Беларусь як найбольш паспяховая краіна Усходняга партнёрства — эксперт Джэймстаўнскага фонду

Палітолаг з амэрыканскага Джэймстаўнскага фонду Улад Сокар у артыкуле «Вярнуць Беларусь з холаду» (Bringing Belarus Back in From the Cold) заклікае Еўрасаюз перагледзець адносіны з Беларуссю ў праграме Усходняга партнёрства.

Паводле яго, Эўразьвяз і ЗША ўжо пачалі такі перагляд напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства ў Рызе. Пры гэтым, піша Сокар, балтыйскія краіны яшчэ раней зразумелі, што «дзесяцігодзьдзе ізаляцыі і санкцыяў супраць Беларусі a) не прывяло да „спрыяньня дэмакратычным зьменам“ у Беларусі; b) недаацаніла сацыяльна-палітычны падмурак улады прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і кансалідацыю новай эліты, адданай дзяржаўнаму сувэрэнітэту; c) „ізалявала“ не Беларусь, але Захад і Беларусь адно ад аднаго на ўзроўні дзяржавы, эліты і грамадзтва; d) падарвала здольнасьць Беларусі захоўваць сувэрэнітэт у адносінах з Расеяй, практычна цалкам ігнаруючы намаганьні Менску ў гэтым кірунку; e) заплюшчыла вочы на ключавую пазыцыю Беларусі ў Цэнтральнай Эўропе, дзе яна можа альбо застацца дэ факта нэўтральным буфэрам, які прыкрывае НАТО і Ўкраіну, ці ператварыцца ў наступальны пляцдарм новай Расеі Ўладзіміра Пуціна».

Палітоляг адзначае, што Вашынгтон і Брусэль цяпер маюць у чорных сьпісах больш чыноўнікаў і бізнэсоўцаў зь Беларусі, чым з Расеі, якая распачала вайну супраць Украіны.

Улад Сокар лічыць, што «Беларусь разам з Азербайджанам насамрэч найбольш пасьпяховыя з шасьці краінаў Усходняга партнэрства, калі ўлічыць поўны набор крытэраў дзяржаўнага будаўніцтва і сацыяльна-эканамічных крытэраў».

Ён таксама піша, што нягледзячы на эканамічную залежнасьць ад Расеі афіцыйны Менск дыстанцыяваўся ад палітыкі Масквы ў канфліктах ва Ўсходняй Эўропе і што Лукашэнка неаднаразова выступаў за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

У студзені 2013 году Ўлад Сокар разам з Гленам Говардам, прэзыдэнтам Джэймстаўнскага фонду, сустракаўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам. У сустрэчы ўдзельнічалі яшчэ два іншыя амэрыканскія дасьледнікі Ўсходняй і Сярэдняй Эўропы, Януш Бугайскі і Грыгоры Ёфэ.

Факт гэтай сустрэчы быў раскрытыкаваны Дэйвідам Марплзам, дасьледнікам Беларусі з Канады, які супрацоўнічае з Джэймстаўнскім фондам. У гэтай дыскусіі Сокар заявіў, што «безагаворачная падтрымка для беларускай апазыцыі, якая прайграла па ўсіх пунктах, зьяўляецца цалкам контрапрадукцыйнай».

Радыё Свабода

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства