Аб канфліктнай сітуацыі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце

Еўрапейскай Камісіі
Дэлегацыі ЕС у Мінску
Міністэрствам замежных спраў краін ЕС і Нарвегіі
Паўночнаму Савету
Донарскім арганізацыям, якія фінансуюць ЕГУ
Дэмакратычнай платформе «За новы ЕГУ»
Сенату ЕГУ
Рэктару ЕГУ

17.02.2014

Зварот Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

«Аб канфліктнай сітуацыі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце» 

Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выказвае сур’ёзную занепакоенасць у сувязі з развіццём крызісу ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. У вачах беларускага грамадства і міжнародных партнёраў ЕГУ з’яўляецца не толькі незалежным інстытутам вышэйшай адукацыі, але таксама значным
феноменам інтэлектуальнага, культурнага і грамадскага жыцця Беларусі. З-за адсутнасці ў Беларусі належных умоў для развіцця вольнай адукацыі ЕГУ быў вымушаны ўсталявацца ў Літве і стаць «універсітэтам у выгнанні».

Незалежная частка беларускага грамадства хацела б разглядаць ЕГУ як месца культывавання свабодных і дэмакратычных формаў камунікацыі, крытычнага мыслення, падрыхтоўкі будучых дэмакратычных эліт, захавання і развіцця навукова-даследчага і акадэмічнага патэнцыялу. Існаванне незалежнага беларускага універсітэта — гэта неабходны элемент для
будучага аднаўлення дэмакратыі. Неабходна адзначыць, нягледзячы на такія чаканні, Еўрапейскі гуманітарны універсітэт цягам усяго часу свайго існавання наўрад ці мог у поўнай меры адпавядаць гэтым патрабаванням.

Нарастанне крызісных з’яў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце яшчэ больш аддаляе яго ад рэалізацыі гэтай місіі. Цягам апошніх гадоў ЕГУ ўсё больш і больш губляе сувязь з беларускім грамадствам, становіцца непразрыстым, ператвараецца ў выключна камерцыйнае адукацыйнае прадпрыемства, абмяжоўвае прастору акадэмічнага самакіравання, губляе навуковы і даследчы складнік універсітэта. Такая сітуацыя ў ЕГУ відавочна для знешніх  незалежных назіральнікаў і пацвярджаецца экспертнымі ацэнкамі Еўрапейскай Асацыяцыі Універсітэтаў.

Адыход ЕГУ ад універсітэцкіх прынцыпаў і ўласнай місіі не ў першы раз прыводзіць да абвастрэння супярэчнасцяў паміж акадэмічнай супольнасцю і адміністрацыяй універсітэта.  Зараз гэтыя супярэчнасці дасягнулі крытычнай мяжы. Акадэмічная супольнасць, прадстаўленая платформай «За новы ЕГУ» і Сенатам ЕГУ (галоўным органам акадэмічнага
самакіравання), выступае з крытыкай сітуацыі, якая склалася ва ўніверсітэце, і прапануе праграму рэформаў. У прыватнасці, акадэмічная супольнасць адзначае недэмакратычны стыль кіравання, неэфектыўнасць фінансавай палітыкі, непразрыстасць і дыскрымінацыйны характар кадравай палітыкі, пагаршэнне іміджу ўніверсітэта ў Беларусі. У сваю чаргу адміністрацыя праводзіць сваю ўласную праграму рэформаў, не ўступаючы ў дыялог з выкладчыкамі і акадэмічнай супольнасцю ўніверсітэта. На цяперашні час супрацьстаянне адміністрацыі і акадэмічнай супольнасці выйшла за рамкі ўнутрыкарпаратыўных працэдур: адміністрацыя звяртаецца да разнастайных формаў ціску на выкладчыкаў (нават да
звальнення прыхільнікаў платформы «За новы ЕГУ»), а апошнія вымушаны звяртацца ў суд і сродкі масавай інфармацыі. Усё гэта негатыўна адбіваецца на агульным іміджы ЕГУ і паглыбляе ўнутраны крызіс.

У такіх абставінах, разглядаючы ЕГУ як своеасаблівы элемент грамадзянскай супольнасці Беларусі, Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства звяртаецца да ўсіх бакоў, якія бяруць удзел у вызначэнні лёсу ЕГУ.

Мы заклікаем:

1. Адміністрацыю ЕГУ, платформу «За новы ЕГУ», Сенат ЕГУ і акадэмічную супольнасць студэнтаў і выкладчыкаў:
— Устрымацца ад любых дзеянняў, якія вядуць да эскалацыі ўнутранага канфлікту, у прыватнасці, спыніць звальненні і ціск на выкладчыкаў;
— Накіраваць усе намаганні на аднаўленне ўнутранага дыялогу ў ЕГУ і ўнутраных дэмакратычных працэдур ва ўніверсітэце;
— Зрабіць захады па вяртанні ЕГУ здольнасці рэалізоўваць яго місію: рабіць унёсак у будучыню Беларусі і яе інтэграцыю ў еўрапейскую і сусветную супольнасць.

2. Донараў і іншыя зацікаўленыя бакі, якія бяруць удзел у фінансаванні дзейнасці ЕГУ (у прыватнасці, Еўрапейскую камісію, Урады і МЗС краін-сябраў ЕС, Урад Нарвегіі, USAID, Інстытут «Адкрытае грамадства» і інш):
— Падзяліць адказнасць за будучыню фінансуемага імі праекта і актыўна ўключыцца ў працэс пошуку выхаду з канфліктнай сітуацыі ў якасці пасярэднікаў, а таксама выразна заклікаць да замірэння і спынення ціску на выкладчыкаў;
— Арганізаваць шырокія кансультацыі з удзелам усіх зацікаўленых бакоў унутры і па-за
межамі Беларусі па пытаннях далейшага лёсу і развіцця ЕГУ.

3. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі:
— Звярнуць увагу на крызісную сітуацыю ў ЕГУ і аказаць максімальнае садзейнічанне яе вырашэнню.

Пакіданне гэтай сітуацыі без увагі і непрыняцце хуткіх мер па вырашэнні крызісу ў ЕГУ, з нашага пункту гледжання, прывядзе да драматычных наступстваў для ўніверсітэта, і акажа негатыўны ўплыў на будучы стан навукі, адукацыі, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага кіравання ў Беларусі.

Подпісы:

Улад Вялічка, Старшыня Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь»

Андрэй Ягораў, Нацыянальны каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, сябра Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі

Яраслаў Бекіш, сябра Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, «Зялёная сетка»

Пётр Кузняцоў, сябра Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, Гомельскі Дэмакратычны Форум

Сяргей Мацкевіч, сябра Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, Асамблея НДА Беларусі

Аксана Шэлест, сябра Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, Агенцтва гуманітарных тэхналогій

Аляксандр Ваўчанін, сябра Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, Саюз Чарнобыль — Беларусь

Спампаваць

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства