а таксама спосабам запугвання праяўленняў любой грамадзянскай актыўнасці тых, хто на волі. 

Праваабарончымі арганізацыямі задакументаваныя больш чым 3200 выпадкаў катаванняў затрыманых і арыштаваных грамадскіх і палітычных актывістаў карнымі ворганамі: АМАП, ГУБАЗіК, спецназ унутраных войскаў, спецназ КДБ і інш. Лічым неабходным прыцягненне да адказнасці асобаў, каторыя праводзілі катаванні ў межах універсальнай юрысдыкцыі. 

НА фото: праваабаронца Марфа Рабкова 

Журналісты за кратамі

Сярод палітзняволеных 32 прадстаўнікі незалежных СМІ, напрыклад, журналіст Андрэй Аляксандраў асуджаны на 14 гадоў зняволення па абсурдным абвінавачванні ў “здрадзе дзяржаве”. Па такім жа абвінавачванні журналістка Белсат Кацярына Бахвалава (Андрэева) адбывае пакаранне ў 8 год і 3 месяцы зняволення. Працяглы час знаходзяцца ў зняволенні кансультант “Радыё Свабода” Ігар Лосік, журналіст Дзяніс Івашын, журналіст Анджэй Пачобут, галоўны рэдактар tut.by Марыя Золатава, галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і іншыя беларускія незалежныя журналісты.

Дзейнасць НДА і пераслед праваабаронцаў

Рэжым Лукашэнкі стварае немагчымыя ўмовы, як для правядзення мірных сходаў, так і для дзейнасці НДА: з 2020 году ліквідавана ці знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі больш за 1000 незалежных дэмакратычных НДА, прафсаюзаў, установаў, фундацыяў. 

Улады спрабуюць перашкодзіць працы праваабарончых арганізацыяў: па цалкам сфальсіфікаваных абвінавачваннях у зняволенні больш за год знаходзіцца Лаўрэат Нобелеўскай Прэміі Міру 2022 году Старшыня Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, Сябра Рады ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі маніторынгу выбараў Уладзімір Лабковіч. Каардынатарка валянцёрскай службы “Вясны” Марыя (Марфа) Рабкова за праваабарончую дзейнасць асуджаная на 15 гадоў зняволення, валянцёр Андрэй Чапюк асуджаны на 6 гадоў зняволення, кіраўнік Гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Леанід Судаленка асуджаны на 3 гады зняволення. 

image: spring96.org

Парушэнні правоў ў дачыненні да палізняволеных 

Палітычныя зняволеныя, што маюць захворванні, не атрымліваюць належнай медычнай дапамогі. Найгоршая сітуацыя ў тых, хто пакутуе на анкалагічныя захворванні – Старшыня Партыі БНФ Сяргей Кастусёў, журналістка Ксенія Луцкіна (злаякасная пухліна галаўнога мозгу). Відавочным прыкладам негуманнага стаўлення з’яўляецца сітуацыя з палітзняволенымі Сяргеем Верашчагіным, Паўлам Кучынскім, якія маюць інваліднасць (II група) па анкалагічных захворваннях (у Паўла Кучынскага 4 стадыя анкалогіі). Зараз у шпіталі ў цяжкім стане знаходзіцца Марыя Калеснікава, якая адбывае 11-вы тэрмін у калоніі Гомеля. 

Парушэнні права абіраць і быць абраным

Ніводныя выбары ў Рэспубліке Беларусь, пачынаючы з сфальсіфікаванага Рэферэндуму 1996 году, не былі прызнаныя міжнароднай дэмакратычнай супольнасьцю свабоднымі і справядлівымі, як і вынікі і прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Такім чынам рэжым Лукашэнкі не мае легітымнасці і права выступаць на міжнародным узроўні ад імя беларускага народу.

У той жа час Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, што спрабавалі рэалізаваць сваё выбарчае права і быць кандыдатамі ў прэзыдэнты, былі асуджаныя па сфальсіфікаваных крымінальных артыкулах і з 2020 году знаходзяцца ў зняволенні, як і многія актывісты іх штабоў. 

БНП заклікае

Мы заклікаем усе міжнародныя арганізацыі, урады дэмакратычных краінаў прадпрыняць усе магчымыя захады дзеля змены становішча ў Рэспубліцы Беларусь. А менавіта дзеля неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных і поўнай іх рэабілітацыі, зачынення палітычна матываваных крымінальных справаў, спынення тэрору да насельніцтва Беларусі з боку нелегітымнага рэжыма  Лукашэнкі. 

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства