“Наша пакаленьне” абмеркавала пэрспэктывы страхавых пэнсіяў у Беларусі

19 лістапада ў прадстаўніцтве Эўракамісіі ў Менску прайшоў круглы стол па тэме “Страхавы від пэнсійнага забесьпячэньня — стан й пэрспэктыва разьвіцьця ў Беларусі”.

Ініцыятарам сустрэчы выступіла ініцыятыва па стварэньні аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў “Наша пакаленьне” на чале з Тацьцянай Зялко. Напачатку мерапрыемства Тацьцяна Зялко адзначыла, што падобны круглы стол адбываецца ўпершыню і магчымы дыялёг аб мадэрнізацыі існуючай пэнсійнай сыстэмы толькі наладжваецца. Для гэтага пачынаецца вывучэньне сыстэмаў краін захаду і сустрэчы з экспэртамі ў галіне пэнсійнага забесьпячэньня.

01

Экспэртам на круглым стале выступіў прадпрымальнік Сяргеў Сабалеўскі, які вывучае азначаную тэму ўжо больш за дзесяць год. У асноўным дакладзе Сабалеўскі давёў, што існуючая сыстэма пэнсійнага забесьпячэньня ў нашай краіне — салідарная, добра распрацаваная яшчэ ў савецкія часы і дасталася нам па спадчыне.

На жаль, наступствамі такой сыстэмы стала інфантыльнасьць грамадзтва, якое чакае ад дзяржавы пэнсіі і пры гэтым, атрымаўшы яе, страчвае ня толькі свой сацыяльны статус, але й магчымасьць падтрымліваць сваё жыцьцё на былым ўзроўні.

Будучыня кожнага залежыць толькі ад дзяржавы, а дзяржава схільная да высокага ўзроўню інфляцыі і магчымай дэвальвацыі. Таму альтэрнатывай такому стану выступае страхаваньне жыцьця.

Страхаваньне жыцьця ў адрозьненьні ад іншых відаў страхаваньня ня мае фізычнай асновы, а базуецца на рызыках страчваньня даходу. Грошы, укладзеныя ў страхавую кампанію, належаць толькі ўкладчыку. У краінах Эўразьвязу значны адсотак людзей карыстаецца ў першую чаргу не банкаўскімі ўкладамі, а страхаваньнем жыцьця і, такім чынам, укладвае грошы ў сваю будучыню.

За круглым сталом былі адзначаныя й праблемы магчымага пераходу да новай сыстэмы. Асноўныя зь іх: нізкі ўзровень інфармаванасьці насельніцтва ды кансэрватызм, вельмі малая колькасьць страхавых кампаніяў у нашай краіне (“Стравіта”, “Страхавы пэнсійны фонд”), немэтазгоднасьць укладваньня ў нацыянальнай валюце. Але, пры ўсім пры гэтым, законы ў Беларусі ніяк не замінаюць карыстацца магчымасьцямі страхавых кампаніяў.

Сярод удзельнікаў круглага стала былі прадстаўнікі прафсаюзу, Саюзу прадпрымальнікаў, Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў і пэнсіянэры, якія актыўна падтрымлівалі дыскусію.

У працяг тэмы сыстэмы пэнсійнага забесьпячэньня ў бліжэйшы час заплянаваная яшчэ адна сустрэча з экспэртам.

Экспэртная сустрэча адбылася ў межах праекту Эўрапейскай камісіі “Узмацненьне патэнцыялу Нацыянальных Плятформаў Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства”. Праект накіраваны на пабудову агульнай пляцоўкі для дыялёгу арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, прадстаўнікоў улады і эўрапейскіх інстытуцыяў дзеля распрацоўкі праграмаў вырашэньня актуальных праблемаў і ўплыву на працэс прыняцьця рашэньняў на вышэйшым узроўні. Мерапрыемства арганізавана пры ўдзеле Асамблеі НДА.

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства