Круглы стол у Менску: Як налічаюць пэнсіі ў Беларусі?

Ці ведаеце Вы як налічаюць пэнсію ў Беларусі? Як гэтая сыстэма працуе ў нашых суседзяў? Ці магчыма ў Беларусі ўвесьці накапляльную сыстэму і пэнсійныя фонды? Якім чынам дамагчыся пэнсійнай рэформы, якая будзе працаваць без чарговых абяцаньняў “падвышэньня пэнсіі”? Гэтыя пытаньні абмяркоўвалі ў Менску ўдзельнікі Круглага стала “Спосабы налічэньня пэнсіі”.

Ініцыятарам сустрэчы выступіла ініцыятыва па стварэньні аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў “Нашае пакаленьне” на чале з Тацьцянай Зялко, якая паведаміла, што пытаньне пэнсійнай рэформы актыўна абмяркоўваецца і прапрацоўваецца таксама ў межах Эўрапейскага дыялёгу аб мадэрнізацыі.

На пачатку дыскусіі Аляксандр Зялко (“Нашае пакаленьне”) прэзэнтаваў прыклады разьліку пэнсіяў у краінах Эўрапейскага зьвязу. Так, асноўнымі прынцыпамі разьліку ў краінах ЭЗ можна назваць:
— інфармаваньне (пры салідарнай пэнсійннай сыстэме кожны атрымлівае дадзеныя пра стаж, заробак, адлічаныя падаткі і можа пралічыць памер сваёй пэнсіі)
— максімальнае спрашчэньне разьліку
— права выбару
— залежнасьць ад інфляцыі.

Паводле Аляксандра Зялко, зараз у беларусаў няма даверу да Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва – падаткі плоцяцца, але куды ідуць гэтыя грошы?

— Праведзенае ў межах кампаніі “Мы разам” апытаньне сярод моладзі паказала, што каля 85% ня ведаюць, як будзе вылічвацца іх пэнсія, ад чаго залежыць ейны памер. У Беларусі ўся сыстэма разьліку пэнсійных выплатаў складаная і непразрыстая. Цалкам адсутнічае інфармаваньне грамадзянаў аб тым, якую пэнсію працуючы чалавек можа атрымаць у выніку. Няма стымулу працаваць і зарабляць больш, бо невядома, ці паўплывае гэта на выніковую пэнсію.

Удзельнікі дыскусіі актыўна абмяркоўвалі магчымасьці для стварэньня пэнсійных фондаў. Аднак, перадусім, неабходныя рэформы ня толькі ў сацыяльнай сфэры, але і палітычна-эканамічнай.

Сустрэча па пытаньнях пэнсійнага забесьпячэньня сталася працягам тэматычных круглых сталоў. Удзельнікі мерапрыемства вызначылі неабходнасьць больш дэталёвай працы з экспэртамі па аналізе існуючых сусьветных практыкаў у сфэры разьліку пэнсіяў, а таксама выпрацоўкі рэлевантых у беларускіх умовах прапановаў для уладаў.

Разам з тым, неабходна весьці шырокую асьветніцкую кампанію па інфармаваньні насельнітцва з мэтай тлумачэньня існуючай сыстэмы налічэньня пэнсіі і прапановаў па рэфармаваньні. “Нашая аўдыторыя – ня толькі пэнсіянэры, але перадусім працуючыя людзі, прадпрымальнікі, моладзь. Бо рэформы ня робяцца за адзін дзень. Сёньняшнія пэнсіянэры не адчуюць на сабе зьмены, а вось што будзе заўтра – трэба пра гэта думаць ужо зараз”, — адзначыла Тацьцяна Зялко.

— Адзін з рэсурсаў лабіяваньня рэформы пэнсійнай сыстэмы мы бачым у шчыльнай супрацы з бізнэс-асацыяцыямі, бо сыстэма налічэньня пэнсіі ў нас таксама ідзе праз Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Зараз мы распрацоўваем Нацыянальную плятформу бізнэсу Беларусі на 2014 год. І гэтыя пытаньні мы гатовыя ўключыць асобным блёкам. Аднак, патрэбныя канкрэтныя прапановы па зьмене ў заканадаўстве. Таксама важна весьці працу з грамадзтвам, экспэртамі, выкарыстоўваць тыя напрацоўкі, якія ўжо маюцца – прыкладам дыплёмныя працы выпускнікоў эканамічных вну, — распавяла Марына Лебедзева, віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, старшыня Камітэта па інавацыйным разьвіцьці.

Экспэртная сустрэча адбылася ў межах праекту Эўрапейскай камісіі “Узмацненьне патэнцыялу Нацыянальных Плятформаў Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства”. Праект накіраваны на пабудову агульнай пляцоўкі для дыялёгу арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, прадстаўнікоў улады і эўрапейскіх інстытуцыяў дзеля распрацоўкі праграмаў вырашэньня актуальных праблемаў і ўплыву на працэс прыняцьця рашэньняў на вышэйшым узроўні. Мерапрыемства арганізавана пры ўдзеле Асамблеі НДА.

Станіслаў Любавін, belngo.info

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства