Арцём Шрайбман: У Рызе Беларусь панесла іміджавыя страты

Палітычны аглядальнік партала tut.by прысутнічаў на саміце Усходняга партнёрства, а перад тым узяў інтэрв’ю ў Дональда Туска ў Брусэлі.

Пра які галоўны вынік Рыжскага саміту можна гаварыць?

Арцём Шрайбман: Гэта поўнае ўсведамленне ўсімі ўдзельнікамі працэсу, у тым ліку Расіяй, крызісу Усходняга партнёрства. Сам саміт прайшоў у атмасферы расчаравання як з боку ўдзельнікаў, гэтак і арганізатараў. Нездарма старшыня Еўрасаюза Дональд Туск пачаў свой выступ напярэдадні афіцыйных мерапрыемстваў словамі: «Ад гэтага саміту не трэба многага чакаць». Відавочна, што настрой не самы пазітыўны гэта задало.

Тут ёсць некалькі фактараў. Так званыя «выдатнікі» Усходняга партнёрства — Грузія, Украіна, Малдова — незадаволеныя тымі тэмпамі, якімі ідзе збліжэнне з Еўропай. Нават пагадненне аб адмене візавага рэжыму будзе прынятае не раней за канец 2016 года. У Еўрасаюзе паказалі, што ніякага патурання яны дапускаць не будуць, усе тэхнічныя патрабаванні давядзецца выконваць. Перспектыва сяброўства гэтых краін у ЕС пакуль не разглядаецца.

А для Беларусі, Арменіі, Азербайджана стала відавочнай адсутнасць сур’ёзнага парадку дня Усходняга партнёрства. Усе дасягненні ў беларуска-еўрапейскіх адносінах звязаныя з двухбаковымі адносінамі, а не ў рамках УП.

Міністр замежных справаў Уладзімір Макей выглядаў не надта расчараваным.

Арцём Шрайбман: Ды не, беларускі бок быў расчараваны тым, што не ўдалося парафіраваць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму. Па маіх звестках, яшчэ за месяц да саміту быў сур’ёзны настрой парафіраваць гэтае пагадненне. І літаральна за 2—3 тыдні з’явіліся тэхнічныя рознагалоссі, ініцыяваныя еўрапейскім бокам. Уладзімір Макей гэта рэзкавата назваў «тэхнічнымі зачэпкамі».

Я не бачу нічога пазітыўнага, што гэты саміт прынёс Беларусі: мы нічога не заключылі з ЕС, мы не атрымалі палёгкі ў візавым рэжыме. Але самае галоўнае — іміджавыя страты. Беларусь прайшла ва ўсім свеце як краіна, што заблакавала выніковы дакумент з асуджэннем анексіі Крыма.

Рэзалюцыя ў выніку ўсё ж была падпісаная, у тым ліку і Беларуссю.

Арцём Шрайбман: Так, але туды была дададзеная фраза, што толькі краіны ЕС гавораць аб асуджэнні анексіі Крыма, а краіны Усходняга партнёрства захоўваюць за сабой такое меркаванне, якое было выказанае цягам галасавання на асамблеі ААН. Гэта выстаўляе Беларусь не ў самым лепшым святле.

Мінск таксама быў расчараваны сітуацыяй з выніковай дэкларацыяй, бо беларуская дыпламатыя адчувае сябе некамфортна, калі гаворка заходзіць пра Крым. А гэтае пытанне вельмі жорстка дзеліць увесь свет. Пасля леташняй генасамблеі ААН матывацыя нашага МЗС была абсалютна панылай і бездапаможнай. Маўляў, не ў ААН трэба вырашаць гэтае пытанне. Тады абсалютнай бязглудзіцы нагаварылі. Праз год Мінск рэзка паставілі перад выбарам выказацца ў гэтым пытанні – згаджаешся ці не. А вызначацца Мінск не хоча.

Для чаго тады Беларусь застаецца ў праграме УП, калі ніякіх бонусаў не атрымлівае?

Арцём Шрайбман: У самыя пікавыя моманты напружання ў адносінах з Расіяй беларускае кіраўніцтва рабіла такія цікавыя манеўры ў бок Захаду. Глядзіце, маўляў, расіяне, у нас і другое крыло ёсць у геапалітыцы. Гэта, канечне, блеф. Але раней спрацоўвала. Не ўпэўнены, ці спрацуе цяпер, бо настроі ў Крамлі больш ваяўнічыя. Усходняе партнёрства дазваляе паказаць, што мы не зацыкліліся толькі на інтэграцыі з Расіі, што мы не поўны сатэліт, што ў нас ёсць самастойная палітыка.

Другі момант. Калі мы шырэй паглядзім на УП, то ўсе еўрапейскія чыноўнікі гаворыць пра індывідуалізацыю адносін з краінамі-ўдзельніцамі Усходняга партнёрства. Гэта фактычна, тое пра што завуалявана гаварыў Мінск з моманту стварэння УП. Калі нехта не хоча гаварыць аб правах чалавека, то давайце будзем гаварыць аб гандлі, інвестыцыях, мадэрнізацыі. Гэта рэчы, пра якія Мінску гаварыць камфортна. Цяпер УП будзе якраз рухацца ў гэтым кірунку.

Дональд Туск і іншыя еўрапейскія чыноўнікі гаварылі, для мяне было вельмі паказальным, пра State-building (дзяржаўнае будаўніцтва). Цяпер мэта УП — стварэнне не кола дэмакратычных устойлівых краін вакол сябе, а проста ўстойлівых. На першы план выходзіць тое, каб «буферная зона» паміж ЕС і Расіяй не стварала праблем ЕС, не была зонай канфліктаў. Калі казаць у такой парадыгме, то Беларусь выбіваецца ў «выдатнікі». Мы — адзіная краіна УП, якая цалкам кантралюе свае межы, у нас няма войнаў і этнічных сутычак.

У звязку з украінскім канфліктам мы можам прадаваць сваю замшэлую стабільнасць на экспарт.

Напярэдадні саміту Вы сустракаліся ў Брусэлі з Дональдам Тускам. Ці ёсць спадзяванне, што ЕС будзе прымяняць новую палітыку ў дачыненні да Беларусі?

Арцём Шрайбман: Тут на першы план выходзіць наша роля ў расійска-ўкраінскім канфлікце, наша міратворчая місія. Цяпер гэта будзе нашай «азербайджанскай нафтай», якую мы можам прапаноўваць ЕС. Можа пашырыцца аб’ём тэхнічнай дапамогі, непалітычнага супрацоўніцтва, можа быць, нават крэдытнага. Мы хутчэй за ўсё адчуем прагрэс у візавых пытаннях. Але для больш істотнага прагрэсу ў адносінах, зняцця санкцый Мінск не дачакаецца да вызвалення палітвязняў. Калі Беларусь задавальняе такі фармат адносін, калі ў палітыцы ўсё замарожана, а іншыя сферы развіваюцца, то калі ласка. Калі не, то Мінск павінен першым рабіць крокі насустрач.

Гутарыў Зміцер Панкавец, «Наша ніва»

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства