Адбыліся грамадскія слуханні па заканадаўстве пра некамерцыйныя арганізацыі

9 кастрычніка прадстаўнікі грамадскіх арганізацый абмеркавалі на слуханнях ў Мінску пытанні ўдасканалення прававых умоваў для дзейнасці некамерцыйных арганізацый. У часе дыскусіі закраналіся тэмы неабходнасці кансалідацыі грамадскіх аб’яднанняў вакол пытанняў заканадаўства аб НКА, аднаўлення практыкі грамадскіх слуханняў і механізму камунікацыі НКА і ўладаў, а таксама выпрацоўкі супольных дзеянняў па вырашэнні найбольш важкіх перашкодаў у прававым поле дзейнасці НКА.

Ініцыятарамі слуханняў выступілі прадстаўнікі Асамблеі НДА і Цэнтру прававой трансфармацыі (Lawtrend). Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі больш як 20 грамадскіх арганізацый Беларусі. Мадэраваў грамадскія слуханні па пытаннях удасканалення прававых умоў для дзейнасці НКА Ігар Шары. На сустрэчу былі запрошаны таксама прадстаўнікі палаты прадстаўнікоў і Міністэрства юстыцыі, якія, аднак, палічылі свой удзел немэтазгодным.

Нагадаем, 2 кастрычніка Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ў другім чытанні папраўкі ў законы пра грамадскія аб’яднаннні і пра палітычны партыі.Прапанова 25 арганізацый грамадзянскай супольнасці правесці напярэдадні другога чытання законапраекта грамадскія слуханні засталася не пачутай  парламентам. Таксама, парламентары праігнаравалі экспертны аналіз і прапановы па законапраекце з боку грамадзянскай супольнасці, распрацаваныя Цэнтрам прававой трансфармацыі. З тэкстам прапановаў  можна азнаёміцца на сайце Цэнтра.

Слуханні як форма камунікацыі

На пачатку сустрэчы юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў і старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова распавялі ўдзельнікам слуханняў пра актуальнасць праблемы, а таксама акрэслілі асноўныя этапы спробаў паўплываць на змест дадаткаў і зменаў у заканадаўства па дзейнасці НКА напярэдадні іх разгляду і прыняцця.

Паводле Юрыя Чавусава, ідэя слуханняў нарадзілася пасля прыняцця 30 мая ў першым чытанні паправак у некаторыя законы па пытаннях дзейнасці грамадскіх аб’яднянняў і палітычных партый.

— Мы прапанавалі беларускаму парламенту правесці парламенцкія слуханні па гэтай тэме. Аднак, парламент вырашыў правесці парламенцкія слуханні па пытаннях заканадаўства ў сферы адукацыі. Тым не менш, мы лічым, што тэма рэфармавання заканадаўства аб НКА заслугоўвае таго, каб быць прадметам абмеркавання грамадскасці і каб пазіцыя прадстаўнікоў НКА была ўлічаная парламентарамі. Таму ў альтэрнатыву адсутнасці парламенцкіх слуханняў мы вырашылі правесці слуханні грамадскія.

Алена Такнкачова адзначыла, што апошнія дзесяць год Цэнтр прававой трансфармацыі і Асамблея НДА факусуюць сваю ўвагу на пытаннях датычных заканадаўства аб НКА. Некалькі год таму было праведзена даследванне механізмаў узаемадзеяння паміж зацікаўленымі суб’ектамі грамадскасці і дзяржаўнымі органамі. Адной з формаў такога ўзаемадзеяння – ёсць практыка слуханняў, якая бусіць быць адноўлена, напоўнена зместам і стаць формай сталай камунікацыяй і абменам меркаванняў паміж прадстаўнікамі ўлады і некамерцыйных арганізацый.

— Гэта не першы практычны досвед нашых арганізацый у справе прасоўвання заканадаўчых прапановаў. Больш за дзесяць год таму была спроба актыўнага ўдзелу ў падрыхтоўцы заканадаўства пра дабрачынную дзейнасць. Тады нашы прапановы былі ўнесены ў парламент, які разглядзеў іх. У выніку закон быў прыняты, але прэзідэнтам падпісаны не быў.

Алена Танкачова таксама пералічыла асноўныя этапы ў часе разгляду законапраекта і тыя дзеянні, якія рабілі прадстаўнікі Цэнтру прававой трансфармацыі і Асамблеі НДА, каб меркаванне грамадскіх арганізацый былі ўлічаныя пры прыняцці заканадаўчага акта.

— Апроч пісьмовых формаў камунікацыі з уладамі іншых магчымасцяў фактычна не было. На жаль, адказы на нашыя структураваныя прапановы і заўвагі ніколі не насілі дакладнага змястоўнага характару. З гэтага ліставання ніколі не было зразумела, што ўлады прымаюць як канструктыўныя прапановы, а што разыходзіцца ў падыходах. Гэта ёсць пэўнай перашкодай дзеля наладжвання далейшай камунікацыі.

Прадстаўніца Цэнтру прававой трансфармацым адзначыла, што ў ліпені 2013 года з ініцыятывай правядзення парламенцкіх слуханняў па законапраекце ў Палату прадстаўнікоў звярнуліся 25 некамерцыйных арганізацый. Аднак, чыноўнікі палічылі гэта немэтазгодным.

— 7 жніўня мы разам з Юрыем Чавусавым прыйшлі на прыём да Камісіі па правах чалавека парламента. Але, нягледзячы на тое, што мы паведамілі пра тэму сустрэчы,  дэпутат быў не ў курсе ініцыятывы правядзення парламенцкіх слуханняў. На нашыя прапановы дэпутат Кокаш – сябра Камісіі па правах чалавека – адказаў, што парламенцкія слуханні – немэтазгодныя і ні на што не ўплываюць на прыняццё рашэнняў.

З храналогіяй падзей можна азнаёміцца па спасылцы.
Аналіз законапраекта: Змены пад знакам пытання

Юрый Чавусаў спыніўся на прынятых зменах у закон аб дзейнасці НКА, грунтуючыся на падрыхтаваным па замове Асамблеі НДА  Цэнтрам прававой трансфармацыі аналізе законапраекта. Паводле юрыста Асамблеі НДА, нельга казаць пра тое, наколькі прыняты закон паляпшае ці пагаршае ўмовы для дзейнасці НКА на дадзены момант.

— Закон утрымлівае ў сябе шэраг тэхнічных паляпшэнняў. У той жа час найбольш сур’ёзныя і прынцыповыя праблемы, якія тычацца прававых абмежаванняў дзейнасці НКА, не вырашаныя. Большасць зменаў я бы вызначыў пад знакам пытання.

У новым законе зменена сама дэфініцыя “грамадскага аб’яднання” – зменена мэта стварэння аб’яднання. Калі раней было прапісана, “для сумеснай рэалізацыі грамадзянскій, сацыяльных, культурных і іных мэт”, то зараз закон кажа пра мэту “для забеспячэння нематэрыяльных патрэбаў і дасягнення статутных мэт”. Паводле Чавусава, змяняецца сам модус успрымання грамадскага аб’яднання.

— Зараз мы бачым сыход ад тэзісу, што ўсе грамадскія аб’яднанні абараняюць правы. Сёння гэта гучыць так: усе заснавальнікі мусяць мець агульныя патрэбы. З практыкі адмоваў у рэгістрацыі мы сустракаліся з выпадкамі, калі Міністэрства юстыцыі казала, што ў заснавальнікаў няма агульных інтарэсаў і грамадскае аб’яднанне не можа быць створанае. Яскравы прыклад спроба тройчы зарэгістраваць Асамблею НДА як парасонавую арганізацыю з рознымі сферамі дзейнасці. У дадзеным выпадку гэтая норма патэнцыйна можна стаць вялікай перашкодай для рэгістрацыі новых аб’яднанняў. Падазраю, што шмат якія грамадскія аб’яднанні цяпер у выніку прыняцц новага закона будуць вымушаныя ўносіць змены ў Статуты – хоць пра татальную і ўсеабдымную перарэгістрацыю гаворка не іде.

У законе нарэшце ўрэгуляваная працэдура і крытэры стварэння аддзяленняў міжнароднага  грамадскага аб’яднання. Аднак пры гэтым  вызначаецца немагчымасць выкарыстоўваць у назве такіх аддзяленняў словазлучэння “беларускае аддзяленне”, бо выкарыстанне назвы “беларускае” магчыма толькі для рэспублікансіх арганізацый.

Адна з тэхнічных зменаў тычыцца дакументаў, што неабходныя для рэгістрацыі аб’яднання. Зараз не трэба будзе падаваць графічную выяву арганізацыйных структур. Паводле эксперта, адмовіліся ад дакумента, які асабліва і не быў істотным у працэсе рэгістрацыі.

Нязначныя змены закранулі і падставы для вынясення рашэнняў пры адмове ў рэгістрацыі: традыцыйна для беларускай сістэмы заканадаўцы спрашчаюць тэхгнічныя ўмовы для рэгістрацыных органаў для вынясення такіх рашэнняў. Непакоіць пашырэнне падставаў для ліквідацыі грамадскх аб’яднанняў – уведзеная новая падстава для ліквідацыі праз непрадстаўленне грамадскімі аб’яднаннямі цягам трох год справаздачаў пра сваю дзейнасць. Эксперт адзначыў, што цяпер пытанне справаздачнасці атрымае большае значэнне для грамадскіх аб’яднанняў.

Адназначна пазітыўнай нормай Юрый Чавусаў назваў змяненне тэрытаврыяльна- колькасных крытэраў для стварэння аб’яднанняў. Цяпер для мясцовых аб’яднанняў не трэба будзе мець прадстаўніцва заснавальнікаў ад большасці адміністратыўна- тэрытарыяльныз адзінак на тэрыторыі мяркуемай дзейнасці. Для рэспубліканскіх аб’яднанняў застаецца абавязковым прадстаўніцтва большасці абласцей Беларусі, але не па 10 заснавальнікаў, як было раней – дастаткова будзе аднаго заснавальніка ад большасці абласцей пры захаванні агульнай колькасці заснавальнікаў у 50 чалавек.

Таксама пазітыўным момантам Юрый Чавусаў лічыць прыняццё нормы па стварэнні адзінай сістэмы ўліку грамадскіх аб’яднанняў. Аднак, выклікае пытанне чаму на стварэнне рэгістру чыноўніка адведзена тры гады – гэтую спрраву можна было б зрабіць значна хутчэй. Эусперт адзначыш неабходнасці публічнага характару такой сыстэмы ўліку

З тэкстам аналізу заўвагаў і прапановаў можна азнаёміцца па спасылцы.

Выклікі і формы супрацы

Удзельнікі сустрэчы выказалі свае меркаванні адносна прынятых зменаў і адзначылі важнасць далейшай працы па змене існуючага заканадаўства некамерцыйных арганізацый і формы супрацы ў гэтым накірунку.

Так, сур’ёзным абмежаванням па-ранейшаму застаецца крымінальнай адказнасць за арганізацыю і ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных аб’яднанняў (артыкул 193.1), пытанні замежнай і айчыннай  бязвыплатнай дапамогі.

Таксама вельмі важнай умовай для паляпшэння сітуацыі з свабодай асацыяцый у Беларусі і выканання ўладамі міжнародных абавязацельстваў у гэтай сферы ёсць заканадаўчае замацаванне механізмаў і формаў камунікацый прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дзяржаўных органаў улады.

У бліжэйшы час арганізатары слухання накіруюць вынікі абмеркавання ў парламент. Таксама плануецца распрацўка ўсеабдымнай мапы рэфармавання заканадаўства з улікам інтарэсаў грамадскіх аб’яднанняў.

Спампаваць

Мерапрыемства праводзілася пад эгідай I Рабочай групы Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства ў межах праекта Еўрапейскай камісіі “Узмацненне патэнцыялу Нацыянальных Платформаў Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства” пры падтрымцы Асамблеі НДА. Праект накіраваны на пабудову агульнай пляцоўкі для дыялогу арганізацый грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікоў улады і еўрапейскіх інстытутаў дзеля распрацоўкі праграм вырашэння актуальных праблем і ўплыву на працэс прыняцця рашэнняў на вышэйшым узроўні.

Фота ampby.org

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства